Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Счэ́шчыць ’зрабіць ласку, выказаць павагу’ (ТС). Вытворнае ад чэсць, гл.

Сшчука́ць (ссукаць) ’перастаць шумець, крычаць, плакаць; сціхнуць’, сшчукці ’тс’ (Нас.). Да шчукаць, гл.

Сшчэрк (сщеркъ) ’выроўніванне збожжа з краямі меркі’ (Нас.). Гл. шчырк.

Сшымане́ць ’здурнець, звар’яцець’ (Бяльк.). Няясна; корань слова нагадвае ўласнае імя Шыман, параўн. змікіціць ’сцяміць’ ад Мікіта.

Сшы́ндзіцца ’моцна схуднець’ (ТС). Магчыма, утворана ад шэндзя ’малярыя’, гл.

Сшыпу́ліць ’стуліць, сшыць’, сшыпу́лены ’сшыты на скорую руку’ (Яўс.). Магчыма, да шып ’драўляны клін, якім злучаюць бярвенні’. Гл. шыпуліць.

Сшы́так ’злучаныя лісты паперы ў вокладцы’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сшыто́к ’тс’ (Гарэц., Ласт.). Ад сшыць ’злучыць, аб’яднаць’, гл. шыць. Наватвор па ўзору польск. zeszyt, укр. зо́шит ’тс’.

Сыба́ ’хіба’ (драг., З нар. сл.; Ск. нар. мовы). Гл. сіба.

Сыбо́та. Гл. субота.

Сы́варатка ’вадкасць, якая атрымліваецца пры згортванні крыві і лімфы’ (ТСБМ), ’вадкасць з адстоенага ці адтопленага малака’ (Сцяшк.). У першым значэнні запазычана з рус. сы́воротка ’тс’, у другім — вынік метатэзы складоў у сыроватка (гл.). Сюды ж, відаць, і сы́варачная трава́ ’дзярачка, Asperula arvensis L.’ (Меер Крыч.), адзін з відаў якой носіць назву ўкр. сируха (Макавецкі, Sł. botan.).