Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тру́мкаць ‘трэнькаць, брынкаць струнамі’ (Шат., Сцяшк. Сл., Кал., ТС), ‘невыразна вымаўляць’ (ТС), тру́мкало ‘балбатлівы чалавек’ (Руб.), ‘скрыпка’ (ТС), сюды ж таксама перан. тру́мкаць ‘плакаць, ныць, раўці’ (ТС). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. укр. тру́мкати ‘пачынаць плакаць (пра дзіця), безупынна ныць, балець (пра стомленыя ногі)’, параўн. таксама імітатыў трум‑трум (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 86). Гл. таксама трумцець, трымцець.

Трумо́ ‘высокае стаячае люстра’, ‘прасценак, упрыгожаны арнаментам’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), труно́ ‘тс’ (Мат. Гом.). Запазычана з франц. trumeau ‘прасценак паміж войнамі’, ‘люстра, якое займае гэту прастору’, праз рускае трюмо́ ‘тс’; французскае слова выводзяць са ст.-в.-ням. drum (памянш. drumel) ‘кавалак, частка’, ‘канец, асколак’, параўн. англ. thrum ‘шляк, беражок, аблямоўка’ (Фасмер, 4, 112; Даза, 731; Васэрцыер, 237). Запісаная дыялектная форма нейкім чынам збліжана з труна (гл.), магчыма, праз польск. trumna ‘труна’.

Трумце́ць ‘дрынкаць, бразгатаць, ляскатаць’ (Шат.), ‘пра паколаты гаршчок, збан, калі па іх стукаюць, правяраючы, ці цэлыя’ (Сцяц. Сл.); відаць, у пераносным сэнсе ‘дранцвець, нямець’: ногі трумцяць, як бы адлятаюць (іўеў., Сл. ПЗБ), ‘бурчэць, выказваць незадавальненне’ (Рэг. сл. Віц.). Фанетычны варыянт да трымцець, гл.

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Тру́нак ‘напітак’, ‘алкагольны напітак’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Гарэц., Федар. 4, Сцяшк., Яруш., Бес., Адм., Скарбы; астрав., Сл. ПЗБ), ‘віно’ (Сцяшк.), ‘прыправы’ (Жд. 3), пераносна ‘атрута (пра гарэлку)’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘пітво, піццё’ (полац., Нар. сл.), ст.-бел. трунокъ ‘напітак, трунак’ (1538 г., ГСБМ): хмелний трунек (Кітаб Луцкевіча). Запазычана са ст.-польск. trunek ‘тс’, ‘глыток, лык’ (Булыка, Лекс. запазыч., 117), якое з с.-в.-ням. trunc, trunkes ‘глыток’, tranc, trankes ‘напой, трунак’ > ням. Trunk ‘глыток’, ‘напітак’, Trank ‘напітак, трунак’ (Борысь, 644–645; Брукнер, 578; Шустар-Шэўц, 1538; Вінцэнц).

Труні́ць ‘злосна жартаваць, іранізаваць’ (Юрч. СНС, Рэг. сл. Віц.), труне́нне ‘злосныя жарты’, сюды ж тру́ніт (г. зн. тру́нетый) ‘чалавек, над якім даўно жартавалі’, трунёмшы ‘звыклы жартаваць’: ён ня можыць мінуты пражыць ні трунёмшы, труне́ннік ‘той, хто злосна жартуе’ (Юрч. СНЛ). З рус. труни́ть ‘тс’, подтру́нивать ‘тс’, якое Фасмер (4, 109) суадносіць з труд (з пытальнікам). Варбат (РР, 1976, 6, 71–75) выводзіць дзеяслоў з першаснага труни́ть ‘брудзіць, смеціць, церушыць’ (гл. трунне), што ўрэшце ўзыходзіць да *terti, гл. церці (Арол, 4, 108).

Тру́нкаць ‘паволі ісці’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. дыял. труни́ть ‘ісці, трусіць’, тру́нка ‘трусца’, серб. тру́ни ‘мяце, сыпле (пра снег)’, фактычна ‘трусіцца’, што дазваляе Варбат (Исслед., 558) рэканструяваць прасл. *trúniti ‘брудзіць, церушыць’. Беларускі дзеяслоў мае, хутчэй за ўсё, імітатыўны характар, пра што сведчыць словаўтварэнне з суф. ‑к‑, характэрнае для гукапераймальных дзеясловаў.

Тру́нкі ‘ласункі’ (мёрск., Нар. сл.). У выніку семантычнага пашырэння лексемы трунак (гл.), магчыма, на базе першаснага значэння ‘глыток, лык’, параўн. польск. smakołyki ‘ласункі’.

Тру́нне (труньне) ‘скрутак чаго-небудзь бруднага (з адзення)’ (Касп.), рус. дыял. тру́нье, труньё зборн. ‘рыззё, лахманы’, трун, трунь ‘ануча, старое парванае адзенне’, кашуб. trȯn: v trȯn, v trȯnë ‘ў шматкі, на кавалкі (падраны)’, славен. дыял. trun ‘кавалак, крышка’, серб. тру̂н ‘крыха, крышка, саломінка’, збори. тру̂ње ‘крышкі, парушынкі’, харв. trûn, trȕn ‘кавалачак, трошкі, каліва’, што выводзяць з прасл. *trunъ ‘штосьці парванае, пакрышанае, расцёртае’, якое тлумачаць як дэрыват з суф. *‑nъ ад прасл. *truti, *trovǫ ‘церці, здрабняць’ (Варбат, Морфон., 142; Варбат, SLW, 157; Куркіна, Диал. структура, 151) або ўзводзяць непасрэдна да *terti ‘церці’ (Фасмер, 4, 109; Скок, 3, 512; Глухак, 641). Крытычна адносна прапанаванага Ваянам (Зб. Аванесаву, 56) вывядзення серб.-харв. trûn ‘саломінка’ з *truxnъ > *trunъ (гл. труха) Варбат (SLW, 156). Роднасць рускіх слоў з літ. tráunyti ‘церці’, trūnys ‘гніллё’, trūnė̑siai ‘рыззё, лахманы, анучы’, trunė́ti ‘гніць’, лат. trunêt ‘тс’, truni ‘гніллё’ (Буга, РФВ, 75, 150) падвяргае сумненню Фасмер (4, 109), іначай — Борысь (SEK, 5, 174).

Труня́нне ‘лодарнічанне’ (Юрч. Вытв.), труня́ннік ‘гультай, бадзяга’ (Юрч. СНЛ), труня́цца (асудж.) ‘лодарнічаць, бадзяцца, хадзіць без справы’ (Юрч.). Параўн. укр. тру́нути ‘піхнуць, штурхнуць’, рус. труня́стый ‘апрануты ў парванае адзенне’, труни́ть ‘ісці памалу’, серб. тру́нити ‘перашкаджаць’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *truniti ‘перашкаджаць’ (Варбат, Исслед., 557). Роднаснае літ. trỹnioti ‘церці, паціраць’ і trỹniotis ‘бадзяцца, валачыцца’.