Супраціў ’процідзеянне, змаганне’ (PC, 1999, 2, 83). Адваротны дэрыват ад супраціўленне ’тс’, да супрацівіцца ’пярэчыць, працівіцца’, гл. супраць.
Супрацо́ўнік ’той, хто працуе разам у якой-небудзь установе, служачы’ (ТСБМ, Ласт.), вытворныя супрацо́ўніцтва, супрацо́ўнічаць (там жа). З су- і кораня прац‑ (гл. праца); калька рус. сотру́дник, сотру́днтать і г. д. Параўн. сучаснае (адваротны дэрыват?) супра́ца ’супрацоўніцтва’ (Беларусіка, 19, 226).
Су́праць і супро́ць ’насупраць’, ’наперакор’, ’насустрач’, ’у параўнанні’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Шымк. Собр., Гарэц., Бяльк., Касп., Барад.), супраціў ’тс’ (Нас., Некр. і Байк.), супро́ціў ’тс’ (Сл. ПЗБ, Ян.), ст.-бел. супротиву ’тс’ (Сл. Скар.). Рус. супроти́в прысл. і прыназ., стараж.-рус. супроти́въ, серб.-харв. супрот, супроћ ’у параўнанні’, дыял. супро́тив(а) ’насупраць, у параўнанні’, ст.-слав. сѫпротивъ. Далей гл. су- і проціў (Фасмер, 3, 805; ESSJ SG, 1, 242).
Супру́г: супруг валоў ’пара запрэжаных валоў’ (свянц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. супругъ ’пара разам запрэжаных валоў’ (Сл. Скар.), параўн. балг. дыял. съпру́зи ’пара запрэжаных коней або валоў’, ст.-слав. сѫпрѫгъ ’запрэжка’; сюды ж супру́га ’жонка’ (Рам. 6), супру́жница ’тс’ (Нас.), магчыма, яшчэ да стараж.-рус. супругъ, съпрѧжьница ’жонка’, або новае запазычанне з рус. супру́га, супру́жница ’тс’. Усё да прасл. *pręgti ’злучаць, звязваць’, гл. спрагаць, супрага.
Супу́льны ’агульны, супольны’ (брасл., Сл. ПЗБ). Аўтары (там жа) параўноўваюць з польск. wspólny ’тс’; аднак тут, відаць, кантамінацыя супольны і wspólny.
Су́пчык ’нягоднік’ (Юрч. Мудр.). Запазычанне вусным шляхам з рус. су́бчык ’тып’, памяншальнае ад субъект ’тс’.
Су́пша ’сумесь збожжа, мукі’ (Мат. Гом.). Архаізм, утвораны пры дапамозе прэфікса су- і элемента ‑пша, што атаясамліваецца з пачаткам слова пшаніца, параўн. падобныя ўтварэнні суржык (< рож ’жыта’), су́ярак, гл. (< яр ’яравое збожжа’). Выводзіцца з *pьx‑ja ад *pьxati ’таўчы’, прадстаўленага ў непша ’прымесь у просе’ (гл.), польск. samopsza ’гатунак пшаніцы’ (< *samo‑pьx‑ja, гл. Слупскі, Зб. Слаўскаму, 350).
Супыні́ць ’спыніць, затрымаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), супыні́цца ’спыніцца, затрымацца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. зупинити ’затрымаць, спыніць’, балг. дыял. супѝнъм ’затрымаць; стрыножыць’ і інш. Гл. спыніць, пыніць.
Супэ́ль ’сопель, смаркач’, ’лядзяш’ (Клім.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Паводле Горбача (там жа, 8), суадносіцца з польск. дыял. sąpel ’лядзяш’; параўн. таксама польск. sopel, дыял. sumpel, supel ’сусолка, замёрзлая сцякаючая вадкасць’ (гл. соплі), семантычна далёкае (з метафарычным пераносам) польск. supeł ’вузлік’, гл. супо́л.