Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гу́ля, гу́ла ’гуля’ (БРС). Рус. гуля, укр. гуля, польск. gula і г. д. Прасл. *gulʼa ’тс’ (агляд семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 169–170). Лічыцца звязаным са ст.-інд. gōla‑ ’шар’, ст.-ісл. kúla ’шар, мяч, гуля’ і інш. Гл. Фасмер, 1, 473 (там агляд версій). Бернекер (1, 362) прапануе іншую версію; сувязь з серб.-харв. гу́лити ’здзіраць скуру, кару’. Гэта тлумачэнне, якое Слаўскі (1, 376) лічыць няпэўным, Трубачоў (там жа, 170) лічыць верагодным.

Гу́ля ’голуб і галубка’ (Нас.). Відаць, ад гукапераймальнага гулю‑гулю (Нас.), якім прынаджваюць голуба.

Гуля́ць ’гуляць’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), ’танцаваць’ (Сцяшк.), ’гуляць, забаўляцца; танцаваць; бяздзейнічаць’ (Шат.), ’сваволіць (аб дзецях)’ (Жд. 2). Слаўскі (1, 433–434) лічыць польск. hulać запазычаннем з укр. мовы. Адносна этымалогіі слова ён мяркуе, што, магчыма, у аснове ляжыць выклічнік hu‑la!, hul! Іншыя версіі, паводле Слаўскага, не пераконваюць. Падрабязны агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 171–172. Паводле Трубачова, прасл. *gulʼati звязана з дзеясловам *guliti, які сярод іншых мае значэнне ’весяліцца, жартаваць і да т. п.’

Гу́ма гумка ’гума’ (БРС). Укр. гума. Магчыма, з польск. guma ’тс’. Паводле Брукнера (163), польск. з лац. (?) gummi.

Гумаля́стыка ’рызіна’ (БРС), гумаляст ’тс’ (Касп.), гумалястка ’рызінка ў адзенні’ (Жд. 2). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. gumelasłyka ’рызіна’. Гл. Кюнэ, Poln., 58. Параўн. (адносна польск. слова) яшчэ Брукнер, 163.

Гумно́ ’гумно’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Шатал.). Гл. яшчэ Яшкін, дзе прыводзяцца і іншыя значэнні. Слова, вядомае ва ўсіх слав. мовах. Параўн. рус. гумно, укр. гумно, польск. gumno, чэш. humno, балг. гумно, серб.-харв. гумно, ст.-слав. гоумьно. Прасл. *gumьno. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Пагодзіна: *gumьno з’яўляецца старым складаным словам: *gu‑ (звязана этымалагічна з *govędo) і *mьn‑ (апошняе, напр., у дзеяслове *męti ’мяць’). Першапачатковае значэнне ’месца, дзе жывёла топча хлеб’. Гл. Фасмер, 1, 474; Бернекер, 1, 362; Трубачоў, Эт. сл., 7, 173–175.

Гунаво́та ’лянівае дзіця’ (Жд. 2). Гл. гу́нсвот.

Гу́нсвот ’нягоднік’ (Нас.). Параўн. польск. huncwot, чэш. hundsvut, укр. гунцвот (сюды, відаць, і ўкр. гунство ’шальмоўства’). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. форму слова, якая ўзята з ням. Hundsfott ’тс’ (літаральна ’cunnus canis’). Гл. Слаўскі, 1, 436–437; Брукнер, 173; Кюнэ, Poln., 59. Бясспрэчна, сюды адносіцца і бел. дыял. лаянкавае слова гунаво́та ’лянівае дзіця’ (Жд. 2), якое з’яўляецца сапсаваным гу́нсвот. Гл. яшчэ Кіпарскі, ScSl, 7, 62.

Гу́ня ’папона, чапрак’ (Нас.), ’вялікая цёплая хустка’ (Шатал.), гунька ’тс’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.), ’самаробная посцілка’ (Сцяшк.), ’посцілка’ (Жд. 2). Рус. гу́ня ’пашарпанае адзенне’, укр. гу́ня ’сярмяга’, балг. гуня ’плашч’, польск. gunia ’верхняе адзенне з грубага сукна і г. д.’ Прасл. *gunʼa, *guna. Лічыцца прасл. запазычаннем з невядомай крыніцы. Агляд версій у Слаўскага, 1, 378–379; параўн. яшчэ Фасмер, 1, 475. Падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 175–177. Ст.-бел. гуня ’коўдра’. Булыка (Запазыч., 86) прыводзіць як запазычанне з польск. gunia.

Гу́ра ’гурба (снегу)’ (Сцяц., Сцяшк., Шат., Бяльк., Жд. 2, Шатал.; гл. яшчэ Яшкін, дзе прыводзяцца і іншыя значэнні). Параўн. ст.-бел. гура ’верх’ (з XVI ст.; < польск. góra, гл. Булыка, Запазыч., 86). Зэльв., гродз. гура ’гурба’, бясспрэчна, таксама запазычана з польск. мовы (аб гэтым можа сведчыць гук ‑у‑). Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 330–331. Іначай Трубачоў, Эт. сл., 7 (пад *gurati): бел. лексема — аддзеяслоўнае ўтварэнне на бел. глебе. Параўн. яшчэ ўкр. гура ’маса, гурт’ (Грынч.).

Гу́рба ’гурба’ (БРС, Касп., Шат., Сцяшк., Яшкін). Трубачоў (Эт. сл., 7, 179–180) бел. гу́рба ’гурба’ параўноўвае з укр. гурба ’гурт’, рус. гурба ’гурт’, гурьба ’тс’ і мяркуе, што гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад дзеяслова *guriti), аднак семантыка гэтага дзеяслова не вельмі ясная. Параўн. тлумачэнне гурьба ў Фасмера, 1, 476–477. Паходжанне слова застаецца няясным. Ст.-бел. гурба ’гурт’, паводле Булыкі (Запазыч., 86), запазычана з польск. hurba, hurma < с.-в.-ням.