Супрага ’аб’яднанне цяглавай жывёлы гаспадароў для сумеснай работы’ (беласт., У новай айчыне, Беласток, 2001, 32), су́праж, су́пражка ’прыпрэжка’ (Нас.), су́пражка ’тс’ (Байк. і Некр.), сюды ж супра́жнік ’напарнік па працы, супольнай апрацоўцы зямлі’ (Сцяшк., Скарбы), супрага́нё ’аб’яднанне гаспадароў для сумеснай апрацоўкі зямлі’, супрага́цца ’аб’ядноўвацца для сумеснай апрацоўкі зямлі’ (слонім., ЖНС), супра́жыць ’апрацоўваць суполкай зямлю’ (Скарбы), супра́гай ’парай коней’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр., рус. супряга ’сумесная апрацоўка зямлі некалькімі гаспадарамі’, укр. яшчэ ’прыпрэжка’, таксама су́пряж ’тс’, супря́жник ’той, хто сумесна з кім-небудзь працуе на запрэжаных жывёлах’, серб.-харв. дыял. suprežnik ’тс’. Борысь (Prefiks., 113) разглядае гэтыя лексемы як аддзеяслоўныя дэрываты ад *sǫ‑pręgti (гл. прэгці) — магчыма, ужо ў асобных славянскіх мовах, улічваючы розную суфіксацыю і значэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)