Траё́радны ’траюрадны’ (Мат. Гом.). Тут ‑ё‑ замест ‑ю‑ пад уплывам формы Р.–М. скл. лічэбнікаў на ‑ёх: пятёх, пяцёх, дваццацёх (гл. Карскі 2-3, 247). Усходнеславянскія ўтварэнні траю́радны, укр. трою́рідний, рус. троюродный ’тс’ з трою‑родьнъ, якое з трою‑ — форма, утвораная паводле аналогіі з дваю‑(родны), што з’яўляецца формай М. скл. парнага ліку лічэбніка два і ро́дны (гл.), дакладней з выразу: дъвою родоу ’двайнога роду’. Гл. траі́.
Тражкі́ ’чорнае зерне’ (Жд. 1, Шчарб.). Відаць, да ражкі, ражок ’тс’ (ЛА, 2) з прыстаўным т‑ у выніку дзеяння народнай этымалогіі (пры ад’ідэацыі лексемы труці́ць ’атручваць’).
Траі́ ’тры’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Балтызм, параўн. літ. trejì ’трое’. Сюды ж траёх ’трое’ (шальч., Сл. ПЗБ) пад уплывам трох, польск. trzech ’тс’.
Траі́сты ’траякі’, ’падпісаны трыма дзяржавамі’, траі́стасць ’наяўнасць траякіх сувязей або трайнога саставу’ (ТСБМ). З польск. twoisty ’траякі’.
Траі́цца ’раздзяляцца на тры часткі’, ’утройвацца, павялічвацца ў тры разы’ (ТСБМ), укр. трої́ти(ся), рус. трои́ть(ся), польск. troić się, н.-луж. tšojś, в.-луж. trojić, славен. trojíti ’дзяліць на тры часткі’, ’павялічвацца ў 3 разы’, серб. тро̀јити (се). Прасл. *trojiti (sę) утворана ад асновы *troj‑ зборнага лічэбніка *trojі (м., ж. р.), *trojе (н. р.) ’трое’, які развіваўся (пад уплывам *dъvojь) з і.-е. *trei̯ó‑ ’трое’ < *tréi̯es ’тры’ (Покарны, 1092; Сной₂, 786). Сюды ж траі́ць ’дзяліць на тры часткі’, ’злучаць у адно з трох’ (ТСБМ).
Траі́ць ’тройчы пераворваць зямлю’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб.), ’зябліць — араць увосень’ (валож., ЛА, 2), троі́ты ’траіць’ (іван., ЛА, 2), ’трэці раз пераворваць зямлю’ (Нас., Шат., Касп.; вільн., бярэз., Сл. ПЗБ; гродз., мін., паўд.-усх. віц., маг., гом., ЛА, 2), ’араць поле другі раз’ (Бяльк., Пятк. 1), тро́іць ’тройчы араць поле — увосень, ранняй вясной і перад сяўбой’ (Янк. 1). Магчыма, балтызм. Параўн. літ. trẽjiti ’траіць’: суф. ‑(i)n‑ захаваўся ў бялын, трайні́ць, бярэз. траяні́ць ’траіць’ ці ў мядз. трае́нь падымаць (ЛА, 2), трае́ннік ’той, хто арэ ворыва другі раз’ (Юрч. Вытв.), трае́ніна ’некалькі разоў пераворанае поле’ (стаўб., Ск. нар. мовы), трое́ніна ’абложная зямля’ (лун., ДАБМ, камент., 858). Параўн., аднак, балг. радоп. тро́е̂м ’пераціраць, размінаць’ (БД, 2), што да *terti (гл. церці).
Траі́чны: траічная (троичная) трава ’браткі, Viola tricolor L.’ (Меер Крыч.), Відаць, з рус. трои́чный ’траечны’, што адлюстроўвае трохколернасць кветак, прысутную ў навуковай назве. Параўн. трайцвет, гл.
Трайга́ ’трое’ (Сцяц.), трайга́ і трайгу́ ’тс’ (Сцяшк. Сл.), трайгу́ ’ўтрох’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Запазычанні, якія з’яўляюцца формамі Р. і Д. скл. польскіх зборных лічэбнікаў troje, — Р. trojga, Д. і М. trojgu.
Трайдо́ліць ’гаварыць пустое’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. польск. дыял. trajdolić się ’круціцца; трэсціся, едучы на возе’, drajdolić się ’тс’, trajda ’кабета без такту; растропа’. Звязана з трайда́ ’балбатуха, лапатуха’ (астрав., Сл. ПЗБ), якое выводзяць з літ. traidà ’тс’ (Грынавяцкене, там жа), што ў святле польскіх форм сумніўна. Хутчэй гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання з экспрэсіўным суф. ‑олі‑, параўн. тра‑ра‑ра, тра-ля-ля, польск. traj ’тс’ і пад. Параўн. трандоліць, трындоліць, трандзіць, гл.
Трайке́ ’Арыён’ (АБ, 8) — скарочаная форма ад траеяке́, траячке́. Параўн. польск. беласт. trójki, trojaki ’тс’, назва сузор’я з трох зорак (Купішэўскі, Słownictwo).