Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Крыш ’крызіс хваробы, знішчэнне касцей, смерць (Нас.). Да крышыць (гл.).

Кры́ша ’страха’ (Бір. Дзярж., Тарнацкі, Studia; Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах.). Укр. криша, рус. крыша ’тс’. Усходнеславянская інавацыя ад kryti (гл. крыць) пры дапамозе суфікса ‑ša (SP, 1, 77).

Крыша́н ’адрэзаны плоскі кусок чаго-небудзь ядомага’ (ТСБМ, Янк. II, Сцяшк., Жыв. сл., Мат. Гом.). Да крышыць (гл.).

Крышанчы́ха ’пляткарка’ (Мат. Гом.). Зыходзячы з мадэлі пявец‑пяўчыха (Сцяцко, Афікс. наз., 187), трэба рэканструяваць крышанец, якое ў сваю чаргу магло ўзнікнуць ад дзеяслова крышыць ’малоць’ пры дапамозе суфікса ‑анец (Сцяцко, там жа, 26–27). Тады крышанчыха — ’жанчына, якая «меле (языком)»!

Кры́шка1 ’века, накрыўка’ (ТСБМ, Нар. сл., Жыв. сл., Сцяшк.). Гл. крыша.

Кры́шка2 ’патэльня, на якой пякуць паляніцы’ (Доўн.-Зап., ПП). Гл. крышка1.

Кры́шка3 ’малая колькасць’ (Кліх). Да крыха (гл.).

Кры́шка4 ’смерць, канец’ (ТСБМ). Метафарычны перанос ад крышка1.

Кры́шку ’крыху’ (ТСБМ, Яруш., Мал., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Да крышка3 (гл.).

Крышта́ль ’цвёрдае цела, якое мае натуральную форму мнагагранніка (ст.-грэч. κρύσταλλος) (ТСБМ, Гарэц.). Ст.-бел. кристалъ, крышталъ. Запазычанне праз польск. kryształ з ням. Kristall (Булыка, Запазыч., 177). Паводле Слаўскага (3, 203), ст.-польск. kryształ з лац. crystallus.

Крышчы́ны1 ’адходы пасля апрацоўкі воску’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. крышчыны2.

Крышчы́ны2 ’гушча ад квасу’ (Шн., Малч.). Ад крышыць (гл.). Утворана з суфіксам ‑чына (Сцяцко, Афікс. наз., 75).

Крышы́ць ’наразаць дробнымі кавалкамі, ламаць, малоць, разбіваць на часткі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сержп. Грам., Гарэц., Нас., Мал., КЭС, лаг., Сл. паўн.-зах.). Да крыха (гл.).

Крышэ́ць ’запякацца (пра кроў)’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. kreseti ’тс’ (там жа, 2, 547). Балтызм.