Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Про́слі ’пасля’ (ТС), про́сля ’пасля’ (Чуд., Сл. ПЗБ). З пасля, после. Аб устаўным ‑р‑ паміж галоснымі і зычнымі ва ўсходне-палескіх гаворках гл. Лысенка, СПГ, 12; прыклады з паўднёвазаходніх гаворак гл. Карскі, 1, 315.

Про́слых ’чуткі’ (Гарэц.), про́слух ’тс’ (Нас.). Укр. про́слух ’тс’. Да праслухаць (гл. слухаць, слых).

Про́снік, проснь ’мера напрадзеных нітак’ (Інстр. 3), ’вялікае верацяно, на якое перамотваюць ніткі з малых верацён’ (Нас.). Дэрываты ад про́сты (гл. прасцень). Першаснае слова ўтворана з суф. ‑нік, проснь з’яўляецца скарачэннем слова прасцень, відаць, у выніку рэдукцыі паслянаціскнога галоснага е пры пераносе націску на першы склад.

Про́спа ’абуджэнне ад сну’ (Нас.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад праспаць.

Прост1 ’рад роўна пакладзенага на іржышчы зжатага, не звязанага ў снапы збожжа’, ’поле з такім разасланым збожжам’ (ТСБМ, Выг.), пакладка на прост (нараўл., ДАБМ, камент., 872). Польск. na prost ’накладка на прост’. Да про́сты.

Прост2, про́стік, про́шчыня ’тэхніка ткання, калі кожная нітка ўтка пераплятаецца з кожнай ніткай асновы пад прамым вуглом’ (Уладз.). Рус. пск. про́стка ’простае палатно ў дзве ніці’. Да про́сты ’прамы’ (гл.).

Про́ставар ’вакса’ (Касп.). Утварэнне ад кораня прост‑ (гл. просты) і вар, якое, мусіць, як і ў рус. вар, мае тут значэнне ’шавецкая смала’. Просты, магчыма, меў значэнне ’самаробны’.

Про́стацца ’слабець, станавіцца нягнуткім’ (лід., Сл. ПЗБ). Да просты (гл.) у значэнні ’прамы, роўны’.

Про́стка ’месца, размытае і залітае вадой’ (Ян.), ’прамая пратока паміж двух выгібаў ракі’ (ТС), ’ход ракі па цячэнні, прастора’, ’выпростваючая пратока, якая прарывае намыўны перашыек’ (басейн Дняпра) (Яшк.). Да просты ’прамы, роўны’. Гл. яшчэ прость.

Про́сты ’элементарны, аднародны па саставу’, ’не складаны для разумення’, ’грубы па якасці’, ’няхітры, адкрыты, неганарлівы’, ’звычайны, негатунковы’, ’прамы, роўны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Бір. Дзярж., Шн. 2, Выг., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Клім.), ’свабодны’ (Нас.), ’слабы, некруты (аб пражы)’ (Уладз.), ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. просто́й, укр. про́стий, ст.-рус. простъ ’прамы, адкрыты, свабодны, просты’, ст.-слав. простъ ’прамы, просты’, польск., в.-луж. prosty, н.-луж. pšosty, чэш., славац. prostý ’просты, прамы’, серб.-харв. про̏ст ’няхітры, просты; дараваны, памілаваны’, славен. pròst ’натуральны, свабодны, звычайны, просты’, балг., макед. прост ’просты, нявыхаваны’. Прасл. *pro‑stъ ад pro‑ (гл. пра- і *sto‑). Апошняе параўноўваюць з літ. ãpstas ’багацце’, apstùs ’багаты, шчодры, шырокі’, atstùs ’аддалены’, лат. nuôst ’прэч’ (< *nuo‑stu), ст.-інд. sụṣthú‑ ’які знаходзіцца ў добрым стане’, оск. trstus ’сведка’, ст.-в.-ням. ewist ’аўчарня’. Першаснае значэнне *prosthos ’тое, што выступае; той, які выступае’, параўн. ст.-інд. prastha‑ ’горная раўніна, плошча’, ірл. ross ’лес, мыс’ (гл. Фасмер, 3, 380). Іншыя версіі: Міклашыч (321) выводзіў слав. *prostъ з *prostrъ ’разасланы’ і набліжаў да прастор і роднасных; Махэк₂ (485) роднаснымі славянскаму слову лічыў літ. prantù, pratau, pràsti ’прывыкаць’ (г. зн. *prostъ з *prot‑tos), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць яго семантыку. Паводле Аткупшчыкова (Балто-слав. иссл., 1984, 94–95), роднаснае літ. prãstas, лат. prasts ’просты; дрэнны’, літ. pràsti ’прывыкаць’, таксама Банькоўскі, 2, 788. Трубачоў (ЭССЯ, 13, 137–138) адносіць другую частку слова да *stojati (гл. стаяць) аналагічна да ku‑stъ ’куст’. Гл. таксама Шаўр, Slavia, 50, 52–60; Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 71. Паводле Сноя₂ (586), першасная семантыка — ’які стаіць спераду’, параўн. про́сто ’насупраць’: просто хаты (ТС).

Про́сцень (про́сцинь) ’некалькі звітых і звязаных разам ніткамі ручаяк (верацён з пражай) на адным доўгім верацяне’ (Нік. Очерки). З ⁺простьнь ад просты, паводле Трубачова (Ремесл. терм., 101), другаснае ў ролі тэкстыльнага тэрміна, параўн. прасце́нь ’прамая (простая) дарога’, про́снік ’вялікае верацяно, на якое зматваюць пражу з малых верацён’ (гл.).