Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вярэ́нька ’торбачка на хлеб, сплеценая з бяросты’ (Некр., Шат.); ’берасцяная кашолка’ (Працы, 6), лун. вэрэ́нька ’кошык для ягад’ (Шатал.), укр. вере́ня ’раднінка’, бук. вере́нь, вере́ня ’дзяруга’, рус. вере́нька ’плецены кошык’, уладз., кастр. ’венцер’. Звязана з літ. vérti ’нанізваць, уцягваць нітку’, лат. vērt ’нанізваць’, грэч. ἀείρω ’звязваю’, алб. vjer ’вешаю’ і інш., а таксама з вярэні (гл.). Сюды ж вярэ́ня ’кошык’ (Шн., 3); ’торбачка’ (мін., Жыв. сл.); ’някемлівы, мешкаваты чалавек, няўдалы’ (Янк. I, докш., Янк. Мат.).

Вярэ́паўка ’земляная жаба, рапуха’ (Жд., 2, Некр., Шат.); ’тоўстая, непаваротлівая і неахайная жанчына’ (Некр., Шат.); ’няўклюда’ (слуц., Жыв. сл.). У іншых славян лексема адсутнічае. Магчыма, узнікла ў выніку кантамінацыі літ. varlė̄ і бел. *рэпаўка; параўн. укр. ропа́вка, якое да слав. rop‑uxa. Інакш Краўчук (ВЯ, 10, 1976, 71). Фасмер (3, 503) звязвае апошняе з ропа́ ’гной’, Траўтман (246) і Мюленбах-Эндзелін (3, 478, 479) — з літ. ropóti, лат. rāpot ’поўзаць’. Трубачоў (Фасмер, 3, 503) усе рус., бел., укр. формы з пачатковым роп‑ лічыць запазычаннем з польск. ropucha < chropucha (Брукнер, 463). Гл. варопаўка.

Вярэ́паць ’плявузгаць’ (КТС, М. Паслядовіч). Узнікла ад вярэкаць (гл.) пад уплывам лексемы вярэ́паўка.

*Вярэ́цея, усх.-палес. ’нізкае балоцістае, амаль непраходнае месца’, веретье́ ’расчышчаная паляна ў лесе’, цэнтр.-палес. вэрэ́тія ’ўзвышанае сухое месца сярод балота’, зах.-палес. вэрэ́тыя ’невялікі астравок сушы сярод балота’, вэрэ́тыйка ’падмыты край берагу’ (Талстой, Геагр.), беш. верацея ’узгорак сярод балота з асіннікам’ (Касп.), паўн.-рус. вере́те́я, вере́ти́я, вере́тья́ ’сухое месца на балоце, ля рачной абалоны, зарослае лесам, кустамі’; ’паляна ў лесе’; ’стромы бераг’; ’узгорак у лесе’ і інш., разан. веретье ’высокае месца’; ’бальшак’, дан. ’лясная плошча паміж двума азёрамі’, славен. vrétje, rétje ’крыніца’; ’месца, дзе знаходзіцца некалькі крыніц’. Прасл. vertьje ’тое, што заключаецца; хавацца, зачыняцца’ (Голуб-Копечны, 424). Талстой (Геагр., 134) прапануе наступны семантычны пераход: ’крыніца (месца пад зямлёй, дзе «зачынена» вада’; параўн. рус. ключ ’крыніца’)’ → ’нізкае месца на балоце’ → ’высокае, сухое месца сярод балота’. Гл. таксама верацея. Параўн. Фасмер, 1, 297, 299.

Вярэ́ці ’месца на два ці чатыры бакі абапал чаго-небудзь’ (ст.-дар., Яшк.). Да вярэ́цея (гл.).

Вярэ́юшка ’шула’ (Шн., 1) — дэмінутыў ад верая́ (гл.).

Вярэ́я ’шула, слуп’ (Сцяшк., воран., Шатал.). Да верая́ (гл.).

*Вясе́лік1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік2, вяселік3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка1, весялу́ха2.

Вясе́лле, вясе́лля, весі͡еле, высі́льле, вясе́лё ’вясельная дружына’; ’вяселле’ (БРС, Нас., Булг., Мядзв., Гарэц., Шат., Мал., Грыг., Бяс., віл., З нар. сл., Сцяшк., ДАБМ, к. 338), укр. весі́лля ’тс’, рус. паўдн., смал., пск., валаг., арханг., урал. веселье ’вяселле’, свярдл., арханг. ’вечарынка’, ст.-рус. веселье ’радасць, забава, пацеха’; ’вяселле’, польск. wesele ’весялосць, радасць, забава’; ’бяседа’; ’банкет’; ’вяселле’; ’шлюб у касцёле’; ’хрэсьбіны’, н.-луж. wjasele ’радасць, весялосць’, в.-луж. wjeselo ’радасць, пацеха, асалода, забава’, чэш. veselí ’вясёлы, радасны настрой, весялосць’; ’вясёлая забава’; ’вяселле’, славац. veselie ’вяселле’, уст. ’весялосць, забава, добры настрой’, славен. vesélje ’радасць, пацеха, забава, асалода’, серб.-харв. весе́ље ’бяседа, забава, весялосць’, макед. веселие ’весялосць, банкет, бяседа’; ’урачыстасць, свята’, балг. веселие ’весялосць, свята’. Да прасл. veselьje, якое ўтворана ад вясёлы (гл.) і абстрактнага суф. ‑ьje.

Вясе́лліка ’вяселлейка’ (Нас.). Утворана пры дапамозе памяншальна-ласкальнага суф. ‑ейк‑а ад наз. вяселле (гл.).