Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ско́рка ‘скарынка’ (Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), скора́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. скора ‘скура’. Працяг прасл. *(s)kora, *(s)korъka, якія ў рус. арл., разан. скора́ ‘кара дрэў’, ско́рка ‘скарынка’, укр. скі́ра, скі́рка ‘скура’, дыял. ско́ра ‘кара, скура’, ц.-слав. скора ‘кара’, польск. skóra, skorka ‘скура, скарынка’, в.-луж. skora, skórka ‘тс’, н.-луж. skóra, škóra, škorka ‘тс’, чэш. skora ‘скура’, славен. skóra, skórja ‘кара, скарынка’. Да і.-е. кораня *(s)ker‑ ‘рэзаць, аддзяляць, з першасным значэннем ‘(здзёртая) скура, (неапрацаваная) скура жывёліны’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skarà ‘адрэзаны шкут’, лат. skara ‘кучаравая воўна, абрывак’, ст.-в.-ням. scëran ‘стрыгчы’, лац. scortum ‘скура’, літ. skírti, skiriù ‘раздзяляць’ (Траўтман, 266–267; Мюленбах-Эндзелін, 3, 872 і наст.; Брукнер, 495; Фасмер, 3, 650–651; Махэк₂, 547; Сной₁, 574; Борысь, 553). Меркаванні Козырава (Очерки, 156) пра замацаванне ў беларускай мове скорка ‘скарынка’ пад уплывам польск. skórka ‘тс’ з улікам лінгвагеаграфіі назвы не маюць падстаў. Гл. яшчэ скура і кара, скарынка. Да таго ж кораня належаць скрабаць, шчарбіна. Гл. таксама Новое в рус. этим., 209; ЕСУМ, 5, 280; Глухак, 550, 610; БЕР, 6, 805.

Скорс, скорш ‘загнутая частка полаза’ (брэсц., Нар. словатв.), ско́рсы, уско́рсы, ско́рчні ‘галоўка ў палазах’ (ЛА, 2), ско́ршні ‘тс’ (барыс., Сл. ПЗБ), ско́рчэнь, ско́рсэнь, ско́рсінь, ско́рсень ‘загнуты канец полаза’, ‘планка, што ідзе ад галоўкі полаза да першага капыла’ (Маслен.). Укр. скорс ‘загнуты канец полаза ў саней; адрэзак пня, які служыць балванкай для вырабу люлькі’, ско́рсина ‘частка дрэва, якая выкарыстоўваецца на палазы’, ко́рса ‘полаз у саней’, корс ‘выгін полаза’, ско́рца ‘загнуты канец полаза’, польск. дыял. усх. korsa, korza, звыч. мн. л. korsy, korzy ‘загнутыя часткі палазоў, насы палазоў’, з украінскай, гл. Слаўскі. 2, 498 і наст. Украінскія словы Слаўскі (там жа) ставіць у сувязь з рус. корёжить ‘карабаціць’, дыял. корга́ ‘крывая галіна; палка, загнутая на канцы і г. д.’, далей да і.-е. *kr̥‑g‑: *kr̥‑ǵ‑. У ЭССЯ (13, 240) падаецца прасл. *kъrsъ, да якога апрача ўкраінскіх лексем узводзяцца яшчэ чэш. krs ‘маларослае чахлае дрэва’, krsek ‘карлікавае дрэва’, krsati ‘змяншацца, апускацца’, ст.-рус. корсокъ ‘кавалак, пласт, скіба’, якія параўноўваюцца з ст.-інд. krśá ‘худы, слабы чалавек’, авест. kərəsa‑ ‘худы’, што ўзыходзяць да экспрэсіўнага і.-е. *krko‑. ЕСУМ (3, 43) узнаўляе прасл. *kъrsъ/*kъrsь < *і.-е. кораня *kr̥‑kʼ‑, паралельнага *kr̥‑k‑, ад якога ўтворана прасл. *kъrčь ‘корч’. Іншая версія ў Пятлёвай, якая на рускім дыялектным матэрыяле з гэтым коранем узнаўляе прасл. *kъrsati < *kъrt‑s‑ati ‘рэзаць’, гл. Этимология–1976, 137–139.

