Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тру́днасць ‘цяжкасць’ (Нас., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Ян.), ‘турботы’ (Ласт.), ‘моцны боль’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.), трудно́сць (trudność) ‘боль (балесць)’ (Варл.), тру́дносць ‘цяжкасць’ (ТС), тру́дност’ ‘цяжкасць, намаганне, клопат’, трудно́сті ‘перашкоды’ (Вруб.), ст.-бел. трудность ‘цяжкасць; перашкода’ (ГСБМ): многа труднасци зададуц (Кітаб Луцкевіча). Адзначана ўкр. тру́дність ‘цяжкасць’, рус. тру́дность ‘тс’ — апошняе разглядаецца як пранікненне ў шэрагу слоў, што ўзніклі ў “литературном языке юго-западной Руси” (Суффикс. словообр., 134), магчыма, пад польскім уплывам, бо найбольш шырока назоўнікі на ‑ость прадстаўлены ў перакладных аповясцях «История о Атыле» і інш. (там жа, 138). Гл. трудны.

Трудне́ча ‘цяжкасць, перашкода, замінка’ (Нік., Оч.), ‘цяжкасць, цяжка’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. серб. трудно̀ћа ‘цяжарнасць’, харв. trudnòća ‘тс’. Разам з апошнімі могуць разглядацца як сумесныя інавацыі з суф. *‑otja (Трубачоў, Проспект, 59–61; Слав. языкозн. V, 182, 187–188), параўн. малеча, пустэча (гл.). Гл. наступнае слова.

Трудны ‘цяжкі’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Вруб.; паст., Сл. ПЗБ), ‘нудны, прыкры, невыносны’ (Нас.), ‘цяжка хворы’ (Пан.), тру́дна ‘вельмі цяжка, вельмі моцна’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Ян., Сл. ПЗБ), ‘пакутліва (пры смерці), балюча, пякельна, нясцерпна’ (воран., в.-дзв., швянч., ашм., пруж., Сл. ПЗБ), ‘немагчыма’, ‘толькі б’ (Нас.), тру́дно ‘цяжка’ (Сл. ПЗБ), трудно́ ‘тс’ (Растарг.); сюды ж труднава́ць ‘пакутаваць, гараваць’ (Сцяц.; маладз., Янк. Мат.), ‘цяжка хварэць, мучыцца пры цяжкай хваробе, перад смерцю’ (Рэг. сл. Віц., Пан., Сл. ПЗБ, Янк. 3.), ‘перажываць, хвалявацца, нервавацца’ (воран., Сл. ПЗБ), ‘трывожыцца’ (Сцяшк.), труднава́цца ‘турбавацца’, ‘пакутаваць, моцна перажываць’ (гродз., Нар. лекс.), ‘знаходзіцца ў цяжкім становішчы’ (Сцяшк. Сл.), трудні́ць ‘абцяжарваць, турбаваць’ (Нас.), ‘мучыць, цягнуць на ваніты’ (мядз., Нар. сл.), трудні́цца ‘мучыцца’, ‘пакутаваць ад болю, ад хваробы перад смерцю’ (віл., рагач., Сл. ПЗБ, Скарбы, Др.-Падб., Сцяшк. Сл.). Да труд2, гл.

Тружда́нне ‘непакой, клопат, турботы’, тружда́ць ‘непакоіць, турбаваць’, тружда́цьца ‘працаваць’, ‘непакоіцца, турбавацца’ (Нас.), тружда́нне ‘цяжкая праца, пакуты’, тружда́цца ‘цяжка працаваць, пакутаваць’ (Юрч. СНС), ст.-бел. труждатися ‘працаваць’ (ГСБМ). Запазычана, відаць, праз ц.-слав. са ст.-слав. троужданиѥ: земноѥ троужданиѥ ‘праца на зямлі, земляробства’, троуждати ‘турбаваць, дакучаць’, троуждати сѧ ‘працаваць’ (СССл.). Магчыма, метатэза ў народнай мове, гл. труджанне. Сюды ж тружда́ннік ‘той, хто цяжка працуе; пакутнік’, тружданніца ‘тая, хто цяжка працуе; пакутніца’ (Юрч. СНС).

