Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рудля́ ’узаранае поле’ (Сл. Брэс.). Спаланізаванае ралля (гл.).

Рудні́к ’сістэма збудаванняў для здабывання карысных выкапняў’ (ТСБМ). Укр., рус. рудни́к, славен. rudnik, серб.-харв. ру̂дни́к, балг. ру́дник. Утварэнне з суфіксам ‑нік ад руда (гл.), характэрнае пераважна для ўсходне- і паўднёваславянскіх моў. У заходнеславянскіх мовах назвы з тым жа коранем, але іншымі суфіксамі: польск. rudnia, в.-луж. rudnica, чэш. rudný důl (Чарных, 2, 126).

Ру́дня ’прамысловае прадпрыемства, дзе здабывалі або плавілі руду’ (ТСБМ, Нас.), ’месца выплаўкі жалеза’ (ТС), рудня́, ру́дніца ’тс’ (Ласт.), руднікі́ ’жыхары вёскі Рудня’ (ТС). Ад руда (гл.) як судня ’месца, дзе быў суд’, пчольня, кветня ’кветнік’.

Руды́ ’ружова-карычневы’ (ТСБМ), ’карычневы’ (докш., Янк. Мат.), рудава́ты ’трохі руды, не зусім руды’ (ТСБМ), рудова́ты ’карычневы, рыжаваты’ (ТС), руды́ ’рыжы’ (мазырск., З нар. сл.), руды́й ’нябелены’ (Сл. Брэс.), ’колер нябеленага палатна, загарэлага цела, светла-русы колер валасоў, поўсці’ (Клім.). Укр. руди́й ’руды’, рус. дыял. ру́дый ’крывава-чырвоны’, польск. rudy ’рыжы’, в.-луж. rudy ’буры’, чэш. rudý ’чырвоны, рыжы’, славен. rûd ’чырвоны, карычневы’, серб.-харв. ру̂д ’рыжаваты’, балг., макед. руд ’буры’. Прасл. *rudъ(jь) ’рыжы; чырвоны’ роднаснае да літ. raudónas ’чырвоны’, raũdas ’чырвоны, буланы’, rùdas ’буры’, лат. raũds ’чырвоны, рыжаваты, карычневы’, гоцк. rauþs ’чырвоны, рыжы’, ст.-в.-ням. rōt (сучаснае ням. rot), ст.-інд. rṓhitas ’чырвоны, рыжаваты’, лац. rūfus ’чырвоны’, ruber ’тс’, грэч. ἐρυθρός ’чырвоны’, якія выводзяць з і.-е. *roudh‑o‑s ’чырвоны’ (Фасмер, 3, 513; Глухак, 532).

Руж1 ’румянец’: руж на шчоках (Гартны). Гл. ружовы.

Руж2 ’румяны’ (Ласт.). Праз польск. ruż ’тс’ з франц. rouge ’чырвоны’ (Брукнер, 470).

Ру́жа1 ’дэкаратыўная расліна Rosa L.’ (ТСБМ; Ласт.), ’шыпшына’ (Кіс.), ’лілія’ (Сл. ПЗБ, ТС). Укр. дыял. ру́жа, польск. ruża, чэш. růže, славац. ruža, серб.-харв. ру́жа, макед. роза, ружа. Запазычанне, параўн. ст.-польск. róża, ruża < ст.-чэш. ruože < лац. rose або с.-в.-ням. rôse (Фасмер, 3, 493). Гл. таксама рожа1.

