Трох1: трёх‑трёх — пра трасенне (Юрч. СНЛ), трёх‑трёх — пра язду трушком (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманні, у аснове якіх ляжыць апакопа дзеяслова трохаць, гл. Магчыма, сюды ж трох-трох — калі нехта падпраўляе ношку (вязку галля, закручанае дзіця), якая спаўзла (полац., Нар. лекс.).

Трох2 ‘трое’ (Сл. ПЗБ), ‘утрох (асобна аб мужчынах і аб жанчынах)’ (Мат. Маг. 2). Форма трох (тут Н. скл.) утворана ад формы М. скл. лічэбніка ст.-бел. трие, три, параўн. трьхъ (‘аб трох’). Відаць, адбылося гэта пад уплывам старапольскай мовы, дзе trzech (з М. скл.) пашырылася на лічэбнік Н. скл. (абазначала ‘тры’) з XIV ст. — па ўзоры скланення лічэбнікаў і прыметнікаў, у якіх Р. і М. скл. мелі агульную форму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)