Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Крэп ’тканіна з шурпатай паверхняй, вытканай асобым чынам’, ’празрыстая гафрыраваная тканіна чорнага колеру’ (ТСБМ). Франц. crêpe (там жа, 2, 746). Запазычанне праз рус. креп з французскай мовы (Шанскі, 2, 8, 383).

Крэ́па ’шырокі шарсцяны жаночы пояс’ (ТС). Да крапіць, крэпкі (гл.). Параўн. таксама крэпацца ’віцца’.

Крэпдэшы́н ’крэпдэшын’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. крепдешин з франц. crèpe de Chine ’крэп з Кітая’ (Шанскі, 2, 383–384).

Крэ́пка ’вельмі’ (ДАБМ, ТС, Шатал.). Гл. крэпкі.

Крэ́пкі ’дужы, моцны; цвёрды, крамяны’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Ян., Шатал.). Укр. кріпкий, рус. крепкий, ст.-рус. крѣпкыи, ст.-слав. крѣпъкъ, балг. крепък, макед. крепок, серб.-харв. кре̏пки, кре̏пак, славен. krépec ’тс’, польск. krzepki, ст.-чэш. křěpky, славац. krepký ’тс’. Прасл. krěpъкъ ’моцны, сільны’ — прыметнік на ‑къ ад krěpъ. Зберагліся формы без ‑къ: ст.-слав. крѣпъ, славац. krepý, серб.-харв. krijep. Надзейных балтыйскіх і іншых індаеўрапейскіх паралелей няма. Традыцыйнае супастаўленне са ст.-ісл. hráefa ’вытрымаць’ (Бернекер, 614; Покарны, 620). На жаль, у гэтай лексемы няма адпаведнікаў. Зупітца (KZ, 27, 389) параўноўвае ст.-ісл. kraptr, ст.-в.-ням. kraft ’сіла, моц’. У гэтым выпадку не можа быць гаворкі аб генетычнай суаднесенасці. Магчыма, вынік лексічных пранікненняў, але абгрунтаваць германскую, славянскую або іншамоўную трэцюю крыніцу пакуль што не ўдаецца.

Крэ́пнуць ’дранцвець, нямець ад холаду’ (ТСБМ, Янк. Мат.). Да крэпкі (гл.).

Крэс ’мяжа’ (Яшк., Сцяшк., Сл., Гарб.). Ст.-бел. кресъ ’тс’ < польск. kres < с.-в.-ням. kreis ’тс’ (Булыка, Запазыч., 176).

Крэ́сала ’крэсіва’ (Мат. Гом., ТС). Гл. крэсіва.

Крэ́сіва ’кавалак сталі для высякання агню з крэменю’ (ТСБМ, Янк. II, Мат. АС, Сержп. Пр., Грыг., Маш., Сцяшк.). Да крэсіць (гл.).

Крэ́сіла ’тс’ (Янк. Мат.). Гл. крэсіва.