Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ско́лькі 1 ‘плямы тлушчу ў варыве’: жырные сколькі (Куч.). Гл. скалка 2.

Ско́лькі 2 ‘колькі’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сколь ‘тс’ (ТС). Гл. колькі. Сюды ж ско́люзна экспр. ‘колькі’ ад асновы *skolʼ‑ (параўн. рус. сколь ‘як многа’) і суф. ‑уз‑, які выражае значэнне вялікай колькасці, адсюль сколю́знасць ‘багацце’ (Мат. Гом.).

Ско́ма ‘аскома’ (Бяльк., Байк. і Некр.; ТС; гродз., Нар. лекс., Скарбы), ‘ахвота’ (Мат. Гом.). Гл. аскома.

Ско́міць ‘скрыпець’: скоміл чабатамі (ваўк., Рам.). Рэдкая фіксацыя бяссуфікснага дзеяслова ад ском‑ у зыходным (“слыхавым”) значэнні. Гл. наступнае слова.

Ско́мліць ‘нудзець, енчыць, ныць’ (Сл. рэг. лекс.; зэльв., Нар. лекс.), скі́млыты ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.), скомлы́ты, скы́млыты ‘скуголіць, енчыць ад непапраўнага гора’ (пін., Нар. лекс.; драг., З нар. сл.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць; ціха жаласна плакаць’, рус.-ц.-слав. скомълати ‘бурчаць’, рус. дыял. скомли́ть ‘тс’, польск. skomleć ‘скавытаць, скуголіць, канькаць’, чэш. skomliti ‘быць’, в.-луж. skomlić ‘бурчаць’, н.-луж. skomliś ‘скавытаць, бурчаць’, славен. skomljati ‘стагнаць, скардзіцца; нудзіцца . Прасл. *skomъliti, хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання. Можа быць звязана з скома ‘аскома’, скоміць ‘скрыпець’ (гл.), параўн. Праабражэнскі, 2, 304–305; Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243; Фасмер, 3, 649. Іншыя меркаванні гл. Бязлай, 3, 245 (праз рухомае s‑ зводзіць да рус. комить ‘сціскаць’ і далей да роднаснага літ. kamúoti ‘мучыць, пазбаўляць сілы’), Шустар-Шэўц, 1292–1293 (звязвае з *komarъ, гл. камар), Махэк₂, 547 (кантамінацыя асноў *skol‑, што да літ. skãlyti ‘завываць’ і *skom‑, гл. скома), да якога далучаецца ЕСУМ, 5, 273.

Скон ‘момант наступлення смерці’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Мат. Гом., Растарг.). Да канаць, кон (гл.).

Скоп 1 ‘вылегчаны баран’ (іўеў., шальч., Сл. ПЗБ; ушац., кам., ЛА, 1). Гл. скапец 2.

Скоп 2 ‘гурт, кампанія, грамада’ (Бяльк., Сцяшк. Сл.), скопам ‘гуртам, натоўпам’ (Бяльк.). Гл. капа́.

Ско́пак ‘вядро’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. дыял. скопе́ць, шко́пок ‘дайніца’, польск. skopek, szkopek ‘драўляная дайніца’. Запазычанне праз польскую мову, у якасці крыніцы прыводзяць ст.-в.-ням. skaph ‘пасудзіна (для вадкасцей)’ (Брукнер, 494–495; ЕСУМ, 5, 279).

Ско́рам ‘тлустая скаромная ежа’ (Нас.; брасл., ашм., воран., кам., Сл. ПЗБ). Укр., рус. ско́ром, стараж.-рус. скоромъ ‘тлушч, масла’, ‘скаромная ежа’, рус.-ц.-слав. скрамъ ‘тлушч, маслістасць’, польск. skrom ‘тлушч, сала’, серб.-харв. скра̏ма ‘плеўка, футра, струп’, балг. скрам ‘слой тлушчу пад ежай’, макед. скрама ‘плёнка, пенка (на паверхні вадкасці)’. Прасл. *skormъ ‘тлушч’ таго ж паходжання, што і корм, карміць (гл.), ад і.-е. кораня *(s)ker‑ ‘рэзаць’, з ‑m‑ пашыральнікам, г. зн. ‘тое, што аддзіраецца, адразаецца, напрыклад, слой тлушчу, сала і г. д.’; гл. Фасмер, 3, 653; Брукнер, 496; Скок, 3, 269; БЕР, 6, 790; Пятлёва, Этимология–1974, 16; Мартынаў, Этимология–1968, 17. Іншыя версіі: параўнанне з лац. cremor ‘густы сок, які здабываецца з раслінных рэчываў’ (гл. Патабня ў Праабражэнскага, 2, 308), або з літ. šeŕti ‘карміць скаціну’, грэч. κορέυνΰμι ‘накормліваю’ і г. д. (Вальдэ-Гофман, 1, 204) — адхіляюцца па фанетычных прычынах. Параўн. корм.

