Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сі́сля ‘абарваная нітка ў кудзелі’ (свісл., Шатал.). Ад ⁺свісля < дыял. формы дзеясл. звісаць. Параўн. балг. сисло́ ‘некалькі вінаградных гронак, якія пакінуты на лозах’ з аналагічным фанетычным змяненнем св > с; гл. БЕР, 6, 703.

Сістэ́ма ‘лад’, ‘сувязь элементаў паміж сабой, размешчаных у пэўным парадку’ (ТСБМ), сыстэ́ма ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў праз рус. систе́ма ‘тс’ ці польск. systema, system ‘тс’. У значэнні ‘нервовая сістэма’ з’яўляецца ў пачатку XX ст. (Крамко, Гіст. мовы, 2, 146). Франц. système з лац. systēma ад грэч. σύστημα ‘складанне, укладанне’; гл. Фасмер, 3, 628; Брукнер, 512; ЕСУМ, 5, 244.

Сісю́лькі ‘сукараткі (на нітцы)’ (мёрск., Сл. ПЗБ). Няясна. Ад звісаць? Суф. ‑юльк‑, як у вісюлькі ад вісець.

Сі́ся дзіц. ‘цыца, цыцка’ (Ласт.), сі́сі дзіц. ‘ссаць цыцку’ (КСП), сіся́ ў выразе (ведае, знае) курыную сісю дый тую не ўсю (Барад.), сі́ська ‘сасок’ (Нас., Касп.), ‘грудзі’, ‘сасок’ (Сл. ПЗБ), сі́ська, сіська́ ‘тс’ (ЛА, 1), а таксама сісе́тнік ‘дзіця, якога кормяць грудзьмі’ (Барад.); сюды ж, відаць, ‘матачнік, ячэйка, у якой расце матка’ (палес., Анох.), сы́ська ‘тс’ (Сл. Брэс.). Рус. си́са, си́ся, си́ська ‘сасок’, балг. си́са ‘сасок’, серб.-харв. си̏са, славен. sisa ‘жаночыя грудзі’. Прасл. *sysa, аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *sysati ‘ссаць’, роднаснага ссаць (гл.). Фасмер (3, 627) сувязь усх. і паўд.-слав. слоў лічыць няпэўнай і мяркуе аб познім узнікненні слова.

Сіт ‘адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства сітавых, Juncus L.’ (ТСБМ, Кіс., Байк. і Некр.), сіта́ ‘тс’ (брасл., даўг., мёрск., Сл. ПЗБ), ‘чарот, Scirpus lacustris L.’ (Касп.), ‘сярэднеазёрная водмель, якая прыгодна для рыбалоўства і зарасла чаротам, сітняком’ (Яшк.). Рус. сит, сить, сита́ ‘чарот і іншыя балотныя расліны’, укр. сітня́г ‘від воднай расліны’, зборн. рус.-ц.-слав. ситникъ (XI ст.), ст.-польск. sit ‘чарот’, польск. sit, sitowie ‘чарот, сітнік’, каш. sit ‘чарот’, в.-луж. syće, syćina, н.-луж. syśe, syśina, ст.-чэш. sit, sítí, славац. sítina, серб.-харв. сит, си́та ‘чарот’, славен. sȋt, sȋta ‘тс’. Прасл. *sitъ, *sita ‘расліны Juncus, Scirpus’ звязана з сець, сіло́ (гл.), ад і.-е. кораня *sei̯‑ ‘плясці’, таму што ўсе гэтыя расліны выкарыстоўваюцца для пляцення. Гл. Махэк₂, 545; Мяркулава, Очерки, 43 і наст.; Фасмер, 3, 628; SEK, 4, 272. Роднасныя літ. siẽtas ‘вяроўка’, saĩtas ‘матуз, шнур’, лат. saĩte ‘завязка, матузоў, літ. siẽti ‘звязваць’, лат. sȉet ‘тс’; гл. Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; 637; Борысь, 549. Наяўнасць вытворных *sitъ, *sita, *sitnikъ (гл. сітнік), *setъ, паводле Мяркулавай (Этим. иссл. 6, 20), сведчыць пра існаванне дзеяслова *siti ‘плясці’. Меркаванні пра сувязь з сіта, сітавы (гл. наступнае слова), выказаныя Праабражэнскім (2, 290), знаходзяць падмацаванне ў ст.-ісл. sef ‘сітнік’ і ст.-англ. sife ‘сіта, рэшата’, ст.-в.-ням. sib, нова-в.-ням. Sieb ‘тс’.

