Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сцяка́ць ’паступова выцякаць’ (Ласт., Бяльк.), ’пазбаўляцца вадкасці’, ’праходзіць, адыходзіць’ (Ян.), ’зыходзіць (крывёю)’, ’падглядваць, шукаць’ (Нас.), ’выцякаць’, ’рабіцца тонкім, кволым (пра гародніну)’ (маст., шчуч., Сл. ПЗБ), сце́каць ’выцякаць’ (ПСл), ’абхапіць’: як рука сцекае ’як рукой абхапіць’ (ганц., Сл. ПЗБ), ’выцякаць’, ’марнець, слабець, млець’ (ТС), сцякці́ ’зарасці’ (Сцяшк. Сл.), сце́кці ’выцячы, зыйсці’ (Нас., ТС), ’ахапіць’ (ТС), сюды ж сцёклісты, сцёклы ’худы, тонкі’ (ТС), сце́кціся ’зрабіцца кволым, змарнець’ (лудз., Сл. ПЗБ). Да сцячы, цячы, гл.

Сцякле́ц ’шарош’ (ЛА, 2). Магчыма, да папярэдняга слова (’тонкі лёд’, параўн. сцён, гл.), збліжанае са сцякло ’шкло’.

Сцякло́ ’шкло’ (брасл., Сл. ПЗБ; ст.-дар., Ск. нар. мовы), сцекло́ ’шкло лямпы’ (Арх. Вяр.), сцяклі́на ’аконнае шкло’ (Мат. Гом.), сцякля́нка ’шкляны слоік’ (ПСл, Мат. Гом., Ян.). Параўн. укр. скло, шкло, рус. стекло́, стараж.-рус. стькло, польск. szkło, старое польск. śćkło, чэш., славац. sklo, в.-луж., н.-луж. škla ’міска’, славен. stȇklo, серб.-харв. ста̏кло, скло̏, балг. стъкло, макед. стакло, ст.-слав. стькло. Прасл. *stьkIo лічыцца запазычаннем з гоц. stikls ’келіх’ яшчэ ў праславянскі перыяд з пераносам на агульную назву матэрыяла (Фасмер, 3, 753; Шустар-Шэўц, 1442- 1443; Скок, 3, 325; Борысь, 604; ЕСУМ, 5, 276). Гл. таксама шкло.

Сцяку́н ’крынічнае месца, якое зімой не замярзае’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’незамерзлая сярэдзіна ракі’ (Сцяшк.), сцяку́н, цяку́н, сцёк ’тс’ (ЛА, 2). Да сцякаць < цячы, цяку.

Сцяле́жыць ’зняць панарад (у возе)’ (Варл.), сцяле́жыцца ’сарвацца, здзецца са шворана (пра калёсы)’ (бялын., Янк. Мат.; Гіл.). Да цяле́га, гл.

Сцялі́ць ’слаць, рассцілаць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; Варл.). Гл. слаць2.

Сцялу́ха ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Касп., Кіс.). Відаць, да сцяліць (гл.), іншая назва расліны расходнік (гл.), параўн. таксама сцялі́ по́ля ’вязель палявы’: расце на дзірванох, сцеліцца (смарг., Сл. ПЗБ).

Сцяльні́к ’соты’ (Некр.), сцельні́к ’вашчына з мёдам (у калодзе)’ (Маш., ТС, ПСл), шчэльні́к ’тс’ (ТС), сце́льнікі ’соты’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. стільни́к, дыял. щільни́к ’соты, пласт вашчыны ў пчол і вос’. Да сцяліць (гл.) з магчымым збліжэннем да шчыльны, гл.

