Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Руі́ць, руе́ць ’голасна плакаць наўзрыд’ (Ласт.), руі́ць ’кішэць, гудзець’, руі́цца ’табуніцца, збірацца ў зграі ў перыяд цечкі (пра ваўкоў, ласёў)’ (ТС, Сл. ПЗБ). Дзеясловы гукапераймальнага паходжання. Гл. руйка, руя.

Ру́йка ’гон, цечка’ (ТС). Гл. руя.

Руйнава́ць ’ператвараць у руіны, разбураць’ (ТСБМ). Да руіна (гл.).

Рука́ ’верхняя канечнасць чалавека або малпы’ (ТСБМ). Укр., рус. рука́, польск. ręka, палаб. rǫkǎ, чэш., славац. ruka, славен. roka, серб.-харв. ру́ка, макед. рака, балг. ръка́. Прасл. *rǫka і і.-е. адпаведнікі: літ. rankà ’рука’, лат. rùoka, ст.-прус. rancko ’рука’, а таксама літ. riñkti ’збіраць; набіраць; выбіраць’, paranka ’збор, збіранне’ (параўн. грэч. паралель ἀγοστός ’далонь, кісць рукі, рука’ і ἀγείρω ’збіраць’) сведчаць пра тое, што на і.-е. узроўні *uronkā (*wronkā́) мела першапачатковае значэнне ’тое, чым збіраюць, зграбаюць, хапаюць’ < і.-е. *u̯er‑ ’браць, хапаць’ (Фасмер, 3, 515; Чарных, 2, 127; Глухак, 534; ESJSt, 13, 781; Рэйзак, 549). Выказаныя раней меркаванні пра магчымае запазычанне з балтыйскіх моў у праславянскую (Развадоўскі, RS, 5, 35; Бернштэйн, Фонетика, 91–92) з-за адсутнасці ў апошняй зыходнага дзеяслова не прымаюцца большасцю даследчыкаў, гл. Анікін, Опыт, 18 (з літ-рай); Жураўлёў, Язык и миф, 580.

Рукава́ць ’мяшок у выглядзе клінка дня прыгатавання сыру’ (Сл. Брэс.). Гл. рукаяць, рукаятка.

Рукаві́цы ’адзенне на кісці рук’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), рукаві́ца, рукові́цы ’тс’ (ТС). Рус., укр. рукави́ца, польск. rękavica, н.-луж. і в.-луж. rukajca, чэш. rukavice, славац. rukavica, славен. rokavica, серб.-харв. рука̀вица, балг. ръкави́ца. Прасл. *rǫkavica ’рукавіца’ < *rǫkavъ ’рукаў’ (гл. рукаў).

Рукадзе́лле ’шыццё, вязанне і падобныя віды ручной працы’, ’рэч, выкананая шыццём, вязаннем і пад.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. рукодѣлье ’справа рук’ (Альтбаўэр), сюды ж рукадзе́льнічаць ’займацца рукадзеллем’, рукадзе́льніца ’жанчына, якая займаецца рукадзеллем, майстар гэтай справы’ (ТСБМ). Складаны назоўнік ад рука (гл.) і *дзелаць ’рабіць’ < прасл. *dělati ’рабіць; працаваць; дзейнічаць; абчосваць’.

Рукапа́шны ’які ажыццяўляецца без зброі або халоднай зброяй (пра бой, сутычку)’, рукапа́шная ’бой, сутычка без прымянення зброі або з халоднай зброяй’ (ТСБМ), рукапа́шны ’ручной работы, самаробны’, руко́паш ’уручную’ (ТС). Ц.-слав. і стараж.-рус. рукопашь. Ад *rǫka (гл. рука) і *paxati (гл. пахаць) (Фасмер, 3, 220, 515).

Ру́капіс ’тэкст, напісаны ад рукі або на друкавальнай машынцы’, ’рукапісны помнік старажытнай пісьменнасці’ (ТСБМ). Складаны назоўнік ад рука (гл.) і пісаць (гл.).

Рука́ты ’рукасты’ (ТСБМ), ’здольны, майстэрскі’ (ТС), ’умелы’ (Сл. ПЗБ). Ад рука (гл.).