Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сіні́ца1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2–3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Сіні́цы ‘буякі’ (лід., шчуч., воран., астрав., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; шчуч., гродз., пін., ЛА, 1). Да сіні, паводле колеру, параўн. іншую назву сі́нія гало́вы (ЛА, 1). Паводле Астрэйкі (АКД, 11), семантычны рэгіяналізм, параўн. літ. дыял. mèlỹnė ‘тс’ < mė́lynas ‘сіні’, лат. zilenes ‘буякі’ < zils ‘сіні’.

Сі́нчык ‘сініца’ (Ян.), сі́ньчык ‘тс’ (ПСл), сінючо́к (навагр., Сл. ПЗБ). Гл. сініца1, сіньдзік.

Сінь ‘малады (малы) шчупак’ (ТС, Сл. Брэс.), сі́ніца ‘тс’ (Сл. Брэс.), сіню́к (Жд. 1, Дразд.), сінчу́к ‘тс’ (Мат. Гом.), сіня́ўка ‘тс’ (ТС, Янк. 2, Сцяшк. Сл.), сі́ні, сі́ненькі ‘тс’ (ТС). Да сіні (гл.), назва паводле цёмнага колеру. Параўн.: “для рыб характэрна… змена лускі на працягу жыцця — ад светлых таноў да больш цёмных” (Усачова, Слав. ихт. терм., 163).

Сі́ньдзік ‘сінічка’ (Янк. 1), сіндзік ‘тс’ (Янк. БП). Гукапераймальнае, ад крыку сінічкі зінь‑зінь або цінь‑цінь, параўн. ці́нькаць, ці́ньканне сіні́ц (ТСБМ). Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113) лічыць, што слав. *sinica — гэта ўвогуле назва птушкі па яе крыку, якая потым падверглася народна-этымалагічнаму асэнсаванню і была збліжана з сіні. Гл. сініца.

Сі́ньцеж ‘сена, якое скошана па лёдзе, дрэннай якасці’ (Шат.). Відавочна, ад сіні ‘тс’, паводле цёмна-шэрага колеру, з суф. ‑еж; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 36. Няяснае ‑ц‑; параўн. сіньцюга́ ‘верхняя вопратка з фарбаванага сукна’ (Нас.) < сіні з суф. ‑юг(а); дзе ‑ц‑, магчыма, пад уплывам іншых слоў, параўн. сіня́ціна ‘палатно сіняга колеру’ (Мат. Гом.), ‘тс’ і ‘верхняя вопратка з такога сукна’ (Нас., Касп.).

Сінь-по́рах ‘самая малая частка, парушынка’ (Нас.): ні сінь пораху (Сержп. Прык.), сюды ж, відаць, і сінь‑па́хъ — без значэння ў беларускім слоўніку Шымкевіча (Шымк. Собр.). Першая частка спалучэння можа ідэнтыфікавацца з слав. *sinь ‘чорны’ (гл. сіні), што захавалася ў фразеалагізме *sine za nogъtemь, пра якія гл. Толстой, Слав. языкозн. VII, 273–293. Другая частка захоўвае архаічнае значэнне ‘пылінка, парушынка’, гл. порах1.

Сіню́га ‘тоўстая кішка каля страўніка, кіндзюк’ (Бяльк.). Магчыма, запазычанае з рус. синю́га ‘тс’, дзе з’яўляецца тэрмінам мясаперапрацоўчай прамысловасці; зафіксавана ўжо ў 1852 г. (ССРЛЯ, 13, 843). Відавочна, ад сіні, паводле колеру.

Сіню́к ‘сініца’ (Янк. Мат., Сцяшк. Сл.), сіню́к сіні ‘Parus caeruleus, сініца’ (Ласт.). Да сіні (гл.). Параўн. назвы птушак ад таго ж кораня: укр. синя́к ‘дзікі шызы голуб’, польск. siniak ‘від дразда’ і інш., гл. сіняк3. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 355.

Сіню́ха ‘лучына з абалоны хвоі’ (Шат., Байк. і Некр.), ‘драўніна, якая ўтрымлівае мала смалы’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ‘тонкія і вузкія дошчачкі (лучына) для тынкоўкі сцен’ (Нар. сл.), сіню́чына ‘тс’ (Бір. дыс.), сіня́к ‘горшы гатунак драўніны, не прыгодны для вырабу мэблі’ (Нар. сл.), сіню́шка ‘лучына пад тынкоўку’ (З нар. сл.), сі́ні ‘аб пацямнелых дошках’ (Ян.), сіні́ца ‘лучына з пасінелай драўніны’ (Мат. Маг.). Да сіні, таму што не насычаная смалой абалонка дрэва хутка набывае шэра-попельны колер.