Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трузе́лле ‘нейкая лекавая расліна’: Забалела Марысі галоўка, / Захацела Марыся трузелля (БНТ, Песні Беласточчыны); сюды ж, магчыма, іншы варыянт: trujzièle kapaci (лях., Федар. 5). Параўн. польск. дыял. trójzièle ‘зелье, якое расце за морам і лечыць адным дотыкам’, trutziele, trujziele ‘атрутнае зелье’ (Варш. сл.). Няясна; апошняе схіляе да думкі пра сувязь (народнаэтымалагічную?) з труіць (гл.), параўн. укр. дыял. труйзі́лля ‘атрута, атрутная расліна’ (Адаменка, Діал. студії 7, 195), што не выключае іншых збліжэнняў (Цыхун, Зб. Абрэмскай-Яблонскай, 53), параўн. запісанае на тэрыторыі Літвы рус. трук‑зе́лье ‘расліна (якая?), што выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне’ (СРНГ). Гл. тройзелле, трызелле.

Труі́зм ‘агульнавядомая, заезджаная, збітая ісціна’ (ТСБМ). Праз рускую ці польскую мову з англ. truism ‘тс’, якое ад англ. true ‘правільны’ < ст.-англ. trēowe ‘верны, надзейны’, суадноснага са ст.-н.-ням. triuwi ‘тс’, літ. drū́tas ‘моцны’, роднасным прасл. *dervo ‘дрэва’ (ЕСУМ, 5, 662).

Труі́зна ‘труцізна’ (Нас., Некр. і Байк., Ян.), ‘вельмі дрэнны чалавек’ (брагін., З нар. сл.). Вытворнае ад труіць (гл.) па ўзоры труцізна, гл.

Труі́ць, труі́ці ‘труціць’ (Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Янк. БП, Бес., ТС, Мат. Гом., Растарг.; кіраў., Нар. сл.; валож., Жыв. сл.), ‘вытраўляць (насякомых)’ (стрэш., Нар. словатв.): truìć prusỳ (Пятк. 3), труі́ты ‘атручваць’ (пін., Жыв. сл.), труі́цца ‘труціцца’ (ТС), ст.-бел. труити ‘труціць’ (ГСБМ). Параўн. укр. труїти ‘тс’. Да прасл. *truti, trujǫ (гл. труць), пашыранага суфіксам ‑i‑, відаць, пад уплывам асабовых форм дзеяслова. Сюды ж труі́цель, труі́целька ‘атручальнік, атручальніца’ (Нас.), тру́ены ‘траўлены’: людзі бу труеные цепер (маз., ГЧ).

Трук ‘лоўкі, эфектны прыём, нумар’ (ТСБМ). Запазычана праз рускую мову (трюк) з франц. truc ‘спрытнасць’, якое з праванс. truc ці з італ. trucco ‘палка’. Фасмер (4, 112) выводзіць рус. трюк з англ. trick ‘фокус, трук, спрытны прыём’, параўн. трык ‘trick artifice’ ў “Беларуска-ангельскім слоўніку” Я. Пятроўскага, выдадзеным у Лінцы ў 1946 г. (перавыданне — гл. Пятр.). Крыніцай запазычання англ. trik з’яўляецца ст.-франц. trique, якое з лац. tricae мн. л. ‘інтрыгі’ (Голуб-Ліер, 489; ЕСУМ, 5, 662). Сюды ж трука́цкі, тру́кавы, трука́цтва, трука́ч (ТСБМ).

Тру́кша (трю́кша) ‘бручка, Brassica napus’ (слаўг., ДАБМ, камент.). Няясна. Лаўчутэ (Балтизмы, 133) мяркуе, што трюкша — нядаўняе запазычанне з літ. *triukša, якое магло б быць утворана ад гукапераймальнага дзеяслова triukšė́ti, triuškė́ti ‘хрумстаць падчас жавання ежы’, прыводзячы ў якасці аналогіі назву бручкі griẽžtis, утвораную ад griẽžti ‘скрыгатаць, скрыгаць’. Сумніўна, бо адсутнічае фіксацыя літ. *triukša.

Трулі́ць ‘маніці, хлусіць’ (Вушац. сл.), ‘гаварыць няпраўду, выдумляць’ (докш., Бел. дыял. 2), ‘нешта вярзці, невыразна гаварыць (пра п’янага)’ (полац., Нар. лекс.). Гукапераймальнае, параўн. польск. trulać ‘курлыкаць, трубіць (пра голас жураўля і гусі ў палёце)’, рус. трум‑трум ‘голас жураўля’.

Тру́ля ‘марудны чалавек, маруда’ (лід., Сл. рэг. лекс.). Няясна; можна параўнаць з укр. дыял. труля́ти ‘штурхаць’ (гл. туляцца) або з лат. truls, абл. truļš ‘тупы, тупалобы’, ‘атупелы (погляд)’, якое з trult ‘станавіцца тупым’, trulēt ‘тс’ < і.-е. *treu‑ (Каруліс, 2, 431).

Трум ‘месца паміж палубай і днішчам судна, прызначанае для розных грузаў’ (ТСБМ, ТС), ‘спод карабля’ (Некр. і Байк.). З рус. трюм ‘тс’, запазычанага ў Пятроўскую эпоху (спачатку як рюим) з нідэрл. het ruim, або са скарочаным пэўным артыклем ʼt ruim, in ʼt ruim ‘памяшканне’ (Фасмер, 4, 112; Чарных 2, 267; ЕСУМ, 5, 663).

Тру́маль ‘бітон’, труме́льчык ‘невялікая каструлька з ручкай’ (Рэг. сл. Віц.), сюды ж тру́ман ‘паходны жалезны чайнік з вузкім горлам і шырокім дном’ (Касп.), параўн. рус. пск. тру́моль ‘чайнік’. Рэгіянальнае запазычанне з лат. trumulis ‘конусападобны бляшаны сасуд, банка, чайнік’, якое з н.-ням., усх.-фрыз. trummel ‘барабан або іншы шумны моцны інструмент’, ‘бляшаны посуд з накрыўкай’, параўн. таксама ням. Trommel ‘барабан, вал, цыліндр’, якія праз ст.-в.-ням. trumba ўзыходзяць да франц. trompe ‘медны рог, труба, горн’ < італ. tromba ‘труба’ (Каруліс, 2, 432; Васэрцыер, 237).