Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сімаце́ць ‘мітусіцца’: нешта сімаціць у кустах (чэрв., Гіл.). Гукапераймальнае, да шамаце́ць (гл.)?

Сі́мвал ‘умоўнае абазначэнне, знак’ (ТСБМ), сы́мвал ‘тс’ (Ласт.), сымбо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк., Стан.), ст.-бел. симболъ, симболъ ‘тс’. Крыніца запазычання грэч. σύμβολον ‘знак’, адкуль трапіла рознымі шляхамі: праз ц.-слав. символъ, параўн. серб.-ц.-слав. симъволъ ‘тс’, ст.-рус. символ (гл. Фасмер, 3, 623) або праз лац. symbolum, ст.-польск. symbol ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192).

Сінаго́га ‘яўрэйскі малельны дом’ (ТСБМ), сынаго́га ‘тс’ (Ласт.), ‘важная асоба’ (Байк. і Некр.). Ст.-бел. синагога (синакгогия, сынакгокга, пал. XVIII ст.) з ст.-польск. synagoga, якое з XV ст. праз лац. synagóga ад грэч. συναγωγή (Булыка, Лекс. запазыч., 181).

Сіна́лька ‘ліманад’ (мядз., Жд. 2). Няясна.

Сіндзі-брындзі ‘нешта маленькае, неістотнае, або мудрагелістае’: “…дзеці ўсё елі на хаду… палабізуюць якія сіндзі-брындзі да і на двор” (полац., Нар. лекс.). Імітатыўная рыфмоўка. Параўн. польск. sinda‑pinda ‘мятла (у загадцы)’, sinduk‑pinduk ‘смецце (у загадцы)’ (Варш. сл.), чаш. zinknouti ‘ударыць’, дыял. (d)zingat, таксама гукапераймальнае, якое рыфмуецца з břinknoti (Махэк₂, 716). Не выключана, што другая частка выразу мае сувязь з брындаць ‘хадзіць, шлёпаць’ (гл ), а першая з сэндзіць ‘плявузгаць’ (гл.). Параўн. шэнды‑брэнды (гл.).

Сіневаро́ць ‘пралеснік шматгадовы, Mercurialis perennis L.’ (гродз., маг., Кіс., Байк. і Некр.). Да сіні і ‑варочаць; магчыма таму, што расліна пры сушцы набывае сіні або фіялетавы колер; гл. Нейштадт, Определитель, 371 і наст. Параўн. балг. син отврат ‘расліна, якая ў вадзе набывае сіні колер’ з той жа ўнутранай формай. Рус. синеворо́т, во́рот сини ‘казялец едкі’, якая, паводле Аненкава (290), часта ўжываецца ў чараўніцтве і таму, відаць, ад приворот ‘нагавор; прыварот, прычароўванне’.

Сіне́ль ‘шнурок з аксаміцістым ворсам’ (ТСБМ), сена́лька ‘стужка, каснік’ (Сцяшк. Сл.). Праз рус. сине́ль ‘аксамітны махровы шнур’ з франц. chenille ‘тс’, што да народналац. canicula ‘вусень, сабачка’ ад canis ‘сабака’ (Фасмер, 3, 624; ЕСУМ, 5, 235).

Сіне́льнік ‘хто фарбуе або робіць набойкі’ (Нас., Гарэц., Касп., Бяльк.), сіне́льня ‘месца, дзе фарбуюць тканіны, фарбоўня’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.). Да сіні (гл.), відаць, як найбольш распаўсюджаны колер пры фарбоўцы.

Сіне́ц ‘рыба сямейства карпавых’ (ТСБМ, Жыв. св.), ‘адзін з відаў ляшча’ (Жыв. св., Дэмб. 2, ТС). Назва ад “прыкметна сіняватага колеру” (Дэмб., 2, 551). Аналагічна рус. сине́ц, укр. сине́ць, польск. siniec, серб.-харв. sinjac ‘тс’, дыял. синъ́ц ‘плотка’. Каламіец (Рыбы, 27) рэканструюе прасл. *sinьcь ад *sinь, гл. сіні.

Сі́ні ‘колер, сярэдні паміж блакітным і фіялетавым’, (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цёмны’ (Ян.): сіня хмара (ТС), ‘бесталковы’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж сіні камень ‘купарвас’ (Байк. і Некр., Бяльк.), сіні лён ‘нямочаны лён’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. си́ний, рус. си́ний, ст.-рус. синь, рус.-ц.-слав. синь ‘сіні колер’, польск. siny, чэш., славац. siný, харв. sȋnj, серб. си̑њӣ ‘шэраваты, сіні’, славен. sínji ‘шэры, шэраваты, сіняваты’, балг., макед. син. Махэк₂ (543) прасл. форму ўзнаўляе як *sinь, але заўважае, што заканчэнне n‑jь не мае аналогіі ў назвах колераў. Прасл. *sinь, *sinьjь. Роднаснае сіяць і сівы, гл. (Фасмер, 3, 624; Скок, 3, 239–249; Брукнер, 492; Сной₁, 568); а таксама літ. šývas ‘светлай масці’, šėmas, šė̃mas ‘попельнага колеру, шэраваты’, ст.-інд. śyāmáh ‘чорны, цёмнага колеру’ і інш., гл. Траўтман, 306; Персаў 32; Майргофер, 3, 383; Ерне, Die slav. Farbenbenennungen, Uppsala, 1954, 81 і наст.; БЕР, 6, 655–663. Мяркуецца, што слова роднаснае таксама ст.-іран. axsaena, асец. œxsīn, афг. sīn ‘цёмна-шэры’, што было прадстаўлена ў першай частцы скіф. Axšaina‑ у назве Чорнага мора (раней Сіняе мора, грэч. Πόντος Ἅξεινος), што можа быць і крыніцай для *sinь (гл. Абаеў, 1, 220; Глухак, 548; Мартынаў, Язык, 52; Лома, Пракосово, 40). Да і.-е. кі‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. *‑ńь (Борысь, 548). Параўн. сівы. Інакш Сной₁ (568), які звязвае з прасл. *sьjati ‘ззяць’ < і.-е. кораня *skei̯‑ ‘свяціцца, блішчэць’, адкуль першаснае значэнне славянскага слова ‘колер ззяючага неба’. Талстыя (Полес. сб., 9) звярнулі ўвагу на палеска-сербска-харвацкую ізасему си́не редно́ ‘суровае палатно’ — си̑њ ‘жаўтаваты, попельна-шэры’ (акрамя значэнняў ‘сіні’ і ‘чорны’), што дае падставы для рэканструкцыі зыходнага значэння як ‘цёмна-шэры, шэры’ (Іванова, Зб. Бархудараву, 288).