Сцяна́1 ’вертыкальная частка будынка’, ’высокая агароджа з камення’, ’стромкая бакавая паверхня’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк., Ян.), ’рад чаго-небудзь, што стаіць на прамой лініі’ (Нас.), ’абрывісты бераг’ (ветк., Яшк.), сцена́ ’сцяна будынка’ (ТС), стена́ ’тс’ (Шушк.), стина́ ’сцяна, мур’ (пруж., Горбач, Зах.-пол. гов.), сце́нка памянш. да сцяна́ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’сценка, грань’ (Байк. і Некр.), сце́нька ’сценка будынка’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣна: стѣны домовъ наших (Альтбаўэр). Укр. стіна́, рус. стена́, ст.-рус. стѣна, польск. ściana, в.-луж., н.-луж. sćěna, чэш. stěna, славац. stena ’сцяна’, серб.-харв. стијѐна ’скала, камень’, славен. sténa ’сцяна’, ’скала’, балг. стена́ ’сцяна; каменная агароджа’, макед. стена ’сцяна’, ст.-слав. стѣна ’сцяна; вал’. Прасл. *stěna ’сцяна’, роднаснае гоц. stains ’камень’, ст.-ісл. steinn; далей параўноўваюць з грэч. στία, σττον ’крэмень’, ст.-інд. styā́yatē ’цвярдзее’ (гл. Мее, 446; Міклашыч, 323; Траўтман, 281; Фасмер, 3, 754; Махэк₂, 576–577). Мартынаў (Этимология–1968, 18) мяркуе, што слова паходзіць з першаснага спалучэння *stěna zьdь ’каменная сцяна, мур’, аналагічна да англ. stone wall, тады прыметнік меў бы форму *stěnъ (?) ’каменны’. Усё да і.-е. *stei̯‑/*sti‑ ’станавіцца цвёрдым, цвярдзець’; першаснае значэнне ’нешта зацвярдзелае’, адкуль ’плеценая (з прутоў) сцяна, пакрытая, аблепленая глінай (якая зацвярдзела пасля высушвання)’ (Борысь, 612). Шустар-Шэўц (2, 1276) германскія значэнні лічыць другаснымі; *stěna, на яго думку, з’яўляецца дэвербатывам ад асновы, якая захавалася ў літ. stìngti ’цвярдзець’, лат. stiñgt ’зрабіцца цвёрдым, кампактным’. Запазычанне славянскага слова з германскіх лічыцца неверагодным; параўн. Фасмер, там жа, з літ-рай; Бязлай, 3, 316. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 232–238), які рэканструюе прасл. *steg‑s‑na ад і.-е. *steg‑/stog‑ ’пакрываць’ (сцяна пакрывала зямлянку), што малаверагодна па семантычных прычынах.

Сцяна́2 ’мяжа ў выглядзе дарогі, якая раздзяляе розныя палі’ (Нас.), ’лінія, мяжа’ (Шпіл.), ’канцавая забытая дарога’ (Сцяшк.), ст.-бел. стена ’мяжа, граніца’ (Ст.-бел. лексікон), остенити, застенити ’абмежаваць’ (Вопр. лит. яз., 143). Лічыцца калькай літ. síena ’сцяна’, ’мяжа, рубеж’, параўн. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 66; Барысава, Бел.-рус. ізал., 9. Гл. таксама сценка1.

Сцяна́3 ’частка асновы пры тканні’ (Нік. Очерки; ашм., Стан.), ’мера асновы, палатна, даўжынёй на хатнюю сцяну’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Шатал., Цых.; ашм., смарг., Нар. скарбы; Жд. 1). Да сцяна1, гл. таксама сценка2.

Сцяня́цца ’сноўдацца, бадзяцца, цягацца, шлындацца’ (Ласт.), сціня́цца ’хадзіць, як прывід’ (Барад.), сюды ж, відаць, сцяна́цца ’бадацца’: карова сьценаецца (навагр., ЛА, 1), сцяну́цца ’крануцца, варухнуцца’ (слуц., Жыв. НС; Янк. 1; Мат. Гом.), сцену́цца ’здрыгануцца, сцепануцца’ (ТС), сцяну́ць ’патрэсці’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. стена́тися ’ўздрыгваць, калыхацца, хістацца’, стену́тися ’кінуцца, рушыць’, ’разгубіцца, збянтэжыцца’. Няясна; Мяркулава (Этимология–1975, 55) дапускае для падобных слоў са значэннем руху захаванне асновы і.-е. *ten‑ ’цягнуць і пад.’, параўн. рус. дыял. тять ’ісці’, для якога маюцца паралелі за межамі славянскіх моў: лац. tenor ’раўнамерны рух’, ст.-ірл. tēit ’ідзе’ < *tenti (стары каранёвы аорыст) і пад. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 408. Не выключана сувязь са сцень ’прывід’, гл.