Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сіліпа́ць ‘прагна есці’ (Мат. Маг.), рус. смал. силипа́ть ‘піць з прысвістам, сёрбаннем’, ‘высоўваць язык’, ‘сцябаць’. Дыялектны варыянт дзеяслова салупаць (гл.), параўн. сылыпа́ць ‘балбатаць’: сылыпаць языком (Бяльк.). Анікін (Опыт, 278), дапускаючы старое запазычанне з балт. *salp‑, звязанага з літ. sulpti ‘лізаць, ссаць’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), усё ж схіляецца да анаматапеічнага паходжання зыходнай формы (Фасмер, 3, 714), гл. таксама Анікін, 495. Аналагічна гл. селяпаць. Сувязь з сіляць ‘чэрпаць’ (гл.), хутчэй за ўсё, мае другасны характар.

Сілітава́ць ‘спяшацца’ (Касп.). Ад *сіліць (гл.) < сіла з суф. дзеяслова незак. трыв. ‑ав‑. Менш верагодна ад сёлета (гл.) з дыялектнай фанетыкай, г. зн. ‘зрабіць яшчэ ў гэтым годзе’.

Сі́ліць ‘прымушаць’ (Нас., Кас.), ‘адольваць, натужвацца’ (Сцяшк. Сл.), сі́ліцца ‘тужыцца, напружвацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сі́лець ‘дужаць’ (Ян.), ст.-бел. силити ‘прымушаць’: питье жь закону не силѧть (Альтбаўэр). Вытворнае ад сі́ла (гл.), параўн. сілава́ць ‘сілком прымушаць рабіць’ (Ласт., Ян., ТС).

Сілі́ць1 ‘падмацоўваць сілы ежай’, сілі́цца ‘падмацоўвацца ежай’ (Нас., Шымк. Собр.). Да сі́ла (гл.).

Сілі́ць2 ‘душыць’, сі́ліцца ‘душыцца’, ‘вешацца’ (ТС). Да сіло́ ‘пятля’ (гл.), параўн. укр. сили́ти ‘завязваць вузлом’; развіццё семантыкі таксама пад уплывам сіла (гл.).

Сілкава́ць ‘карміць, падмацоўваць ежай’ (ТСБМ, Касп.), сілкава́цца ‘падмацоўвацца’ (Шат., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк.); ‘пабірацца, харчавацца’: сілкавацца ласкавым хлебам (Сержп. Прымхі). Укр. силкува́ти ‘падмацоўваць’, силкува́тися ‘сіліцца, старацца, узмацняцца’ Ад *сілка, памянш. да сіла (гл.); параўн. укр. си́лка ‘тс’, силко́вий ‘дужы, моцны’.

Сілко́м ‘сілай; супраць волі, гвалтам’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Шат., Гарэц., Мал., Бяльк., Янк. 3.). Параўн. укр. силко́м ‘тс’, рус. силко́м ‘тс’. Паводле КЭСРЯ (409), рускае слова ад сило́к (гл. сіло), г. зн. Тв. скл. гэтага назоўніка, якое потым наблізілася да сіла (гл.). Аналагічна ўкраінскае і беларускае ўтварэнні. Параўн. сіло́м ‘сілаю’ (ТС), серб.-харв. силом ‘тс’, балг. си́лом ‘тс’, якія разглядаюцца як непасрэдныя ўтварэнні ад сіла (*sila), гл. БЕР, 6, 649.

Сіло́ ‘прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Варл.; глыб., Сл. ПЗБ), ‘прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (карм., ДАБМ, камент., 829), ‘вуда’ (Байк. і Некр.), ‘пастка’ (Касп.), сіллё ‘з паляўнічай тэрміналогіі’ (Сержп., Грам., 57), ‘сіло’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл.; Нар. лекс.), сіло́к ‘сіло’ (ТСБМ), сільё ‘тс’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.), сіліё ‘сіло’ (Сл. ПЗБ), сіло́, шыло́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сило: силомъ се ѡобесил (Карскі 2-3, 445). Укр. сило́, сильце́, рус. сило́, сило́к, си́лья, ст.-рус. сило, сильць, польск. sidło ‘тс’, чэш. osidlo, славац. osídlo ‘пастка’, ст.-слав. сило ‘пятля’. Прасл. *sidlo, дэрыват з інструментальным суфіксам ‑dlo ад кораня *sei‑ ‘звязваць’, параўн. сіліць, сіляць (гл.). Роднаснае да сетка і сіт, гл. (Фасмер, 3, 621; Махэк₂, 418; Праабражэнскі, 2, 286). Паралелі ў літ. ãtsailė ‘злучальная планка паміж дышлам і воссю’, atseilis ‘жалеза, якое ідзе ад шворана да восі’, лат. saiklis ‘завязка, саламянае перавясла’, ст.-в.-ням. seid ‘вяроўка’, ст.-інд. sinātі ‘звязвае’ і г. д. (Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; Майргофер, 3, 549). Паводле Борыся (544), слова ўтворана ад незахаванага славянскага дзеяслова *siti (< *su‑) з тым жа суфіксам.

Сілуме́ць ‘сваволіць’ (Сцяшк. Сл.). Гл. сіламоц.

Сі́лькаць ‘шморгаць’, сілька́ць ‘біць’, ‘хутка есці’ (Ян.), экспр. ‘есці’ (Мат. Гом.), сількану́ць ‘сербануць’ (жлоб., Жыв. сл.). Сюды ж варыянт з азванчэннем сільгану́ць ‘сцебануць’ (рагач., Сл. ПЗБ), сільга́ць ‘сцябаць’ (стаўб., Сл. нар. фраз.). Відаць, ад гукапераймання *сіль!, што перадае ўдар гібкім дубцом ці сёрбанне са свістам. Сувязь з сіляць (гл.), хутчэй за ўсё, другасная.

Сі́льны ‘дужы, моцны’ (Др.-Падб.), ‘моцны’, ‘пранізлівы’, ‘урадлівы’ (чэрв., лід., карэліц., Сл. ПЗБ), сі́лный ‘дужы, моцны’ (Бяльк.), ‘ураджайны’ (ТС), сэ́лны ‘тс’ (брэсц., Нар. лекс.), сі́льна, сі́лка, сі́нна ‘надта, вельмі’ (Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; калінк., З нар. сл.), параўн. укр. си́льний, рус. си́льный, польск. silny, серб.-харв. си̑лан і г. д. Да сіла (гл.), у тым ліку ‘мноства, вялікая колькасць’.

Сіля́ўка ‘верхаводка’ (ТСБМ). Гл. сялява.