Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Су́біна ’палавіна (звыч. кола) счыненай дамашняй каўбасы’ (мёрск., Нар. ск.). Няясна (іранічна да літ. subinė ’зад’?).

Субо́жны ’той, хто мае Бога ў сэрцы’ (Нас.), сюды ж субо́жніна ’міласціна’ (Стан.); субо́жыцца ’злітавацца, пашкадаваць, пабаяўшыся Бога’ (лаг., Гіл.). З су- і ‑божны < бог. Параўн. набо́жны. Фармальны адпаведнік таксама ў в.-луж. subožny ’жарэбная (кабыла)’, ад su‑ і *božьnъ‑jь; апошняе ў значэнні ’шчаслівы, блаславёны’; гл. Шустар-Шэўц, 1374. Не выключала другаснае ўтварэнне ад субо́жыцца ’збяднець, стаць убогім’ (Варл.), субо́жывацца ’бяднець, прыкідвацца бедняком’ (Нас.) — ад убогі, гл.

Субо́р ’натоўп, зборышча’ (маст., Нар. сл.), ’сходка’: субор дзеўкам; ’сабор’, ’куча камення’ (Станк.), субо́рна субо́та ’першая субота ў вялікі пост’ (ТС). Гл. субар; да апошняга параўн. збо́рна (збо́рава) субо́та ’тс’: идуть у цэркву люди, паминають радителяу (Талстая, Полес., 220), ад *sъ‑borъ, гл. браць.

Субо́та ’шосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, ТС), сыбо́та (Янк. 2; Сцяшк., Мал., Ян.; Шымк. Собр., Мат. Маг., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сабо́та (Сл. ПЗБ), сымбо́та: у сымботу будзем картоплю капаць (Жд. 2), сюды ж суботнік ’кніжка для ўпісвання імён нябожчыкаў для памінання ў памінальныя суботы’ (Шымк. Собр.), субо́ня (< суботня) ’мянушка цяляці, якое нарадзілася ў суботу’ (лаг., Сл. ПЗБ). Укр. субо́та, рус. суббо́та, ст.-рус. субота, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. sobota, палаб. sübota, серб.-харв. су́бота, славен. sobóta, балг. съ́бота, макед. сабота, ст.-слав. сѫбота/собота, што ўрэшце ўзыходзяць да ст.-яўр. šabbāt, арам. šabbətā ’дзень пасля шасці працоўных дзён’. У якасці непасрэдных крыніц запазычання разглядаюцца с.-лац. sabbata, мн. л. ад sabbatum пераважна для заходнеславянскіх і заходне-паўднёваславянскіх форм з пачатковым *so‑; адпаведную стараславянскую форму лічаць маравізмам, гл. Львоў, Зб. Нахцігалу, 186; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 328. Усходне- і паўднёваславянскія формы з *sǫ‑ узводзяцца, па адной версіі, да грэч. дыял. *σάμβατα, мн. л. ад *σαμβατον, пры літаратурным грэч. σάββατον (Фасмер, 3, 792 з аглядам літ-ры; Младэнаў, 626); па другой — да балк.-лац. *sambata, параўн. рум. sâmbăta (Скок, 3, 299). Германскае пасрэдніцтва, параўн. ст.-в.-ням. sambaʒtag (Міклашыч, 314 і інш.), адмаўляе Фасмер (там жа) з прычыны распаўсюджання *sobota ва ўсіх заходнеславянскіх мовах. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1331; Сной, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5; Бязлай, 3, 282. Падрабязны агляд версій (з размежаваннем незалежных, як мяркуецца, па паходжанні *sǫbata і *sobata) гл. ESJSt, 14, 859–860. Формы з сы‑, са‑ — у выніку распадабнення перад губнымі зычнымі, параўн. спарадычнае сыпонь, сыпоня пры паўсюдным супонь, супоня (ЛА, 2), гл. Другасная назалізацыя перад губнымі вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб. прамбаба ’прабабуля’, і робіць уражанне аднаўлення першаснай у ст.-слав. сѫбота (параўн. Пятлёва, Этим. иссл., 2001, 48), што адпавядае аналагічным балканскім працэсам, у тым ліку с.-грэч. σάμβατον < σάββατον, гл. Зайкоўскі, Слов. етим., 199.

Субста́нцыя ’матэрыя; першааснова’ (ТСБМ, Некр. і Байк.); ст.-бел. субстанция ’ежа’, ’злучэнне; матэрыя; маса’, ’маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон) запазычана праз ст.-польск. substancyja ’тс’ або непасрэдна з лац. substantia ’сутнасць; уласнасць; наяўнасць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 77). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. субстанция.

Субты́льны ’кволы, слабы’, ’далікатны, тонкі’ (ТСБМ), субтэ́льны ’зграбны’, сюды ж, відаць, субтына́е ’танец аднаго чалавека’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. субтелный ’тонкі, празрысты’ (1596 г.). Запазычана праз польск. subtelny, subtylny ’тонкі, крохкі, далікатны’ з заходнееўрапейскіх моў, параўн. франц. subtil, ням. subtil, што да лац. subtīlus ’тонкі, пяшчотны’ (першапачаткова ’тонкатканы’ — *sub‑texlis, параўн. тэкстыль, гл.). Сучасная літаратурная форма, відаць, з рускай. Гл. Фасмер, 3, 793; ЕСУМ, 5, 464; Булыка, Лекс. запазыч., 196.

Субулдыга́ ’цвёрдая няроўнасць на разбітай дарозе; замёрзлая гразь у выглядзе выступаў’; субулды́жына ’скіба дзярністай зямлі на ворыве, кавалак сухой зямлі на засяроджаным полі’, субулды́жка ’тс’ (Яшк.), з якім, відаць, збліжана субулды́жка ’вялікая костка’ (мсцісл., З нар. сл.), гл. сулды́га. Гл. булдыга.

Субы́чыцца ’сабрацца’ (Юрч.), субы́тчыцца ’тс’ (Юрч. СНС), ’выдаткавацца, пацярпець выдаткі’ (Нас.). Паводле Насовіча “войти, ввестись в убытки” (там жа), у тым ліку ’сабраць сродкі на выдаткі’, звязана з убыць, гл. Параўн. прыбытак, прыбыць, гл. Іншага паходжання субы́чыцца ’насупіцца, нахмурыцца, як бык’ (Гіл.).

Субярэ́зіна ’нараст на бярозе’ (Касп.). З су- (’сумеснасць’; і бярэ́зіна (гл. бяроза).

Суважа́ць (suważaci) ’спачуваць’ (Тур.): stała ziaziulka suważaci (клец., Федар. 7). Няясна; паводле кантэксту, хутчэй ’суцяшаць’, параўн. разважаць (гл.) ’рассейваць трывогу, суцяшаць’ (Нас.).