Сувіра́цца ’сварыцца, лаяцца’ (лаг., Гіл.), сувяра́цца ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ), сюды ж савіра́цца ’са злосці прыцішана пакрыкваць на некага’ (Варл.). Дзеясловы з прэфіксамі су‑/са‑ ад прасл. *‑virati/*‑věrati, якія звычайна ў славянскіх мовах выступаюць у прыставачных утварэннях (Варбат, ОЛА, Исследов., 1972, 230), параўн. польск. poniewierać się ’дрэнна адносіцца да каго-небудзь’. Гл. яшчэ повірак, аўраць, вірутнік.
Суві́сцяль ’падарунак, падарак (на хрысціны, вяселле)’ (іўеў., Сл. ПЗБ; віл., З нар. сл.; маладз., Гіл.). На славянскай глебе адпаведнікаў няма. Па лінгвагеаграфіі — запазычанне з балцкіх моў. Параўн. літ. výstyti ’спавіваць дзіця’, výstyklas ’пялёнка’, suvýtelis ’спавіванне’, лат. suovista ’пялёнка’; апошняе з suo‑ і vistit ’спавіваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1139). Можна меркаваць, што першапачаткова слова азначала падарунак на хрысціны (звычайна кавалак палатна, магчыма, для спавівання дзіцяці), потым значэнне пашырылася да ’ўсялякі падарунак’.
Суво́й ’цэлы кусок палатна, скручаны ў трубку’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Ян., Жыв. сл., Скарбы, ЛА, 4), ’мера самаробнай тканіны, звычайна 5–7 губак’ (Нар. ск.), ’навой’ (Нас.), ’навой з намотаным на яго палатном’, ’адна скручаная пасма вяроўкі’ (Бяльк.), су́вай ’пяньковы шнур, які выкарыстоўваецца для віцця вяровак’ (Юрч. Вытв.), сувы́й ’цюк (палатна, паперы)’ (Клім.), суво́й, сувы́й, суву́йка, съво́й ’сувой’ (Уладз.), суво́йка ’тс’ (Мат. Гом., Ян.), суво́іна ’сувой’ (чэрв., Сл. ПЗБ), суво́йцы ’падоўжны край бёрда’ (Жд. 1, Мат. Гом.), ст.-бел. сувой ’скрутак палатна; мера палатна’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суві́й ’сувой’, рус. дыял. суво́й ’скрутак’, ’клунак’, ’звітыя і зблытаныя слаі дрэва, абалона, нарасць’, славен. sovój ’сук, нарасць на дрэве’. Ад *viti ’віць’ прэфіксальны назоўнік *sǫ‑vojь (Фасмер, 3, 793) або прасл. дэвербатыў *sǫvojь, суадносны з *sъ‑viti. Спецыяльна гл. Куркіна, Диал. структура, 192.
Суво́рка ’повад, вяровачка’ (ваўк., Сл. ПЗБ), сюды ж суво́рыць ’звязаць у пару’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Параўноўваецца з літ. sąvaras ’вяровачка’ (там жа). Але параўн. укр. палес. суво́ра ’прывязь у цэпе’, славен. sovȏra ’развора ў возе’, з іншай прыстаўкай рус. сворка ’павадок’, укр. сві́рка ’тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. дыял. *sǫvora ’тое, што звязвае, злучае’, дэвербатыў ад прасл. *sъ‑verti ’звязаць, злучыць’ < *verti ’звязваць’, з балцкімі адпаведнікамі: літ. są́vara ’клямка; папярочка, якая злучае дзве бэлькі; тасёмка’, лат. suôvara (= savara) ’папярочная планка ў бараны’; падрабязна гл. Борысь, Prefiks., 92. Гл. таксама свора, шворка.
Суво́ры ’суровы’ (Беларусіка, 19, 226). Параўн. укр. суво́рій ’тс’, рус. дыял. суво́рый ’суровыя; сярдзіты; брыдкі’. Актуалізавалася ў сучаснай мове пад уплывам украінскай, дзе звязваецца з уве́рий ’крывы; упарты’ (ЕСУМ, 5, 465), гл. свара, сувірацца; семантычна змененае ў выніку збліжэння з суровы, гл.
