Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Даве́дка ’даведка’ (БРС). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. мове: до́відка ’тс’. Па паходжанню гэта ўтварэнне суфіксам ‑ка ад дзеяслова *dovědati sę ’даведацца’. Спачатку *dovědъka было аддзеяслоўным nomen actionis. Параўн. рус. дове́дка ’высвятленне чаго-н.’ (Ходил к нему на доведку — гл. СРНГ, 8, 83), укр. д́овідки ’разведка, высвятленне’ («Піду на довідки, що там вони роблять»Грынч.). Адсюль і даве́дка ’даведка’ (дакумент).

Даве́днік ’даведнік’ (БРС). Укр. дові́дник ’тс’. Супольная бел.-укр. калька рус. спра́вочник.

Даво́лі ’даволі’. Рус. дыял. доволя́, до́воли, укр. дово́лі. Параўн. далей серб.-харв. довољ, славен. dovòlj, dovoli, dovólje, dovélj ’тс’. Узнікла спалучэннем *do і склонавай формы ад *volʼa ’воля’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 87–88. Спалучэнне гэтых двух каранёў адбылося ўжо вельмі даўно. Трубачоў указвае на ўтварэнні *dovolъ, *dovolьnъ, *dovьlěti.

Дагаво́р ’дагавор’ (БРС). Рус. догово́р, укр. до́говір, славац. dohovor, балг. до́говор. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 152) лічыць гэту лексему ўласна рус.; у іншых мовах яна запазычана з рус. У рус. мове адзначаецца ўжо ў XVI ст.; утварэнне бязафікснага тыпу ад дзеяслова договори́ться.

Дагма́тык ’дагматык’ (БРС). Запазычанне з рус. мовы. Параўн. рус. догматик, якое Шанскі (1, Д, Е, Ж, 151) лічыць уласна рус. словам, якое ў сучасным значэнні адзначаецца ў слоўніках з 1891 г. (раней яно мела некалькі іншую семантыку: ’царкоўны пісьменнік, які тлумачыць дагматы веры’, ’від царкоўных песнапенняў’). Першакрыніцай рус. слова з’яўляецца грэч. δογματικός, якое ўжывалася як эпітэт вядомых багасловаў.

Дадава́ць ’дадаваць’ (БРС). Укр. додава́ти, польск. dodawać, чэш. dodávati, балг. дода́вам і г. д. Прасл. *dodavati (да дзеяслова *dodati < *dati ’даць’).

Дада́на ’від стаячага вулля’ (Сцяшк.). Утварэнне на базе вядомага ў гэтых гаворках словазлучэння дада́ныя ву́ллі ’вуллі без ножак’ («…без ножкаў, а на калкох»).

Дада́так ’дадатак’. Укр. дода́ток, польск. dodatek, чэш. dodatek, балг. дода́тък і г. д. Слав. *dodatъkъ — утварэнне суфіксам ‑ъkъ ад дзеепрыметніка на ‑t‑, ад дзеяслова *dodati (*do‑dati); параўн. бел. дада́ць, укр. дода́ти, польск. dodać, чэш. dodati, балг. дода́м і г. д. Як дзеяслоў *dodati, так і вытворнае *dodatъkъ, бясспрэчна, маюць прасл. характар, прынамсі, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі. Дзіўна, што ў праславянскім слоўніку Трубачова (Трубачоў, Эт. сл.) няма ні *dodati, ні *dodatъkъ. Іншае пытанне, ці не запазычаны бел. дадатак, укр. додаток з польск. мовы. На гэта пытанне адказаць пакуль што вельмі цяжка, таму што няма дакладных даных аб гісторыі гэтых слоў. Калі нават гэта і запазычанне, то застаецца пытанне аб зах.-слав. дыялектызмах прасл. характару тыпу *dodati, *dodatъkъ.

Дазво́ліць ’дазволіць’. Рус. дозволить, укр. дозволити. Гэтыя ўсх.-слав. дзеясловы лічацца запазычаннем з польск. dozwolić ’тс’. Гл. Бернекер, 1, 440; Фасмер, 1, 522. Слова запазычана ў XVI ст. Бернекер і Фасмер меркавалі, што зыходным было do‑iz‑voliti (з дзеяслоўнай прэфіксацыяй зах.-слав. тыпу: do‑iz‑voliti > do‑zvoliti). Слаўскі (1, 159) польск. дзеяслоў dozwolić тлумачыць як *do‑sъ‑voliti і наогул не ставіць пытанне аб магчымым запазычанні. У рус. мове дозволить зафіксавана ў помніках з XVI ст. Булыка (Запазыч.) гэтай лексемы не прыводзіць. Шанскі (1, Д, Е, Ж) лічыць верагоднай версію аб запазычанні рус. слова з польск. мовы, як і магчымасць запазычання ўкр. і бел. лексем.

Дазо́рац. Гл. дазо́рца.