Дада́так ’дадатак’. Укр. дода́ток, польск. dodatek, чэш. dodatek, балг. дода́тък і г. д. Слав. *dodatъkъ — утварэнне суфіксам ‑ъkъ ад дзеепрыметніка на ‑t‑, ад дзеяслова *dodati (*do‑dati); параўн. бел. дада́ць, укр. дода́ти, польск. dodać, чэш. dodati, балг. дода́м і г. д. Як дзеяслоў *dodati, так і вытворнае *dodatъkъ, бясспрэчна, маюць прасл. характар, прынамсі, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі. Дзіўна, што ў праславянскім слоўніку Трубачова (Трубачоў, Эт. сл.) няма ні *dodati, ні *dodatъkъ. Іншае пытанне, ці не запазычаны бел. дадатак, укр. додаток з польск. мовы. На гэта пытанне адказаць пакуль што вельмі цяжка, таму што няма дакладных даных аб гісторыі гэтых слоў. Калі нават гэта і запазычанне, то застаецца пытанне аб зах.-слав. дыялектызмах прасл. характару тыпу *dodati, *dodatъkъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)