Пра́ца ’працэс уздзеяння чалавека на прыроду, чалавечая дзейнасць’, ’работа’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Мік., Шпіл., Мядз., Сл. ПЗБ, ТС). Ст.-бел. праца, працовати і інш. вытворныя ад назоўніка адзначаюцца ў канцы XVI ст. (Булыка, Запазыч., 257), укр. пра́ця, рус. дыял. пра́ца ’тс’. Запазычанне праз польск. praca пры ст.-польск. proca з чэш. práce (Карскі, Белорусы, 156; Фасмер, 3, 355; Цвяткоў, Запіскі, 1, 74; Кюнэ, Poln., 89). Прасл. дыял. *portja ўзнаўляецца пры параўнанні з серб.-харв. пра̏тити ’суправаджаць’, славен. prátiti ’тс’, prátiti se ’збірацца ў дарогу’ (Міклашыч, 261; Брукнер, 434). Трубачоў (Фасмер, 3, 356) параўноўвае *portja яшчэ з серб.-харв. пра̏тити ’пасылаць’ і балг. пра́тя ’паслаць’ і канстатуе семантычную эвалюцыю ’пасылаць’ > ’праца, справа’, якая прадстаўлена таксама ў серб.-харв. по̏сао ’справа, праца’ < *posъlъ; параўн. прасл. *posъlati (гл. паслаць). Аб апошняй групе дзеясловаў гл. яшчэ Куркіна, Этимология–1975, 19 і наст. Іншыя параўнанні (напр., Голуб-Копечны, 290) з грэч. πράσσω, πράττω ’раблю’ лічацца непрымальнымі (гл. Фасмер, 3, 355). Таксама з польск. pracować бел. працаваць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 2, 1157–1159; ЕСУМ, 4, 557; SEK, 4, 113–114. Інакш і непераканаўча Банькоўскі, 2, 757 (з с.-в.-ням. — суч. бавар. pratze ’лапа, нага (хворая)’).