Скорб м. р. ‘смутак’ (ТС). Укр. скора́ ‘тс’, рус. скорбь, ст.-рус. скърбь, серб.-харв. скр̑б ‘клопат’, славен. skȓb ‘тс’, балг. скръб, ст.-слав. скръбь ‘му́ка, няшчасце, гора’. Прасл. *skъrbь ‘смутак, клопат’, *skъrběti ‘смуткаваць; тужыць’, якія роднасныя літ. дыял. skur̃bti ‘смуткаваць’, skurbė ‘смута, гора, нястача’, лат. skúrbt, skurbstu ‘хмялець, траціць прытомнасць’, skur̂ba ‘галавакружэнне; ап’яненне; цечка (у авечак)’. Паводле Ларына (История, 42), сучасныя значэнні пераносныя на базе першаснага ‘хвароба’. Мяркуюць, што славянскія словы маюць агульнае паходжанне з рус. вяц. ско́рблый ‘ссохлы, зморшчаны; заскарузлы, закарэлы’ (сюды ж адносяцца зафіксаваныя Ластоўскім ско́рбнуць ‘карэць; дубець’, ско́рблік ‘крухмал’, скарблі́ць ‘прыдаваць жорсткасць тканіне’), якое суадносіцца з ст.-ісл. skarf ‘зморшчаны, худы, востры’, ст.-в.-ням. skar(p)f, с.-в.-ням. scharpf ‘востры’, што ўрэшце ўзыходзяць да пашыранай формы і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’: *(s)kerb(h)‑/*(s)kreb(h)‑, параўн. серб.-харв. oskŕbiti ‘параніць’ і ‘задаць смутку’, а таксама ‘клапаціцца’. Паводле Мартынава (Язык, 44), апошняе — вынік перабудовы семантыкі ў паўднёвых славян пад уплывам іншамоўных пранікненняў.

Ско́рка ‘скарынка’ (Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), скора́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. скора ‘скура’. Працяг прасл. *(s)kora, *(s)korъka, якія ў рус. арл., разан. скора́ ‘кара дрэў’, ско́рка ‘скарынка’, укр. скі́ра, скі́рка ‘скура’, дыял. ско́ра ‘кара, скура’, ц.-слав. скора ‘кара’, польск. skóra, skorka ‘скура, скарынка’, в.-луж. skora, skórka ‘тс’, н.-луж. skóra, škóra, škorka ‘тс’, чэш. skora ‘скура’, славен. skóra, skórja ‘кара, скарынка’. Да і.-е. кораня *(s)ker‑ ‘рэзаць, аддзяляць, з першасным значэннем ‘(здзёртая) скура, (неапрацаваная) скура жывёліны’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skarà ‘адрэзаны шкут’, лат. skara ‘кучаравая воўна, абрывак’, ст.-в.-ням. scëran ‘стрыгчы’, лац. scortum ‘скура’, літ. skírti, skiriù ‘раздзяляць’ (Траўтман, 266–267; Мюленбах-Эндзелін, 3, 872 і наст.; Брукнер, 495; Фасмер, 3, 650–651; Махэк₂, 547; Сной₁, 574; Борысь, 553). Меркаванні Козырава (Очерки, 156) пра замацаванне ў беларускай мове скорка ‘скарынка’ пад уплывам польск. skórka ‘тс’ з улікам лінгвагеаграфіі назвы не маюць падстаў. Гл. яшчэ скура і кара, скарынка. Да таго ж кораня належаць скрабаць, шчарбіна. Гл. таксама Новое в рус. этим., 209; ЕСУМ, 5, 280; Глухак, 550, 610; БЕР, 6, 805.