Су́плеч (су́пліч) ’плячо ў плячо’ (Бяльк.), су́пляч ’тс’ (Сл. ПЗБ). Гл. поплеч.
Су́пліка ’просьба, прашэнне’ (Нас.), су́плікі ’плёткі, размовы’ (Касп.). Ст.-бел. су́плика ’прашэнне’ (1638 г., Ст.-бел. лексікон) < ст.-польск. suplika (1621 г.) ’прашэнне, хадайніцтва’, апошняе з лац. supplex ’той, хто просіць, моліць, хадайнічае’. Кюнэ (Poln., 100) заўважае, што польск. suplika магло быць запазычана праз пасрэдніцтва франц. supplique або непасрэдна з ням. Supplix ’тс’.
Супо́л ’вузел на нітцы, вяроўцы і інш.’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. supeł ’вузел’, форма з мазурэннем; у гаворках таксама szupeł, szypuł/sypuł, каш. šipeł ’тс’ і г. д. Борысь (587) мяркуе аб сувязі з szypułka ’сцябло, на якім знаходзіцца кветка або плод’ і прапаноўвае як пераходнае звяно значэнне ’завязь (кветкі або садавіны), якая мае форму звітага шарыка, вузла’.
Супо́лка ’аб’яднанне людзей, злучаных агульнымі мэтамі, умовамі, задачамі; арганізацыя, таварыства’ (ТСБМ, Ласт., Варл.), ’сумесная работа’ (Сцяшк.), ’група людзей за супольнай работай’ (ваўк., Сл. ПЗБ), су́палка ’тс’ (Гарэц.). У іншых славянскіх мовах з прыст. с‑/s‑: укр. спі́лка, польск. spółka, в.-луж. społk, чэш. spolek, славац. spolok. Борысь (570) выводзіць з прыслоўя społu, якое да прасл. *sъ polu ’з (сумесна) паловай’ (гл. палова, супольны).
Супо́льніца ’суполка, супольная работа’ (ТС, Юрч.), ’бравэрка’ (Сцяшк.), супо́льніца, супо́льнічка ’суцэльнае адзенне’ (Сцяц. Сл.), ’жаночая кашуля, сарочка’ (барыс., Сл. ПЗБ). Да супольны, гл.
Супо́льны ’агульны, сумесны’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Касп., Варл., Бяльк.), сюды ж супо́льна ’разам, сумесна’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Бяльк., Варл., Гарэц., ЛА, 5), супо́льнік ’паплечнік, аднадумец; саўдзельнік, хаўруснік’, су́польнікі ’суседзі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. супольныи ’агульны, сумесны’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 135). Укр. спі́льний, польск. spólny ’супольны’, чэш. společný, славац. spoločny ’тс’. Прасл. *sǫpolьnъjь (Трубачоў, Проспект, 80), што да прасл. *sъ polu, дзе *polъ ’палавіна, палова’; старая аснова на ‑u; гл. таксама Шустар-Шэўц, 1343; Махэк₂, 570; Борысь, 569; ЕСУМ, 5, 374.
Супо́нка ’прывязка, якой прымацоўваюць біч да цапільна’ (дзярж., ДАБМ, камент.). Этымалагічна тое ж, што і спона, спонка (гл.), параўн. наступнае слова.
Супо́ня ’рэмень для сцягвання клешчаў хамута’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Шат., ТС, Бяльк., Сержп. Прымхі, Маслен., Арх. Вяр., Сл. ПЗБ), супо́нь ’тс’ (Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ), сыпо́ня ’тс’ (мёрск., Нар. лекс.), супо́нне ’тс’ (Мат. Гом.), сіпо́нька ’тс’ (Касп.), супо́ня ’раменьчык мятровай даўжыні’ (Пятк. 2), ’звіты дратаваны шнурок’ (Варл.). Укр. супо́ня, рус. супо́нь, супо́ня ’тс’. З *сѫ‑понь да *pęti, *pьnǫ ’пяць’ (Фасмер, 3, 805; ЕСУМ, 5, 478); параўн. этымалагічна і фармальна блізкае харв. súpon ’праца, якая выконваецца разам’, укр. дыял. сопо́ня ’мужчынскі пояс’ (< *sǫponʼa, Шульгач, Слов. етим., 454), гл. таксама апона, запан.
Супо́р ’супраціўленне, непаслухмянасць’ (Гарэц.), сюды ж супо́рышчэ ’задышка з хрыпам у малога дзіцяці’ (ТС). Гл. супар.
Супрага ’аб’яднанне цяглавай жывёлы гаспадароў для сумеснай работы’ (беласт., У новай айчыне, Беласток, 2001, 32), су́праж, су́пражка ’прыпрэжка’ (Нас.), су́пражка ’тс’ (Байк. і Некр.), сюды ж супра́жнік ’напарнік па працы, супольнай апрацоўцы зямлі’ (Сцяшк., Скарбы), супрага́нё ’аб’яднанне гаспадароў для сумеснай апрацоўкі зямлі’, супрага́цца ’аб’ядноўвацца для сумеснай апрацоўкі зямлі’ (слонім., ЖНС), супра́жыць ’апрацоўваць суполкай зямлю’ (Скарбы), супра́гай ’парай коней’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр., рус. супряга ’сумесная апрацоўка зямлі некалькімі гаспадарамі’, укр. яшчэ ’прыпрэжка’, таксама су́пряж ’тс’, супря́жник ’той, хто сумесна з кім-небудзь працуе на запрэжаных жывёлах’, серб.-харв. дыял. suprežnik ’тс’. Борысь (Prefiks., 113) разглядае гэтыя лексемы як аддзеяслоўныя дэрываты ад *sǫ‑pręgti (гл. прэгці) — магчыма, ужо ў асобных славянскіх мовах, улічваючы розную суфіксацыю і значэнні.