Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

І́ста ’асноўны капітал’ (Гарэц.), ’сутнасць’ (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. дыял. і уст. и́сто, и́стое ’наяўныя грошы, капітал’, укр. дыял. і́сте, і́ста ’капітал, асноўны капітал’. Ст.-рус. исто ’капітал, сума займа’, истое ’сума займа’ ў «Рускай праўдзе». Ад *jьstъ (гл. існы).

І́сткі ’ніткі’ (Мат. Гом.), ’ніткі, адрэзаныя ад красён пасля ткання палатна’ (Інстр. II). Рус. тамб. и́стка ’незатканы астатак асновы пры тканні палатна’, смал. и́стки ’ніткі, адрэзаныя ад красён пасля ткання палатна’, иска кур. ’маленькі маток нітак’, калуж. ’асноўная пража, якая засталася ад палатна’. У ст.-рус. пісьменнасці истка ’вытканая палоска матэрыі, якая выкарыстоўваецца ў якасці аздаблення’ з першай палавіны XVII ст. Утворана ад истъкати ’саткаць, выткаць’ (гл. ткаць.).

Істо́пка ’памяшканне для захавання агародніны і іншых прадуктаў’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Інстр. I, Мядзв.; Янк. Мат., 72; Кольб., 52), істо́бка ’тс’ (Мат. Гом.; Янк. Мат., 87), ісьцёпка ’тс’ (Касп.), істо́пка ’насціл (у гумне з жэрдак)’ (Мат. Гом.). Вядома на ўсёй беларускай тэрыторыі (гл. ДАБМ, к. 240). Рус. дыял. и́сто́пка ’хата, хацінка’, ’гара’, исто́бка ’кладоўка’, истёбка ’сутарэнне’, ’склеп’, ’кладоўка’, ’хацінка паляўнічага ў лесе’, истёбок ’гара’, и́зобка́ ’хата’, ’святліца’; укр. дыял. сте́бка ’кладоўка (якая ацяпляецца зімой)’, сте́пка ’рублены свіран з печчу, які замяняе склеп’ (Грынч.), ви́стебка ’абагравальная зімой камора ці кладоўка’ (Лысенка, ССП), польск. дыял. izdebka ’пакой’, ’камера, келля’, чэш. дыял. istevka ’лядоўнік на млыне’. Ст.-рус. истобка, истопка, издебка ’хата, хацінка, маленькае памяшканне ў хаце’, ’лазня’. Ст.-бел. издопъка ’дом, жыллё’, ’кладоўка, спіжарня’ (гл. Лекс. Палесся, 154). Утворана ад *jьstъba (гл. ізба) з суф. ‑ъka ў прасл. (Трубачоў, Эт. сл., 8, 245). Форма ісьцёпка, відаць, пад уплывам народна-этымалагічнага збліжэння з тапіць, цёплы.

Істо́та ’жывы арганізм; чалавек або жывёліна’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Гарэц., Др.-Падб.), ’сутнасць, суць’ (Др.-Падб., Гарэц.), исто́та ’сапраўднае становішча чаго-н.’ (Нас.). Рус. дыял. исто́та ’існасць, сутнасць’ (Даль), укр. істо́та ’істота’, польск. istota ’сутнасць, істота’, чэш. jistota ’пэўнасць, дакладнасць’, славен. istota ’ідэнтычнасць’. Ст.-бел. истота ’сутнасць’ (1522 г.) з польск. istota (Булыка, Запазыч.). Слаўскі (1, 470) лічыць прасл. утварэннем з суф. ‑ota ад *jьstъ (гл. існы) з зыходным значэннем ’сапраўднасць, рэчаіснасць’.

Істо́чка ’крыніца’ (Прышч. дыс., 136), істочнік (водны) (Інстр. I). Рус. исто́чник, балг. и́зточник. Ст.-рус. источникъ запазычана са ст.-слав. источьникъ ’крыніца’, утворанага ад дзеяслова источити ’выліць, выцечы’ (Шанскі, 2, I, 134). Бел. суфіксацыя ‑к‑a. Гл. выток, цячы.

Істрабля́ць ’знішчаць’ (Сл. паўн.-зах.). З рус. истребля́ть.

Істра́ва ’ўсякая вараная ежа, прыгатавання з агародніны’ (Мядзв.). І‑ пратэтычнае. Гл. страва.

Істра́ціць ’загубіць’ у кантэксце: «баба не любіла дзѣта,… и хотѣла, кабъ яго страціць» (мін., Шн., 2, 219). Рус. дыял. истра́тить ’загубіць, знішчыць’; параўн. смал.: «Мачеха дитенка истратила» (СРНГ). Працягвае ст.-рус. истратити ’загубіць, знішчыць’ ці ўтворана ад страціць (гл.) з прыстаўным і‑.

Істро́п ’кроква’ (Касп.), ’кроква, страха’ (Нас.). Форма з прыстаўным і‑. Гл. строп.

Істру́б ’зруб’ (Нас., Касп., Юрч., Мат. Гом.; Растаргуеў, Бранск.), изрубъ (Шн., 2, 382). У рускіх гаворках з тым жа значэннем истру́б, изру́б, исру́б. У рускай пісьменнасці иструбъ ’зруб’ адзначана з XVII ст. Варыянт з устаўным ‑т‑ і пратэтычным і‑. Гл. зруб, рубіць.