Прыбы́ць, прыбыва́ць ’прыйсці, прыехаць, паступіць, быць дастаўленым (пра груз і пад.)’; ’павялічыцца, прыбавіцца (колькасна, у аб’ёме (напр., пра Месяц), велічыні і пад.); з’явіцца ў дадатак да чаго-небудзь; дабавіцца’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ; карэліц., Сл. ПЗБ), прыбува́ць ’прыбаўляцца (пра ваду, вагу і інш.)’ (ТС). Сюды ж аддзеяслоўныя іменныя ўтварэнні, якія працягваюць семантыку дзеяслова: пры́быль ’прыбытак, даход’ (Ян.; астрав., Сл. ПЗБ), пры́буль ’тс’ (ТС), пры́быль ’паводка, разводдзе’, прыбыльны́: прыбыльна́я вада ’паводка’ (Ян.), прыбу́тка ’вада, якая прыбывае’, прыбутны́ ’паводкавы’ (ТС), прыбы́так, прыбу́ток ’прыбытак, даход; карысць, выгада; з’яўленне патомства’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж таксама прыбы́тнік ’маладыя парасткі хваёвых дрэў’, прыбы́тныя дні ’першая і другая фазы Месяца’ (Сл. ПЗБ), пры́быш ’перасяленец з іншай мясцовасці’ (стаўб., Сл. ПЗБ), прыбыле́вец ’перасяленец’ (б.-каш., ЛА, 3), прыбу́лец ’прыезджы’ (ТС), прыбыўна́я вада́ ’паводка’ (Ян.). Узыходзіць да прасл. *pribyti, далей ітэратыўна-дуратыўны *pribyvati, якія, у сваю чаргу, ад *byti, *byvati (гл. быць) з кардынальнай зменай семантыкі зыходных дзеясловаў (пра апошняе гл. ЭССЯ, 3, 155, 157–158).