Крэ́сіць ’высякаць агонь крэсівам’ (ТСБМ). Укр. кресати, рус. кресать ’тс’, серб.-харв. крѐсати, славен. krésati ’тс’, польск. krzesać, чэш. křesati, славац. kresať, в.-луж. křesać, н.-луж. tśasaś ’тс’. Прасл. kresati не мае надзейных этымалогій (агляд версій гл. Слаўскі, 3, 227). Заслугоўвае ўвагу думка Атрэмбскага (LP, 1, 137–138) аб кантамінацыі лексем česati ’часаць, скрэбці’ і kremy ’крэмень’. На карысць гэтай гіпотэзы гаворыць магчымасць узнікнення праславянскай figura etymologica *kresati kresem (параўн. бел. красаць красавам) ад *česati kremenem. Для такіх выпадкаў, як вядома, рыфмаванае словаўтварэнне даволі тыповае (параўн. Вуд, IF, 22, 166, Гюнтарт, 13). Іншая этымалогія: kresati да krasa. Тады kresati ognь ’ствараць агонь’. Параўн. лац. creare ’ствараць’. Гл. краса (Трубачоў, Эт. сл., 12, 125).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)