Канве́рт ’пакет з паперы для перасылкі пісьма па пошце’, ’коўдра ў форме пакета’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.), канаве́рт ’тс’ (Сцяшк.; бяроз. КЭС); кунве́рт (Бяльк.), маст. канвэ́рт, пруж. коновэ́рт ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). З рус. конве́рт, якое ў Пятроўскую эпоху з франц. couvert ’закрыты, схаваны’ < couvrir ’пакрываць’ < с.-лац. copertum < coopertus ’накрыты’. Застаецца няясным узнікненне насавога ‑н‑. Магчыма пасрэдніцтва ням. Kuvert. Гл. Фасмер, 2, 308; Шанскі, 2 (К), 250.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)