Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Канарэ́йка, кынаре́йка ’птушка, Serinus canaria’ (ТСБМ, Бяльк., БелСЭ, 5). Запазычана з рус. канаре́йка, якое з франц. canari ’тс’ (па тыпу индейка) < н.-лац. avis Canaria ’канарэйкай птушка, птушка з Канарскіх астравоў’. (Фасмер, 2, 177–178; Шанскі, 2 (К), 42).

Кана́т ’тоўстая моцная вяроўка з валакна або дроту’ (ТСБМ), кына́т ’тс’ (Бяльк.). З рус. кана́т ’тс’, якое паводле Фасмера (2, 178) з н.-грэч. κανάτι < с.-грэч. καννάτα ’вяроўка’. Гл. яшчэ Шанскі, 2 (К), 42. Сюды ж кана́тнік ’травяністая расліна з сямейства мальвавых, са сцябла якой атрымліваюць грубае валакно’ (ТСБМ).

Кана́та (?) у фальклорным запісе: «— Дзе цурка твая? — Пашла da канаца, пасцель белу слаці» (навагр., Дзмітр.) — відаць, памылкова замест da канаці. У такім выпадку гэта відазмененае запазычанне з польск. komnata > konnata > konata > каната. Яшчэ ст.-бел. комната. ковната ’пакой’ (XV ст.), якое са ст.-польск. komnata, kownata ’тс’ < с.-лац. caminata і camnata ’пакой з камінам’, ’дом’ (Слаўскі, 2, 388; Булыка, Запаз., 164).

Кана́ць ’паміраць, пакідаць жыццё, дажываць апошнія мінуты’, ’набліжацца да канца’ (ТСБМ, Гарэц., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Мал.; КЭС, лаг.). Прасл. konati, утворанае ад konъ > ’канец, мяжа’ (падрабязна гл. Трубачоў, Эт. сл. 10, 181–182 і 195–196 з разборам літаратуры). Сюды ж гродз. кана́цца і беласт. кона́тісе ’цягнуць жэрабя перад пачаткам гульні’ (Нар. словатв., Сл. паўн.-зах.).

Канва́ ’рэдкая сятчатая тканіна (баваўняная або льняная), якая служыць асновай пры вышыванні крыжам’ (ТСБМ, Сцяшк.), лід. канво́ ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле націску запазычана з рус., (а не з польск.), канва́, якое (у XIX ст.) < з франц. canevas ’канва’. Аднак раней, яшчэ ў XVI ст. ст.-бел. канавасовый ’з палатна канавасу’ прыйшло са ст.-польск. kanawasowy < kanawas < (kanawac(a), kanafas ’шаўковая або баваўняная тканіна’, суч. польск. kanafas ’пераплётны матэрыял’) < італ. canavaccio ’ануча’ < с.-лац. canovacium ’грубае палатно’, якое ўзыходзіць да canava ’каноплі’ (Булыка, Запаз. 136; Слаўскі, 2, 47–48).

Канва́лія ’ландыш майскі, Canvalia majalis L.’ (Сцяшк.; маст., шальч. Сл. паўн.-зах.; свісл. Шатал.; він. Кіс., Інстр. II); камвалея лесавая (гродз. Кіс.). З польск. konwalia ’тс’, якое з с.-лац. (lilium) convallium < лац. convallis ’даліна, якую акаляюць горы’ (Слаўскі, 2, 442–443).

Канве́ер ’транспарціровачны пас, прыстасаванне для перамяшчэння вырабаў ці грузаў’ (ТСБМ). З рус. мовы, куды ў 30‑х гадах XX ст. з англ. conveyer ’транспарцёр’, convey ’перадаваць, перавозіць’ (Шанскі, 2 (К), 248).

Канве́рт ’пакет з паперы для перасылкі пісьма па пошце’, ’коўдра ў форме пакета’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.), канаве́рт ’тс’ (Сцяшк.; бяроз. КЭС); кунве́рт (Бяльк.), маст. канвэ́рт, пруж. коновэ́рт ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). З рус. конве́рт, якое ў Пятроўскую эпоху з франц. couvert ’закрыты, схаваны’ < couvrir ’пакрываць’ < с.-лац. copertum < coopertus ’накрыты’. Застаецца няясным узнікненне насавога ‑н‑. Магчыма пасрэдніцтва ням. Kuvert. Гл. Фасмер, 2, 308; Шанскі, 2 (К), 250.

Канвой ’узброенае суправаджэнне, прыкрыццё’ (ТСБМ). З рус. конвой, якое з гал. konvooi або франц. convoi ’суправаджэнне, абоз’ < convoyer ’суправаджаць’, < нар.-лац. *conviare ’тс’ < лац. via ’дарога’ (Фасмер, 2, 308; Слаўскі, 2, 445). Сюды ж коласаўскі наватвор канвойнік ’канваір’ (КТС).

Канволь ’паркаль з атласнымі палосачкамі’ (ветк., Мат. Гом.). Відавочна, з ням. Kammvolle ’часаная воўна’, што не звязваецца семантычна. Магчыма, недакладна запісана значэнне ў інфарматара або гэта семантычны перанос: паркаль вырабляецца таксама з часанай бавоўны.