Ско́ры ‘які адбываецца з вялікай хуткасцю; хуткі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ‘хуткі (у рабоце)’ (ЛА, 3), ‘хуткі, нецярплівы’ (Сл. ПЗБ), ско́ра ‘хутка, жвава’ (Варл.). Укр. ско́рий, рус. ско́рый, стараж.-рус. скоръ, польск. skory ‘скоры’, skoro ‘як толькі, амаль’, в.-луж. skerje, н.-луж. skóro ‘скора; амаль’, чэш. skorý ‘скоры’, skoro ‘амаль’, славац. skorý, серб.-харв. ско́ро ‘нядаўна’, славен. skóro, skȏraj ‘скора; амаль’, балг. ско́ра ‘скора, хутка’, макед. скоро ‘хутка; нядаўна; у хуткім часе; амаль’, ст.-слав. скоръ ‘хуткі, раптоўны; лёгкі’. Прасл. *skorъ, *skoro. Роднасныя літ. skėrỹs ‘саранча’, лат. šķir̃gata, šķirgālis ‘яшчарыца’, грэч. σκιρτάω ‘скачу’, ст.-ісл. skári ‘маладая чайка’, с.-н.-ням. scheren ‘спяшацца’. Гл. Покарны, 934; Фасмер, 3, 654 (там жа і літ-pa); Младэнаў, 585. Ад і.-е. кораня *sker‑ ‘рэзаць’ > ‘хуткі рух’; гл. БЕР, 6, 781–782. Сной₁ (574) выводзіць ад і.-е. *skoro‑ < *sker‑ і параўноўвае з ст.-ням. scerōn ‘разбэшчаны, нахабны’ і роднаснымі. Роднасць з ст.-в.-ням. rasc, ням. rasch, мяркуемая Махэкам₂ (547), па фанетычных прычынах адмаўляецца Шустарам-Шэўцам, 1295.

Скос ‘валок скошанай травы’ (ТС), ‘пакошаны луг’ (крыч., ДАБМ, камент., 856), ско́ша ‘тс’ (лельч., там жа), ско́скі ‘апошні дзень касьбы’ (Варл.). Ад скасіць (гл. касіць).

Скот1. Гл. скаціна.

Скот2 ‘схіл’ (Янк. 3.). Звязана чаргаваннем галосных з скат ‘тс’, якое ад скаціць(ца) < каціць, гл.

Ско́ўзка, ско́ўзко ‘слізка, коўзка’ (Скарбы, ТС), скоўзну́ць ‘саслізнуць’ (ТС). Формы суадносныя з прасл. *skl̥zati (*skl̥ziti), працягам якога з’яўляюцца ўкр. сковзати(ся), рус. дыял. ско́льзать, ско́льзать(ся) ‘коўзацца на лёдзе’, ст.-польск. skiełzać się ‘нахіляцца да чаго-небудзь’ (параўн. прыслоўе skiełzem ‘крыва, коса’, гл. скелз), чэш. sklouzati (se) ‘коўзацца, катацца на лёдзе, снезе’, славац. sklzať (sa) ‘коўзацца’, прадстаўленыя пераважна на паўночнаславянскай тэрыторыі, акрамя харв. кайк. skuzek ‘слізкі’, што з’яўляецца выключным архаізмам на паўднёваславянскай тэрыторыі. Названыя формы з рухомым s‑ проціпастаўлены формам без яго з каранямі *kl̥z‑ (гл. коўзацца) і *chl̥z‑, параўн. балг. хлъ́згаво ‘слізка’ (Борысь, Czak. stud., 93–94; Etymologie, 354–355). Па паходжанні названыя карані, хутчэй за ўсё, маюць анаматапеічны (імітатыўны) характар, параўн. выклічнік коўзь!, які можа быць старой дэрывацыйнай асновай слова.

Ско́чка ‘блыха’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Бір. дыс., Байк. і Некр., Жд. 1, Сержп. Прымхі). Да скочыць, скакаць, з суф. ‑к(а).

Ско́чкі ‘шматгадовая травяністая, з сакавітым лісцем расліна сямейства таўсцянкавых’ (ТСБМ), ‘расліна Sempervivum L.’ (Кіс.), ско́чка ‘скочкі’ (Янк. 3., Сл. Брэс., ТС, ЛА, 1). Укр. ско́чка, польск. skoczek, skoczki ‘тс’. Да скакаць, скочыць (гл.), таму што маладыя разеткі расліны, адрываючыся, адскакваюць ад мацярынскай расліны.

Ско́чыкі ‘агаткі двухдомныя, Antennaria dioica Gaertn.’ (Кіс.), ско́чкі ‘тс’ (Жд. 2). Відавочна, да скочыць (гл. скакаць). Матывы намінацыі не зусім ясныя, магчыма, аналагічна папярэдняму слову, таму што ад парасткаў расліны, якія ляжаць на зямлі, адрастаюць новыя разеткі лісцяў.

Ско́чыць — аднакратны дзеяслоў да скакаць (гл.). Варбат (Этимология–2003–2005, 24–25) прасл. *skočiti выводзіць ад **ščekti (> *ščekati, гл. шчыкаць) з ітэратыўнай ‑i‑ асновай пры каранёвым вакалізме ў ступені *o, пацверджаннем чаго з’яўляецца шчыката́ць ‘бегчы, дробна перабіраючы нагамі’, гл.