Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скнепа ‘скнара, жмінда’ (Шымк. Собр.). Няясна; магчыма, да кніпаць ‘вязаць’ (гл.), што лічыцца балтызмам (Лаўчутэ, Балтизмы, 68), або роднаснае ўкр. скні́ти ‘ныдзець, мучыцца’, якое звязана з склець, гл. (ЕСУМ, 5, 276). Менш верагодная сувязь з рус. скни́па ‘вош’ (< с.-грэч. σκνίπα ‘камар, блыха’, гл. Фасмер, 3, 643).

*Скнеціць, скнэ́тыты ‘сасцябаць (звычайна пра дождж)’, кнэ́тыты ‘біць, сцябаць’ (Клім.). Магчыма, да гнесці (гл.), параўн. укр. гніти́ти ‘гнясці; біць’, з аглушэннем пачатковага г.

Скны́га ‘дакучліва хныкаючы, плачучы’ (Пан. дыс.), скныгата́, скныго́цце ‘кволы, слабы чалавек’, скны́гаць ‘дакучліва хныкаць, пішчаць’ (там жа). Магчыма, ад кныкаць ‘перажываць’, гл.

Скны́да ‘скнара’ (карэліц., З нар. сл.). Кантамінацыя скнара і ныдзець, ныднік, гл.

Скня́га ‘скнара’ (Барад.). Да кня́гаць ‘канючыць, выпрошваць’, гл.

Ско́ба ‘дручок, палка (у плоце)’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да ска́ба (гл.).

Ско́бля ‘цяслярская прылада ў выглядзе нажа з ручкамі на канцах (ТСБМ, Шат., Касп., Яшк. Мясц., Бяльк., Варл., Янк. Мат., Сл. ПЗБ), скабёлка ‘тс’ (Касп.), скабялёк ‘струг з адной ручкай’ (Нік. Очерки). Укр., рус. ско́бель, рус.-ц.-слав. скобль, польск. skobla, чэш. skoble ‘жалезная скобка ў хамуце’, славац. skobľa, славен. skȏblja, серб.-харв. ско̎бља дыял. ‘клямар’, балг. ско́бел. Прасл. *skobelь, *skobla. Ад страчанага яшчэ на праславянскім узроўні, як мяркуе Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), *skobiti, параўн. аднак скабіць (гл.), каш. skobić ‘здзіраць кару з дрэва’ (гл. SEK, 4, 281), з суф. ‑elʼ‑, ‑lʼa. Параўн. літ. skõbti, skobiù ‘скрэбці, зрываць’, skabýti, skabaũ ‘тс’, skabùs ‘востры’, лац. scabō, ‑ere ‘скабліць, скрэбці, часаць’, гоц. skában ‘скрэбці, стрыгчы’ і інш. Гл. Траўтман, 262; Мюленбах-Эндзелін, 3, 863; Вальдэ-Гофман, 2, 484; Фасмер, 3, 643. Младэнаў (584) выводзіць ад *skoba (гл. скаба́); Брукнер (494) таксама параўноўвае формы, што адпавядаюць скаба́ і скобля. Гл. яшчэ БЕР, 6, 761; Сной₁, 573.

Ско́варад ‘калодзезь з ланцугом, прымацаваным да вала’ (Сцяшк.). Гл. коварат2.

Ско́гат ‘віск, енчанне’ (Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Байк. і Некр., Мядзв.). Гл. скагатаць. Сюды ж ско́гліць ‘вішчаць (пра сабак і парасят)’ (Шымк. Собр.), ‘скавытаць’ (ТС), ‘плакаць, хныкаць’ (Растарг.), ско́гліць, скаго́ліць ‘брахаць з завываннем (пра сабак); голасна плакаць з усхліпамі’ (Варл.), параўн. укр. ски́глити ‘кігікаць (пра кнігаўку)’, дыял. ского́літи ‘тс’, рус. смал. ского́лить ‘вішчаць, енчыць (пра жывёлу)’. Гукапераймальнага паходжання, гл. Фасмер, 3, 644; ЕСУМ, 5, 271.

Ско́іцца ‘адбыцца’ (ТС), ‘знябыцца, абцяжарыцца’ (Варл.). Прыставачнае ўтварэнне ад *kojiti, параўн. укр. ско́їти ‘зрабіць нешта нядобрае, учыніць’; чыстая аснова прадстаўлена ў койкнуць ‘памерці’, гл.