Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сі́таўкі (ситавки) ‘від грыбоў’ (Шымк. Собр.). Відаць, да сітавы, сіта (гл.), параўн. рашэтнік (гл.).

Сіткава́ты ‘неаплоднены (пра яйка)’ (воран., Сл. ПЗБ). Няясна.

Сі́тнік ‘расліна сямейства асаковых, што расце пераважна на сырых, балоцістых месцах’ (ТСБМ, Мат. Гом., ТС), ‘сіт скучаны, Juncus conglomeratus L.’ (маг., Кіс.; Бяльк.), ‘расліна Juncus campestris L.’ (Меер Крыч.), ‘чарот або сапсаванае сена’ (ПСл), ‘рачны або азёрны чарот (Касп., Нік. Очерки), ‘трава’ (Бес.), ‘сіт’ (Расл. св.), сі́тнік, сі́днік ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сітня́к ‘чарот лясны, Scirnus silvaticus L.’ (Кіс., Мат. Гом., Байк. і Некр.), ‘снапы сухога рагозу’ (Пятк. 2). Укр. си́тник, рус. си́тник, серб.-харв. ситник ‘расліна Schoenus L.’. Прасл. *sitъnikъ, вытворнае ад мяркуемага *siti ‘плясці’ (Мяркулава, Этим. иссл., 6, 20), гл. сіт.

Сі́тніца1 ‘ажына валасістая, Luzula pilosa (L.) Willd.’ (маг., Кіс.), ‘ажына, Luzula (Байк. і Некр., Інстр. 2). Да сіт, сі́тнік (гл.); назва дадзена з прычыны змяшэння з сітнікам (гл. Аненкаў, 200).

Сі́тніца2 ‘хлеб, спечаны з прасеянай мукі; сітны (або белы) хлеб’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, Ян., Жд. 1, Янк. 2, Варл.), ‘сітная мука’ (Нар. сл.), сі́тнік ‘сітны хлеб’ (Касп., Нік., Оч., Мат. Гом., Нар. сл.), сітня́к (Сцяшк.), сі́тны (Нас., Др.), сі́тны хлеб (Сл. ПЗБ) ‘тс’, сі́тні ‘пшанічны’ (Сцяшк. Сл.). Дэрыват ад сі́тны ‘прасеяны праз сіта’, якое ад сіта (гл.).

Сітро́ ‘фруктовы безалькагольны газіраваны напітак’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. ситро́ ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), з’явілася ў перыяд 1920–1930 гг. (Баханькоў, Гіст. лекс., 272). Рус. ситро́ ўтворана ад франц. citronnade ‘сітро, ліманад’ і звязана з франц. citron ‘лімон’ (гл. Трубачоў, Дополн., 3, 628).

Сі́тца. Гл. сітцо.

Сі́тцавы ‘паркалёвы’ (Бяльк.), сі́тцы ‘паркалі’ (Касп.), сі́цец ‘паркаль’ (Бяльк., Ян., Сцяшк.). Запазычанне з рус. си́тец, си́тцевый, якое з нідэр. sits ‘тс’; апошняе ўзыходзіць да хіндзі chît, chîn або бенгалі chits, ст.-інд. citrás ‘стракаты’ (Фасмер, 3, 628; Праабражэнскі, 2, 290).

Сітцо́ ‘сузор’е Плеяды’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк.; паст., лях., шальч., узд., Сл. ПЗБ), сі́тцы ‘тс’ (Касп.), сітцо́ ‘сузор’е Дзевы’ (Жд. 3), сі́тко ‘тс’ (Сержп. Грам.), сі́цечка ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.) ‘тс’, сі́тка, сі́тко́, сі́точка, сі́тца ‘сузор’е Вялікая Мядзведзіца’ (смарг., паст., віл., шчуч., гродз., Сл. ПЗБ; ЛА, 2). Да сіта (гл.); сузор’і названыя па скапленні невялікіх зорак, параўн. “…гусценька-гусценька звёзды садзяць” (Сл. ПЗБ). Паводле Машынскага (Atlas, 1, 3), назвы з такой матывацыяй вядомыя ў Беларусі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і інш. краінах.

Сі́ты (сіе́ты) ‘гэты’ (беласт., Сл. ПЗБ), сі́тый ‘тс’ (кам., Ск. нар. мовы; ЛА, 2): сі́тый чолове́к, сі́та хата, сі́тэ дэ́рыво (кам., Жыв. сл.), сы́тэ ‘гэтае’: сы́тэ порося́ худэ́е (кам., Шатал.), сі́тэ, сы́тэ ‘гэта’ (Сл. Брэс.). Спалучэнне ўказальных займеннікаў, што ўзыходзяць да *sь і *tъ (гл. сей, той): ст.-бел. сій ‘гэты’ сцягнулася ў сі, аналагічна ты/тый < тъй, та < та́я, тэ < то́е або тэ́е (Карскі 2-3, 194, 213).

Сі́ўка, се́ўка ‘ржанка’ (Ласт.). Гл. сявец.