Трузе́лле ‘нейкая лекавая расліна’: Забалела Марысі галоўка, / Захацела Марыся трузелля (БНТ, Песні Беласточчыны); сюды ж, магчыма, іншы варыянт: trujzièle kapaci (лях., Федар. 5). Параўн. польск. дыял. trójzièle ‘зелье, якое расце за морам і лечыць адным дотыкам’, trutziele, trujziele ‘атрутнае зелье’ (Варш. сл.). Няясна; апошняе схіляе да думкі пра сувязь (народнаэтымалагічную?) з труіць (гл.), параўн. укр. дыял. труйзі́лля ‘атрута, атрутная расліна’ (Адаменка, Діал. студії 7, 195), што не выключае іншых збліжэнняў (Цыхун, Зб. Абрэмскай-Яблонскай, 53), параўн. запісанае на тэрыторыі Літвы рус. трук‑зе́лье ‘расліна (якая?), што выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне’ (СРНГ). Гл. тройзелле, трызелле.

Труі́зм ‘агульнавядомая, заезджаная, збітая ісціна’ (ТСБМ). Праз рускую ці польскую мову з англ. truism ‘тс’, якое ад англ. true ‘правільны’ < ст.-англ. trēowe ‘верны, надзейны’, суадноснага са ст.-н.-ням. triuwi ‘тс’, літ. drū́tas ‘моцны’, роднасным прасл. *dervo ‘дрэва’ (ЕСУМ, 5, 662).

Труі́зна ‘труцізна’ (Нас., Некр. і Байк., Ян.), ‘вельмі дрэнны чалавек’ (брагін., З нар. сл.). Вытворнае ад труіць (гл.) па ўзоры труцізна, гл.

Труі́ць, труі́ці ‘труціць’ (Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Янк. БП, Бес., ТС, Мат. Гом., Растарг.; кіраў., Нар. сл.; валож., Жыв. сл.), ‘вытраўляць (насякомых)’ (стрэш., Нар. словатв.): truìć prusỳ (Пятк. 3), труі́ты ‘атручваць’ (пін., Жыв. сл.), труі́цца ‘труціцца’ (ТС), ст.-бел. труити ‘труціць’ (ГСБМ). Параўн. укр. труїти ‘тс’. Да прасл. *truti, trujǫ (гл. труць), пашыранага суфіксам ‑i‑, відаць, пад уплывам асабовых форм дзеяслова. Сюды ж труі́цель, труі́целька ‘атручальнік, атручальніца’ (Нас.), тру́ены ‘траўлены’: людзі бу труеные цепер (маз., ГЧ).

Трук ‘лоўкі, эфектны прыём, нумар’ (ТСБМ). Запазычана праз рускую мову (трюк) з франц. truc ‘спрытнасць’, якое з праванс. truc ці з італ. trucco ‘палка’. Фасмер (4, 112) выводзіць рус. трюк з англ. trick ‘фокус, трук, спрытны прыём’, параўн. трык ‘trick artifice’ ў “Беларуска-ангельскім слоўніку” Я. Пятроўскага, выдадзеным у Лінцы ў 1946 г. (перавыданне — гл. Пятр.). Крыніцай запазычання англ. trik з’яўляецца ст.-франц. trique, якое з лац. tricae мн. л. ‘інтрыгі’ (Голуб-Ліер, 489; ЕСУМ, 5, 662). Сюды ж трука́цкі, тру́кавы, трука́цтва, трука́ч (ТСБМ).

Тру́кша (трю́кша) ‘бручка, Brassica napus’ (слаўг., ДАБМ, камент.). Няясна. Лаўчутэ (Балтизмы, 133) мяркуе, што трюкша — нядаўняе запазычанне з літ. *triukša, якое магло б быць утворана ад гукапераймальнага дзеяслова triukšė́ti, triuškė́ti ‘хрумстаць падчас жавання ежы’, прыводзячы ў якасці аналогіі назву бручкі griẽžtis, утвораную ад griẽžti ‘скрыгатаць, скрыгаць’. Сумніўна, бо адсутнічае фіксацыя літ. *triukša.