Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сі́фка ‘сеяная цыбуля’ (Сл. Брэс.). Гіперкарэктнае сіўка, *сівка да дыял.сі́ваць ‘-сяваць’.

Сіха́ць: мала́нка сіха́е (лельч., ДАБМ, камент., 899). Гл. зіха́ць.

Сіхібо́ ‘магчыма’ (беласт., Ніва, 1995, 28 мая), сіхі́бо ‘мо, можа быць’ (Чэрн.), сыхыба́, сыхы́б ‘хіба’ (драг., З нар. сл.). Магчыма, спалучэнне ўказальнага займенніка сі (гл. сей) і злучніка хіба (гл. хіба). Параўн. сыба́ (гл.).

Сіці́ць ‘сыпацца, імжэць (пра дробны дождж)’ (Юрч. Вытв.). Параўн. укр. ситі́ти ‘дажджыць, імжэць’, рус. сити́вень ‘дробны дождж, імжа’, си́тник, ситу́ха, ситя́га ‘тс’, што, паводле Слаўскага (JP, 36, 73), звязаны з балг. си́тен ‘дробны’: си́тен дъжд ‘дробны дождж’, серб.-харв. си́тан ‘тс’ і выводзяцца ад *sito (гл. сіта). Гл. Трубачоў у Фасмер, 3, 628; ЕСУМ, 5, 245.

Січава́ ‘кавалак сталі для высякання агню’ (Касп.), січаво́ ‘крэсіва’ (Нар. сл.). Гл. сечыва.

Сія́ць ‘ззяць, зіхацець’ (Бяльк., ТС), с’яць (sjać) ‘тс’ (Пятк. 2), ст.-бел. сьѧти ‘тс’ (Альтбаўэр). Гл. ззяць.

Сі́-і-і ‘выгук, якім спыняюць вала ці каня’ (Варл.). Няясна; параўн. укр. сі, сі‑ссі ‘выгукі, якімі адганяюць кароў’, сі‑сі ‘вокліч, якім падклікаюць ягнят’ — таксама няяснага паходжання, гл. ЕСУМ, 5, 249.

Ска́ба ‘рабро’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ‘рабро кошыка’ (Сл. ПЗБ), ска́бы ‘рэбры, рэберная частка тушы’ (Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2), ска́бка ‘раберца’ (Шат.), ска́бкі ‘рэберныя кавалкі’ (Шн. 3), ска́біна ‘рабро’ (Нас., Бір. дыс., Янк. Мат.), ска́бʼя ‘тс’ (З нар. сл.), скабуры́на ‘рабро ў свіней, авечак’ (гродз., Жыв. сл.). Выключна беларускае. Мяркулава (Этимология–1983, 65) рэканструюе прасл. *skaba, *skaburina і ўзводзіць да кораня *skab‑ ‘драць, часаць, калоць’, параўн. літ. skõbti, skabiù ‘скрэсці, зрываць’. Сюды ж яна адносіць бел. шкаба (гл.), польск. chaby ‘косці, якія тырчаць з-пад скуры’ і рус. скабри́стый ‘моцна зхуднелы’. Польскае слова Слаўскі (SP, 1, 58), аднак, выводзіць ад прасл. *chabъ ‘благі, слабы’, а Брукнер (483), разглядаючы польск. chaby ‘свіное мяса пры рэбрах’ ставіць пытанне аб магчымасці запазычання. Аб запазычанні думаў і Насовіч (Нас., 580) і параўноўваў беларускае слова з літ. skabs ‘рабро’, але ў слоўніках гэта слова не адзначана. Карскі (Белорусы, 137) выводзіў з літоўскай мовы ска́ба ‘стрэмка, клін’, аднак слова са значэннем ‘рабро’ лічыў запазычаннем з польск. schab. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) узводзіць слова да літ. skobà ‘рабро’, параўн. яшчэ літ. skabís ‘востры’, skabèti ‘сячы, рэзаць’, лат. skabrs ‘востры’. Анікін (Опыт, 278) прапануе адрозніваць ска́ба ‘рабро’, якое лічыць балтызмам, і ска́ба ‘стрэмка, трэска’ (гл. скабка), што несумненна роднаснае скабліць, скобля (гл.). Астрэйка (АКД, 5) хоча бачыць у ска́ба, ска́бка, ска́біна ‘рабро’ семантычны балтызм, які разглядаецца як занальная намінацыя.

Скаба́1 ‘выгнуты металічны прут для злучэння чаго-небудзь, клямар’, ‘скобля’ (ТСБМ, ТС), ‘прыстасаванне, з дапамогай якога прымацоўваюцца кроквы да сцяны’ (Шушк.), ска́ба ‘ручка ў дзвярах’ (Растарг.). Укр. ско́ба ‘крук у дзвярах, прабой’, рус. скоба́ ‘тс’, серб.-ц.-слав. скоба ‘засцежка’, чэш., славац. skoba ‘планка, засаўка’, серб.-харв. ско̏ба, славен. skọ́ba ‘тс’, балг. ско́ба ‘скобка’, макед. скобичка ‘падкоўка (на падэшве)’. Прасл. *skoba ‘загнуты крукам прут, скобка’ да і.-е. *(s)kāmb‑ ‘крывіць, гнуць’. Роднасныя літ. kabė́ti ‘вісець’, kabė̃ ‘крук’, kablỹs ‘тс’, kìbti ‘чапляцца, вешацца’, лат. kablis ‘кручок, засцежка’ (Траўтман, 112). Далей параўноўваюць з лац. scamnum ‘услон’, ст.-інд. skabhnaā́ti ‘умацоўвае, падпірае’, грэч. σκαμδός; ‘крывы, сагнуты, выгнуты’; гл. Вальдэ-Гофман, 2, 487; Майргофер, 3, 507; Міклашыч, 300–301; Фасмер, 3, 643; Махэк₂, 546. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1290–1292; Сной₁, 573 (параўноўвае яшчэ з літ. sùkaba ‘крук, скобка’).

Скаба́2 ‘скапа, тушка Pandion haliaetus L.’ (Касп.; мазыр., ЛП). Укр. скаба́ ‘тс’. Параўн. укр. скобе́ць ‘птушка Accipiter gentilis’, рус. ско́бчик ‘ястрабок; перапёлачнік’, славен. skobec ‘арол, Falco haliaetos’. Лічыцца роднасным рус. ко́бец, ко́бчик ‘шулятнік’, якія, магчыма, гукапераймальнага характару; агляд версій гл. Фасмер, 2, 267–268. Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 120) адносіць сюды ж і рус. скопа (гл.); але ‑п‑ лічыцца няясным. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 260 (вынік дээтымалагізацыі скопа́, гл. скапа).

Скабапу́тра ‘падкіслены суп’ (даўг., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, з літ. skābputra ‘тс’.

Скабардзі́на ‘кашчэй (худы чалавек)’ (Касп.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) выводзіць з лат. skabardzîgs ‘востры, пранікаючы’ < skabar̂da ‘шчэпка, асколак, стрэмка’. Параўн. літ. skebérda ‘востры’; балтыйскія словы ўзыходзяць да кораня *skabh‑ ‘абрываць; скабліць’ (Траўтман, 262). У славянскіх мовах роднаснымі з’яўляюцца *skoblь, *skoblʼа і іх дэрываты; гл. Фрэнкель, 797, 799.