Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сы́пяль ’пясчаны астравок’ (Сл. ПЗБ). Да цыпель (гл.) пад уплывам сыпаць: сыпяльпясок намыты (там жа).

Сыр ’харчовы прадукт, які робіцца з малака, што заквашваецца пэўным спосабам’ (ТСБМ), ’сыр дамашняга вырабу’ (Бяльк.; полац., Нар. сл.; Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’тварожны сыр у форме кліна’ (Вешт.), ’тварог, тварожная маса’ (ТС, ПСл, Маш., Лекс. Бел. Палесся), ст.-бел. сыръ: молоко оу сыр твердыи стало (XVI ст., Карскі 2-3, 496). Укр. сир ’сыр, тварог’, рус. сыр, стараж.-рус. сыръ, польск. ser, в.-луж. syra ’малозіва’, н.-луж. sera ’тс’, чэш. sýr, славац. syr, серб.-харв. си̏р, балг. си́рене ’брынза’, дыял. (радоп.) сир ’застыўшы тлушч у форме посуду, у які ён быў наліты’, макед. сирење ’брынза’, ст.-слав. сыръ ’сыр’. Прасл. *syrъ — першапачаткова субстантываваны прыметнік *syrъ ’сыры, вільготны’ (гл. сыры) (Слаўскі, SP, 2, 18; Сной, 569), роднаснае літ. sū́ras ’салёны’, sū́ris ’сыр’, ст.-прус. suris ’тс’, ст.-ісл. súrr ’закваска’, ст.-ісл. sýra ’кіслае малако’, алб. hirrë ’сыроватка’; гл. Траўтман, 293 і наст.; Буга, РФВ, 75, 148; Мюленбах-Эндзелін, 3, 859–860; Фасмер, 3, 849 з літ-рай; Махэк₂, 599; Скок, 3, 242; Шустар-Шэўц, 1402–1403; Борысь, 541–542, ЕСУМ, 5, 241. Гл. сыры, суровы.

Сы́ра ’міфічная істота’: каб цябе сыра ўбіла (Касп.), ’прастуда’: каб цябе сыра ламанула (Мат. Маг. 2), сы́ра: сыра переломила ’раптоўна памёр’ (Шымк. Собр.). Паводле Карскага (2–3, 325), эліпсіс з сырая зямля: каб цябе сырая зьела (“легко подразумевается земля”), аднак спалучэнні з рознымі дзеясловамі дэманструюць высокую ступень персаніфікацыі (табуізацыі?) першапачатковай семантыкі. Гл. сыры.

Сырабо́йня ’гумно’ (пух., Жд. 1), ’вялікая асець, гумно ў маёнтку’ (Касп., Шат.), ’вялікая будыніна ў двары, дзе стаіць малатарня’ (Варл.), ’стадола без асеці’ (Пятк. 1). Параўн. польск. syrobojnia ’месца ў адрыне для малацьбы’. Ад сыры (гл.) і біць, у значэнні ’малаціць’ (Варш. Сл.), г. зн. малаціць непадсушанае збожжа, параўн. сырамало́т, гл. Польскае слова, хутчэй за ўсё, запазычана з беларускай.

Сы́равадка ’вадкая частка кіслага ці адтопленага малака’ (Нас., Шымк. Собр.), сы́раватка ’тс’ (Касп.; докш., Гіл.; Сл. ПЗБ), сыра́вадка ’тс’ (Растарг.), сы́рва́тка ’тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), сы́ўрадка ’тс’ (Юрч. Вытв.), сы́ўрытка ’тс’ (Бяльк.). Апошнія формы, паводле Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 41), блізкія да рэканструяванага булг. *surat > *śu͡arat > *śuvarat, якое адпавядае цюркскім назвам кіслага малака: кірг. джуурат, якуц. суорат і інш., што малаверагодна. Гл. сыроватка.

Сыраве́жка (сыравѣжка) ’сыраежка’ (Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сярж.–Яшк.). Рэкамендавана ў якасці асноўнага наменклатурнага тэрміна для называння грыбоў Russula ў беларускай мікалогіі (Сярж.–Яшк., 40), побач з ім часта ўжываюцца сураве́жка, сыраежка (гл.), якія лічацца зыходнымі. Магчыма, збліжана з сыравы, суравы (гл.), параўн. славен. surovež ’грубы’. Формы сыраве́га, сыравя́га, сыравежа ’тс’ (Сярж.) другаснага паходжання.

Сыраве́ц ’квас’ (Бяльк., Мат. Гом.), ’нямочаны ў вадзе лён’ (Сцяшк.). Параўн. укр., сиріве́ц ’хлебны квас’, дыял. ’сырамятная скура’, рус. дыял. сырове́ц ’белы, неўвараны квас’. Да вырыянтнай асновы *syrovъ/*surovъ ’сыры, неапрацаваны; свежы, мокры’ (гл. сыравы, суравы). З суф. ‑ец, параўн. сырэц.

Сыраві́зна ’усялякая зелень, прыдатная для ежы’, ’сырасць’, ’недавараная ежа’ (Нас.), ’што можна есці сырым, негатаваным’ (Сцяшк. Сл.), ’нябеленае льняное палатно’ (ашм., Нар. скарбы). Параўн. каш. sëroizna ’недагатаванасць; свежасць, сырасць’. Да сыравы (гл.) з суф. ‑ізн‑а, параўн. сырызна.

Сыраві́на ’матэрыял для далейшай апрацоўкі’ (ТСБМ), сыраві́на ’сырая, нявырабленая скура’ (Бяльк.), сырови́на ’неадбеленае палатно, ніткі’ (Уладз.). Параўн. славен. surovina ’сыры матэрыял’. Да сыравы, гл.

Сыравы́ ’свежы, незаквашаны (пра гуркі)’ (ст.-дар., Ск. нар. мовы), ’падбелены (пра палатно, ніткі)’ (Сл. ПЗБ; маст., Нар. скарбы; Ян.), сыро́вы ’тс’ (ТС). Параўн. укр. сирови́й ’сыры, вільготны’, ’нявыраблены, неадбелены’, ’негатаваны’, стараж.-рус. сыровыи ’сыры, вільготны’, польск. дыял. syrovy ’сыры, згатаваны; вільготны, нявысушаны’, каш. sërovi, srovi ’вільготны; сыры, негатаваны; няспелы’, чэш. syrový ’сыры, вільготны, халодны’, славен. дыял. sirọ̑v ’сыры, свежы; неапрацаваны, грубы’, серб.-харв. си̏ров ’сыры, свежы, зялёны, няспелы’, макед. сиров ’сыры, свежы, неапрацаваны; слабы, хворы’. Прасл. *syrovъ(jь)/*surovъ(jь) ’сыры, неапрацаваны; свежы; мокры’ ад прасл. *syrъ/*surъ ’сыры, неапрацаваны; няспелы; мокры, вільготны’ (SEK, 4, 265–266; Борысь, 587). Мяркуецца, што ўзыходзіць да і.-е. *sūr‑ou‑o‑s, метафарычна звязана з *syrъ ’кіслы, горкі, салёны’ (Глухак, 579), гл. сыр. Паводле Фурлан (Бязлай, 3, 343), прыметнікі на *‑оvъ утвараюцца ад назоўнікаў, што прадугледжвае стадыю субстантывізацыі зыходнай формы.