Сі́та ‘прылада для прасейвання’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ), сі́то ‘тс’ (ТС), сіто́ ‘тс’ (воран., Сл. ПЗБ), сі́тка ‘сіта’ (Сл. ПЗБ), сі́тко, сітко́, сітцо́ ‘пчалярская сетка для засцярогі ад пчол’ (Шат., Сцяшк., Скарбы, Мат. Гом., З нар. сл., Сл. ПЗБ). Укр., рус. си́то, польск. sito, н.-луж. syto, чэш. síto, славац. sito, серб.-харв. си̋то, славен. síto, балг. си́то, макед. сито ‘тс’. Прасл. *sito утворана ад *sěti (гл. сеяць) з суф. ‑to; гл. Слаўскі, SP, 2, 39. Слова мае балтыйскія адпаведнікі, параўн. літ. síetas ‘дробнае сіта’, лат. siêts ‘тс’ (Траўтман, 254; Мюленбах-Эндзелін, 3, 836, 861; Міклашыч, 296; Фасмер, 3, 628). Інакш Махэк₂ (545), які ўтварае ад дзеяслова *sějati ‘сеяць’ < *sēi‑o‑ з першасным значэннем ‘трэсці нечым’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1403; БЕР, 6, 709. Ужо Міклашыч (296) дапускаў сціранне розніцы паміж зыходнымі лексемамі са значэннем ‘сеяць’ і ‘прасяваць’, якія ўспрымаюцца як амонімы, гл. ESJSt, 13, 810.

Сітава́ты ‘сітавідны’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Сцяшк., Варл.), ‘трухлявы’ (ТС), ‘трубчасты (аб косці)’ (астрав., пух., Сл. ПЗБ), сі́тавы ‘рэдкі, друзлы: сітавы крам, сітавае палатно, сітавы дуб (Янк. 2), ‘вынашаны, працёрты’ (Нар. сл., Ян.), ‘сітавідны, трухлявы’ (Ян.), сі́цевы ‘тс’ (ТС). Сюды ж сітава́ ‘трухлявае дрэва’, сітаве́ць ‘трухлець, парахнець’ (Мат. Гом.). Укр. ситяви ‘гнілы, трухлявы’, сі́тави ‘тс’, рус. сито́вый (пра дрэва) ‘друзлы, трухлявы’. Відаць, звязана з сіта (гл.). Буга (Rinkt. 2, 546) у якасці адпаведніка прыводзіць літ. sytótas mẽdžias ‘сітавае дрэва’.

Сітаві́к, сі́тнік ‘грыб масляк бычыны, рашэтнік’ (віц., гом., Сярж.–Яшк.). Гл. сітаўкі.

Сітаві́на ‘пора’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Варл.), сітаві́нка ‘тс’ (Некр. і Байк.). Параўн. укр. ситови́на ‘трухлявасць дрэва’, рус. сито́вина ‘гніль у дрэве’. Да сітавы, сіта (гл.).

Сі́таўка ‘невялікая пералётная птушка атрада вераб’іных’ (ТСБМ), сі́таўка бе́лая ‘птушка Motacilla alba’ (Некр. і Байк.), сі́таўка ‘пліска’ (Янк. БП), сі́таўка, сы́таўка ‘тс’ (ЛА, 1), сы́таўка ‘тс’ (Сцяшк.), сыто́ўка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сі́тка ‘тс’ (Янк. 1; ЛА, 1; ПСл), ‘ластаўка-берагавулька’ (мазыр., Цыхун, вусн. паведамл.), сы́тка ‘пліска’ (Пятк. 2; Нар. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сі́точка ‘тс’ (ТС). Борысь (Etymologie, 131) параўноўвае з укр. си́тка, балг. си́пка ‘пліска; дзяцел, Picus minor’ і выказвае меркаванне пра паходжанне ад гукапераймання. Параўн. яшчэ ўкр. си́тівка, си́тка, си́точка ‘пліска белая’, для якіх ЕСУМ (5, 245) дапускае сувязь з си́то (гл. сіта), грунтуючыся на славац. mlynárik ‘тс’. Антропаў (Назв. птиц, 357) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *sitъka < *sitъ ‘чарот’ (гл. сіт, сітнік, адносна якіх гл. Фасмер, 3, 628; Скок, 3, 245) па месцы гнездавання або звычайным біятопе птушак.