Траі́ць ’тройчы пераворваць зямлю’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб.), ’зябліць — араць увосень’ (валож., ЛА, 2), троі́ты ’траіць’ (іван., ЛА, 2), ’трэці раз пераворваць зямлю’ (Нас., Шат., Касп.; вільн., бярэз., Сл. ПЗБ; гродз., мін., паўд.-усх. віц., маг., гом., ЛА, 2), ’араць поле другі раз’ (Бяльк., Пятк. 1), тро́іць ’тройчы араць поле — увосень, ранняй вясной і перад сяўбой’ (Янк. 1). Магчыма, балтызм. Параўн. літ. trẽjiti ’траіць’: суф. ‑(i)n‑ захаваўся ў бялын, трайні́ць, бярэз. траяні́ць ’траіць’ ці ў мядз. трае́нь падымаць (ЛА, 2), трае́ннік ’той, хто арэ ворыва другі раз’ (Юрч. Вытв.), трае́ніна ’некалькі разоў пераворанае поле’ (стаўб., Ск. нар. мовы), трое́ніна ’абложная зямля’ (лун., ДАБМ, камент., 858). Параўн., аднак, балг. радоп. тро́е̂м ’пераціраць, размінаць’ (БД, 2), што да *terti (гл. церці).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)