Су́вязь ’узаемныя адносіны’, ’блізкасць’, ’зносіны, камунікацыя’ (ТСБМ), ’асацыяцыя’, ’канфедэрацыя’, ’саюз, федэрацыя’ (Ласт.), ’паштовае аддзяленне’ (Жд. 1), сувя́зак ’звязка апрацаванага льну’ (Сцяшк.). Укр. рэдкае су́вʼязь ’сувязь, згода’, рус. дыял. суя́зно ’суладна’, серб.-харв. су́вез ’умова аб сумесным ужыванні цяглавых жывёлін для сельскагаспадарчых работ’. Борысь (Prefiks., 100–101) узнаўляе прасл. дыял. усх. *sǫvęzь і паўдн. *sǫvezь як дэрываты ад *sъvęzati ’звязаць’, але заўважае, што гэта могуць быць незалежныя ўтварэнні, на што ўказвае вакалізм. Гл. таксама Трубачоў, Проспект, 81. Стварэнне слова для перадачы рус. сою́з прыпісваецца Ластоўскаму (Станкевіч, Язык, 617); слова ў далейшым ужыванні набыло сучаснае значэнне, для якога Ластоўскі выкарыстоўваў зьвязь, што этымалагічна адпавядае рус. связь (< *sъvezь). Пра штучны характар слова гл. Пацюпа (там жа, 1160).
Сувярэ́ка ’недарэка’ (леп., Жыв. НС). Відаць, да папярэдняга пад уплывам няўмека, параўн. ілюстрацыю: сувярэка, зашыць ні сумеіць (там жа).
Суга́ ’мыс’ (Ласт.). Параўн. укр. карп. суг ’упадзіна ў зямлі’. Няясна. Магчыма, тое ж, што і аргат. суга́ ’вада’ (дрыб., шкл., навазыбк., Рам. 8–9), якое выводзіцца з тур. асман. su ’вада’ (гл. Горбач, Арго, 34), г. зн. ’месца каля вады’; назва па сумежнасці? Менш верагодная сувязь з укр. суга́ ’ржавая вада на балоце’, ’асадак у алеі’, балг. съ́га ’плесня на паверхні віна’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *sǫga, гл. Пятлёва, Этимология–1976, 45; ЕСУМ, 5, 465. Можа быць і адваротным дэрыватам ад сузок (гл.) з “этымалагічным” узнаўленнем ‑г‑. Пацюпа (Arche, 2007, 3, 170) выводзіць з сугба́ ’выгін знутры’ (ад гібаць, гбаць ’згінаць’), у такім выпадку трэба дапусціць атаясамліванне фіналі -ба з адпаведным суфіксам і яго адсячэнне, што малаверагодна.
Суга́к ’касцяное або драўлянае шыла з плоскім вастрыём для падплятання лапцей’, ’роўная тонкая палачка, якая прасоўваецца ў вушкі асновы лапцей’ (Бяльк.; маг., ЛА, 4), ’жалезны прут’ (Маш.), ’пруток з дроту для прапальвання дзірак у дрэве’ (Пятк. 2), ’спічак, швайка, шыла’ (глус., Янк. 3.; Мат. Гом.), ’завостраная палачка падплятаць лапці’ (Сцяшк. Сл.). Укр. суга́к ’жалезнае (або касцяное) шыла для праколвання дзірачак у пасталах, для развязвання вузлоў’. Паводле ЕСУМ (5, 465), з сува́к ’шыла, засаўка, хамуцік’ (гл. суваць), набліжанае да гак. Не выключана сувязь з соўгаць (гл.) з пераходам оў > у, параўн. саўга́к (пра старога чалавека), су́гнуць ’хуткім рухам пасунуць, усадзіць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), сугану́ць ’саўгануць, рэзка перамясціць’ (Юрч. Вытв.), або з укр. суга́к, польск. suhak ’антылопа’ < караім. soɣak (sohak) ’малады алень, антылопа’ (Slavica Tarnopolensia, 1, 69), з рагоў якіх вырабляліся прылады. Гл. сайга.