Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вя́ркаць ’пішчаць, скавытаць, плакаць’ (Шат.); ’слаба крычаць на розныя галасы’ (КЭС, лаг.), вя́ркыць ’гаварыць павучальным тонам’ (Бяльк.), вяркъць ’скавытаць, плакаць’ (міёр., Нар. лекс.). Рус. арханг. вяркать ’бурчаць’, свярдл. вя́ргать ’бурчаць, сварыцца, груба гаварыць’, урал. ва́ргать ’сярдзіта бурчаць, сварыцца, быць незадаволеным’. Запазычана з балтыйскіх моў; параўн. літ. ver̃kti ’плакаць’, vérkauti ’крычаць (аб саве)’; ’усхліпваць’, pravìrkti ’заплакаць’, лат. verksêt ’ціха плакаць’ (Лаўч., дыс., 71).

Вярло́ма ’баршчоўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (маг., Кіс.; Нас.), відавочна, экспрэсіўнае слова, якое можна звязаць з бел. вярлю́й ’мядзведзь’, серб.-харв. вр́љати ’кідаць’. Утворана ад вярнуць і ламаць (гл.), пры называнні падкрэсліваецца магутнасць расліны, яе моцнае сцябло; параўн. яшчэ маг. барэц (Кіс.), а таксама назвы з іншымі матывацыямі рус. опаль ад палить (пры дотыку да лісцяў на целе ўзнікаюць апёкі), рус. снидь (< снедь < ěsti ’есці’ — маладыя лісты ўжываюцца ў ежу ў якасці салата).

Вярмо́ ’ярмо’ (Шн., 2; Шн., 1; Сцяшк.; Жд., 1); ’вупраж для вала’ (Мат. АС Гродз.). Да ярмо́ (гл.). Пачатковае в‑ — пераасэнсаванне пратэзы i̯‑ ў гродзенскіх гаворках, дзе маецца і адваротная з’ява; параўн. вавёркаяе́рка (ДАБМ).

Вярна́цца ’вяртацца’ (петрык., Мат. Гом.), ‑рт‑ змянілася на ‑рн‑, відаць, пад уплывам вярну́цца.

Вярну́цца (БРС, Бяльк.) ’нахіляцца, паварочвацца’ (БРС). Укр. верну́тися ’вярнуцца; кружыцца (аб галаве)’, рус. вернуться ’вярнуцца назад’, ст.-рус. вернутися ’тс’, славен. vŕniti se ’вярнуцца, вяртацца’, серб.-харв. вр́нути се, макед. врне се, балг. върна се ’тс’ паходзяць ад кораня vert‑/vort‑/vъrt‑ і суф. nǫti (). Гл. яшчэ вярну́ць.

Вярну́ць ’аддаць узятае або атрымаць згубленае’; ’прымусіць або папрасіць вярнуцца назад’; ’заняцца пакінутай справай’ (БРС, Яруш.); ’звярнуць з дарогі’ (КТС, Гарэц., Бяльк., Касп.); ’нахіліць, хіліць’; ’ісці (аб дыме з коміна)’; ’капаць зямлю’ (БРС); ’нагаворваць’ (БРС, Шат.); ’згарнуць кудзелю да прадзіва’ (Жд., 1). Укр. вернути ’атрымаць назад’; ’абярнуць адзін раз’; ’паварочваць’; ’схіляць да чаго-небудзь’; ’вяртаць’, рус. верну́ть: арханг. ’прыводзіць у абарачэнне’, йонаўск. ’схіляць да чаго-небудзь’; ’вяртаць назад’, каш. vernǫc, славен. vŕniti ’вяртаць, вярнуць’, серб.-харв. вр́нути ’вярнуць’; ’звярнуць, павярнуць, збочыць’, макед. врне ’вярнуць’, балг. върна ’вярнуць’; ’аддаць назад’; ’прымусіць вярнуцца’. Прасл. vьrnǫti < vьrtnǫti (Шанскі, 1, В, 61).

Вярня́каць ’гаварыць абы-што, неўпапад’ (браг., З нар. сл.); ’дакучаць’ (мазыр., Мат. Гом.). Запазычана з рус. мовы; параўн. варнакать: разан., кур. ’хлусіць, балбатаць’; ’вярзці’, цвяр. ’паўдн. ’рабіць што-небудзь, абы-як, неахайна’; ’гаварыць глупства, балбатаць, малоць языком абы-што’, варон. ’гаварыць няясна, незразумела’, дан. варнякаць ’тс’, а гэта да рус. варнак ’катаржнік, злачынец, зладзюга, бадзяга, хуліган, жулік’, ад якога і ўкр. варна́к ’тс’. Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 317.

Вяро́вачка ’тонкая вяроўка, маленькая вяроўка’ (БРС), вярёвычка ’тс’ (Бяльк.). Да вяро́ўка (гл.).

Вяро́вачнік ’майстар, які ўе вяроўкі’ (БРС), рус. верёвочник: урал. ’той, хто цягне невад з вады’, гур’еўск. ’уладарнік невада’. Бел. лексема ўтворана ад прыметніка вяровачны і суф. ‑нік.

Вяро́вачнікі ’плецены абутак з вяровак’ (Інстр. III). Беларускае. Утворана ад прыметніка вяровачны пры дапамозе суф. ‑ік‑і.