Прыабрэ́ць ’набыць’ (віл., Сл. ПЗБ). Пры адсутнасці бяспрэфікснай формы хутчэй за ўсё запазычана з рус. приобрести ’тс’, параўн. іркуц. приобрекчи́ ’тс’; аднак наяўнасць старой карпата-палескай ізалексы, укр. приобрі́ти ’прыдбаць’ — прыобры́ты ’тс’ (Клімчук, Бел.-укр. ізал., 35) сведчыць пра зыходную ц.-слав. форму обрѣсти ’знайсці’, роднасную сустрэць, стрэчанне (гл.).
Прыаса́міцца ’прыняць самавіты выгляд; адчуць уласную сілу; выпрастацца; фарсіста прыбрацца’ (Нас.). Да зафіксаванага там жа аса́міцца (гл.), аса́місты — народнаэтымалагічнага пераасэнсавання (пад уплывам сам) слова аса́ністы. Параўн. аналагічнае рус. дыял. приоса́миться ’падбадзёрыцца, прыняць паважны выгляд’.
Прыасётак ’прыбудоўка пры восеці, ёўні; заканурак у гумне, паміж ёўняй і сцяной, у які сыплюць колас, мякіну’ (Некр., Янк.). Да асе́ць, во́сець (гл.). Параўн. засётак (гл.).
Прыато́снік ’жалезная пласцінка на аглоблі, за якую чапляюць атосы’ (смарг., Шатал.), прыто́сак ’канец атосы ў выглядзе кальца’ (міёр., ЖНС), пры́тасьнік ’драўляны або жалезны падцяжак, які надзяецца на вось і за які прымацоўваецца атоса’ (в.-дзв., Шатал.). Да ато́са (гл.). Зафіксаваныя ў рускіх гаворках Літвы і Латвіі арэальна блізкія при́тоска, при́тосник ’металічная дэталь, якая злучае атосу з канцом пярэдняй восі драбін’ — з суседніх беларускіх гаворак.
Прыбабо́ны ’забабоны, прымхі’ (Касп.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *бабо́ны з той самай семантыкай, адкуль і значна больш распаўсюджанае забабо́ны (гл.); параўн. укр. бабо́ни (падрабязна гл. ЕСУМ, 1, 106), каш. babonë, якія да прасл. *bobonъ (SP, 1, 288). Сюды ж прыбабунькі ’показкі’ ў Р. Барадуліна, вытворнае прыбабу́нькаваць ’прыгаворваць, рабіць невыразныя заўвагі’ (міёр., Жыв. НС), рус. дыял. прибабу́ни ’пустаслоўе, плёткі’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 214; SEK, 1, 81.
Прыбагну́цца ’ўздумацца’: пе́вень, як колі́ ему́ прыбагне́цца, покрычы́ць, кукарэ́куе (ПСл). Належыць да агульнага ўсходнепалескага лексічнага фонду, параўн. укр. приба́гти́, прибагну́ты, прибага́ти ’мець, займець моцнае жаданне’ — прэфіксальнае ўтварэнне ад багти́ < прасл. *bažěti, *bažati < *bagēti (падрабязна гл. ЭССЯ, 1, 172–173; ЕСУМ, 1, 111). Гл. бажаць.
Прыбало́туха, пры́боло́туха, пры́балатка ’грыб каўпак кольчаты’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ, ГЧ; ТС), пры́балотуха, пры́болотка, пры́болоцянка ’сыраежка з вострай шапачкай’ (Псл.), прыбало́тка ’ядомы грыб, які расце каля балота’ (Жд.). Да бало́та (гл.), паводле характэрнага біятопа — імшыстыя хваёвыя лясы пры балотах. Параўн. укр. палес. прибо́лотуха, при́болотка ’грыб Tricholoma Russula’ (Лысенка, СПГ), прэ́булутуха ’сыраежка шэрая’ (Бел.-укр. ізал., 62).
Прыбамба́хі мн. л. экспр. ’прычындалы, прыстасаванні’: гармонік з прыбамбахамі (ЛіМ, 1998, 31 ліпеня), прыбамба́сы ’дадатковыя элементы, дэталі’ (Наша Ніва, 1997, 24 сакав.). Відаць, на базе гукаперайманняў бам!, бах!, гл. бахаць.
Прыбарышы́цца ’прысуседзіцца’ (ТС). Да незафіксаванага *бары́шы́цца, якое ад бары́ш (гл.). Да семантычнага развіцця параўн. крым.-тат. baryš ’мір, прымірэнне’.
Прыбасе́ць ’абнасіцца абуткам, зрабіцца босым’ (Бяльк.). Да незафіксаванага *басе́ць з той самай семантыкай, якое ад бо́сы (гл.). Параўн. рус. пск., цвяр. босе́ть ’тс’ (СРНГ).