Суда́к 1 ’рыба сямейства акунёвых, Lucioperca lucioperca L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС, Меер Крыч.; полац., З нар. сл., Жыв. св.). Укр., рус. су́дак, ст.-рус. судокъ, польск. sandacz, sędacz (XVI ст.), чэш. candát, дыял. sandát. Махэк₂ (81) рус. і ўкр. словы лічыць запазычаннямі з польскай. Брукнер (481) польскае выводзіць з ням. Zander, с.-н.-ням. sandāt. Аднак н.-в.-ням. Zander, паводле Клюге-Гётце (702 і наст.), Беке (JF, 52, 138), само запазычана са славянскага. Каламіец (Рыбы, 113–117) прыходзіць да высновы пра славянскае паходжанне назвы, якая павінна разглядацца як субстратная з няяснай этымалогіяй, што ўзгадняецца з меркаваннямі Махэка (там жа) адносна “праеўрапейскага” паходжання слова.
Судамы́я ’асоба, што іншых абмаўляе’, судамы́іць ’абгаворваць’ (Варл.). Укладальнік слоўніка звязвае з судзіць ’абгаворваць’ і мыць ’паласкаць’: sudzie i myje jazykom (там жа), што можа ўспрымацца як народнаэтымалагічнае тлумачэнне, параўн. рус. судомо́йка ’пасудамыя; хвашчанка (для мыцця пасуды)’, гл. судзіна, суды. Не выключана сувязь з судо́м (гл.), аргат. судо́міць ’судзіць’ (Веснік БДУ, 1994, 4, 48), параўн. рус. дыял. судомить ’лаяць’.
Су́дарга ’сутарга’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Станк.), су́дорга ’тс’ (ТС), су́дырга ’тс’ (Бяльк.); з адсячэннем ‑га су́дар ’сутарга’ (Шат., Бір. Дзярж.; віл., Сл. ПЗБ; дзярж., З нар. сл.), су́т(а)ргі ’корчы, кіданне’ (Некр. і Байк.). Укр. су́дорга ’сутарга’, дыял. су́дорога ’рабізна на вадзе ад хуткага цячэння’ (Чарапанава, Геогр.), рус. су́дорога ’сутарга’, дыял. су́дорга ’тс’. Рус. і ўкр. словы ўзводзяцца да су- і *drъgati ’торгаць’, параўн. дзёргаць (Нас.), укр. дергати, рус. дёргать, параўн. літ. sudìrgti ’раззлавацца’; Міклашыч, 42; Брукнер, KZ, 48, 216; Фасмер, 3, 796. Гл. сутарга. Меркаванне пра запазычанне з рускай або ўкраінскай моў у кантактных зонах мае неабавязковы характар, паколькі магчыма азванчэнне ‑т‑ у сутарга ў інтэрвакальным становішчы. Варбат (Слав. языкозн., VII, 105) для беларускіх і ўкраінскіх слоў узнаўляе прасл. *sǫdьrga, для рус. — *sǫdorga.
Суда́чыць ’гаварыць, гаманіць’ (Сл. ПЗБ), ’абгаворваць’ (Сержп. Прымхі). Па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна запазычанне з рус. суда́чить ’гаманіць, абмяркоўваць’; хутчэй ад *судакаць, суадносным з судзіць, гл.; параўн. рус. суда́каць ’тс’ (выводзіцца з суда́к ’дрэнны суддзя’, гл. Праабражэнскі, 2, 413; Фасмер, 3, 795).
Суддзя́ ’службовая асоба ў судзе, якая выносіць прыгавор’, ’чалавек, які выказвае суджэнне, думку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шымк. Собр.), судзья́, судзя́ ’суддзя; хто знеслаўляе, ганьбіць’ (Сл. ПЗБ), судзья́ ’суддзя’ (ТС), ст.-бел. судья ’тс’ (XIV ст., КГС). Укр. суддя́, рус. судья́, стараж.-рус. судіꙗ, суди, судии, ст.-польск. sędziá, чэш. sudí, серб.-харв. су́дија, славен. sọdij, балг. съдия́, макед. судија, ст.-слав. сѫди, сждии. Прасл. *sǫdьji — назва выканаўцы дзеяння ад *sǫditi, гл. судзіць (Борысь, 542).
Су́джаны ’прызначаны лёсам’ (Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Бяльк.), су́джоны ’тс’ (ТС), су́жаный (суженый) ’тс’ (Нас.), сужо́нко ’нарачоны, у дзень шлюбу — малады’ (Тур.), су́жанка ’вызначаная лёсам’ (Гарэц.). Ад судзіць ’прызначаць, прадвызначаць’, гл. таксама сужэнства.
Су́дзень ’вялікі саламяны кош’ (Сцяшк. Сл.), ’суднік’ (Мат. Гом.). Да суд‑ (гл. наступнае слова) з суф. ‑ень.
Су́дзіна ’пасудзіна’ (Сцяшк., Нар. лекс.), судзі́на ’тс’ (ТСБМ, Варл.; гродз., ЖНС), ’невялікая кадушачка для мукі і збожжа’ (узд., Жд. 2), ’вялікая кадушка (на 30–50 пудоў зерня)’ (Сцяц. Сл.), суды́нка ’збанок’ (Дразд., ДАБМ, камент., 822), су́дзя зборн. ’драўляны посуд’ (гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. судина ’пасудзіна, ёмістасць’, ’судна, лодка’ (Ст.-бел. лексікон). Да су́ды (гл.).