Ру́жа2 ’суша’ (Касп.). Паводле Анікіна, роднаснымі да гэтага слова з’яўляюцца рус. ру́жа ’сухое галлё, галіна высахлага дрэва’, ружь ’знешнасць; вобраз; выгляд; аблічча’, ру́жа ’прасвет; вонкавы бок’, славен. rȗž ’шалупінне; стручок’, rúžiti ’чысціць; абіраць, здымаць шалупінне; лушчыць’. Прасл. *ruža < з (< *rugja) ’суша, сцягнутая тугая, моцная, цвёрдая зямля’ < і.-е. *reu‑g‑ ’рваць, драць, цягнуць’. З індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца літ. ráugti ’квасіць’, лат. raûgt ’заквашваць’, raûdzêt ’квасіць’, літ. ráugas ’закваска’, лат. raûgs ’тс’, прус. raugus ’кіндзюк’, літ. rū́gti ’кіснуць’, лат. rûgt ’брадзіць’ і інш. Прычым значэнне ’кіслы’ асэнсоўваецца, з аднаго боку, як ’які сцягвае, зводзіць рот (непрыемным смакам)’, параўн. лат. tik skābs, ka savęlk muti ’такі кіслы, што зводзіць рот’, savìlktiês ’збягацца, скісаць’, грэч. στύφω ’сцягваць; мець даўкі смак’. З іншага боку, ’кіслы’ асэнсоўваюць як ’які сцягнуўся; які загусцеў’, параўн. ст.-ісл. þēttr ’густы’, ісл. þētti ’кіслае малако’, сяр.-ісл. tēcht ’кіслы’ — усе яны з і.-е. *ten‑k‑ ’збягацца, скісаць’. Такім чынам, значэнне ’суша’ матывуецца тым, што суша часта называецца па прыкмеце ’цвёрды; моцны’ (у адрозненне ад балота), параўн. ням. Festland ’мацярык, кантынент, суша’ з festes Land ’цвёрдая зямля’. (Анікін, Этимология–1982, 70–78). Гл. таксама Макоўскі, Мир сл. и знач., 104 (дапускаецца сувязь з літ. reñgti ’рыхтаваць, уладкоўваць’).

Ружа́нец ’у некаторых хрысціян — шнурок з нанізанымі на ім пацеркамі для адлічэння прачытаных малітваў або паклонаў у часе малітвы’ (ТСБМ). З польск. różaniec ’ружанец’, якое, паводле Фасмера (3, 493), з’яўляецца калькай з с.-лац. rosārium ’тс’ < rosa ’ружа’. Паводле Брукнера (466), польск. różaniec утворана ад прыметніка różany (у спалучэнні różany wianek < ням. Rosenkranz ’вянок з ружаў; ружанец’). Польск. różaniec першапачаткова называлі ’малітоўнік дзевы Марыі са 150 малітвамі, які быў пераплецены пацеркамі для падліку малітваў’, а потым — і самі пацеркі.

Ружжо́ ’стрэльба’ (ТСБМ), ружʼё ’тс’ (Сл. ПЗБ), ружʼе́ ’тс’ (ТС), ружэ́йны ’які мае адносіны да ружжа’, ’які праводзіцца з ружжом’ (ТСБМ). З рус. ружьё, якое першапачаткова ўжывалася ў зборным значэнні ’зброя ўвогуле’, як і оружье́, ад якога паходзіць. Оружье́/оружие ’гармата; зброя’ < прасл. *orǫžьje (дзе ž < g) з тым жа коранем *rǫg‑, што і ў *rǫgati (гл. ругнуцца). Разглядаецца адначасова як вынік кантамінацыі з прасл. *orǫdьje ’гармата’ (Чарных, 2, 606) насуперак Фасмеру. Апошні, акрамя таго, лічыць, што оружье — царкоўнаславянізм пры спрадвечнай форме ружьё (Фасмер, 3, 154). Паводле Адзінцова (Этимология–1985, 123), адпадзенне пачатковага галоснага адбылося па-за межамі Расіі, што сумнеўна.

Ружо́вы ’светла-чырвоны’, ’з румяным, здаровым выразам твару’, ’нічым не азмрочаны, радасны, светлы’ (ТСБМ), ружо́ві ’ружовы’ (ТС). Ад ружа (гл.), параўн. бэзавы < бэз, ліловы < лілея.

Руі́на1 ’рэшткі разбуранага збудавання, паселішча’; перан. ’слабы, хворы ад старасці чалавек’ (ТСБМ), ’вайна’ (Шымк. Собр.), ’сумяціца’ (Ласт.). Укр. руїна, руїни ’разваліны’, рус. руи́на, руи́ны ’тс’, польск. ruina ’разарэнне, заняпад’, ruiny ’разваліны’, чэш. ruina, ruiny ’тс’. Ст.-бел. руина ’руіна’ са ст.-польск. ruina < лац. ruina (Булыка, Запазыч., 288). Магчыма, паўторнае запазычанне з заходнееўрапейскіх моў: ням. Ruine, франц. ruine ’падзенне; распад; заняпад; разваліны’ < лац. ruīna ’падзенне; абвал; бедства’ < ruō ’абвальваюся; разбураюся’ (Чарных, 2, 126–127).

Руі́на2 ’зграя ваўкоў у час цечкі, руя, гайня’ (шчуч., З нар. сл.; ТС). Гл. руйка, руя.