Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Драматы́чны. Гл. дра́ма.

Драма́ць ’драмаць’ (БРС, Шат., Сл. паўн.-зах.). Рус. дрема́ть, укр. дріма́ти, польск. drzemać, чэш. dřímati, серб.-харв. дре́мати, балг. дре́мя, ст.-слав. дрѣмати. Прасл. *drěmati ’тс’. Роднаснымі формамі лічацца лац. dormire ’спаць’, ст.-інд. drâti ’тс’, грэч. δαρθάνω ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 537; Бернекер, 1, 223–224; Траўтман, 60; Трубачоў, Эт. сл., 5, 108.

Дранцве́ць ’дранцвець’ (БРС, Касп.), дрантве́ць ’тс’ (Сцяшк., Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. drętwieć ’тс’ (у польск. мове гэта ўтварэнне ад прыметніка drętwy, лексема ў польск. мове вельмі архаічная, але ізаляваная і этымалогія яе не вельмі пэўная; гл. Слаўскі, 1, 165).

Драп ’драп (тканіна)’ (БРС). Рус. драп, укр. драп. Запазычанне з ням. Drap (< франц.) або прама з франц. drap ’тс’ (< с.-лац.). Гл. Фасмер, 1, 535; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 185–186.

Дра́паць ’драпаць, драць’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), ’уцякаць’ (Нас.), драпану́ць ’хутка ўцячы’ (Касп.). Прасл. *drapati ’драпаць, драць’: рус. дра́пать, дря́пать, укр. дра́пати, дря́пати, польск. drapać, чэш. drápati, славац. driapať, балг. дра́пам, серб.-харв. дра́пати і г. д. У некаторых слав. мовах развілося значэнне ’ўцякаць’ (польск., рус., бел.). Дзеяслоў *drapati звязаны з прасл. *dьrati. Параўн. Фасмер, 1, 535; Бернекер, 1, 220; Трубачоў, Эт. сл., 5, 101–102.

Драпе́жны ’драпежны’ (БРС, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. drapieżny ’тс’ (запазычанне ўжо ў ст.-бел. мове, гл. Булыка, Запазыч., 101). З польск. мовы ўзяты і шматлікія вытворныя: драпе́жыць, драпе́жства (Нас.), драпе́жнік, драпе́жніцкі, драпе́жніцтва (БРС); яны вядомы і ў ст.-бел. мове (Булыка, там жа). Насуперак Трубачову (Эт. сл., 5, 102) ст.-рус. драпежити з’яўляецца звычайным паланізмам. Здаецца, Слаўскі (1, 161) лічыць бел. драпе́жны, драпе́жыць роднаснымі з польск. лексемамі, што вельмі няпэўна.

Драпірава́ць ’драпіраваць’ (БРС). Рус. драпирова́ть, укр. драпірува́ти. Бел. і ўкр. словы ўзяты з рус. мовы. У рус. мове гэта запазычанне з ням. drapieren (< франц.) або непасрэдна з франц. draper. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 186.

Дра́пкі ’доўгія вітыя або плеценыя махры ў ручніку’ (БРС), дра́пка ’матузок’ (Шатал.). Няяснае слова.

Драсён ’расліна драсён’ (БРС, Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), дро́сень (Шат.), дро́сель, дро́сінь ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Назва гэта азначае расліну Polygonum L. і мае дакладныя адпаведнасці ва ўкр. дря́сен ’тс’ і серб.-харв. дресан. У іншых слав. мовах назвы фармальна адрозніваюцца: славац. rdesno, славен. rdésen і да т. п. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110–111) выстаўляе прасл. зыходную праформу *drěstьnъ і лічыць, што гэта ад’ектыўнае вытворнае ад іншай назвы — прасл. *drěstъ (параўн. Мяркулава, Очерки, 41–42). Шматлікасць бел. форм у дыялектах тлумачыцца тым, што тут адбыліся фанетычныя змены, у прыватнасці дысіміляцыі (ці асіміляцыі?) плаўных: р — н > р — л.

Дратава́ць ’таптаць’ (БРС, Шат., Касп.). Запазычанне з польск. tratować ’тс’ (а гэта з ням. treten; гл. Брукнер, 576).