Рука́ўка ’рукавіца’ (Касп.), руко́ўка ’тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. гіст. rękawka ’магіла — капец з пяску, што прыносяць у рукавах’ (Віл. сл.). Гл. рука.
Рука́цца ’вітацца, паціскаючы адзін аднаму руку’ (ТСБМ), руча́цца ’вітацца за руку’ (Касп.). Ад рука (гл.).
Рукая́тка ’частка прылады, за якую трымаюцца пры карыстанні’, ’частка машыны, прыбора, за якую бяруцца рукою для перамяшчэння, павароту і пад.’, рукая́ць ’рукаятка’ (ТСБМ); рукавя́тка ’тс’ (Касп.), рукавя́тка, рукава́тка ’кассё’, рукавя́тка, рукава́дка, рукая́тка ’ручайка’ (Сл. ПЗБ), рукая́тка ’ручка ў матавіле’, ’жменя лёну’ (міёр., Ск. нар. мовы), рукъвя́тка ’ручайка’ (круп., Нар. сл.). Укр. рукоя́тка, рукі́вʼя, рус. рукоя́ть, дыял. рукоя́тка, польск. rękojeść, чэш. rukojeť (і rukověť ’кіраўніцтва’), славац. rukoväť ’рукаятка’ і ’кіраўніцтва’, славен. rokovet ’пучок, жменя’, серб.-харв. ру̏кове̄т ’тс’, балг. ръкова́дка ’тс’, макед. раковатка ’тс’, ст.-слав. рѫкоѣть, рѫковѣть ’жменя, ахапак’. Прасл. *rǫkojětь, *rǫkovětь ’тое, што ахопіць рука’ — складаныя словы з *rǫkou̯ (дэрыват ад *rǫka, гл. рука) і *jęti ’браць’ (параўн. стараж.-рус. яти ’браць’, гл. яць, няць). Падрабязней гл. ESJSt, 13, 781 (з літ-рай); Фасмер, 3, 515.
Рукза́к ’заплечны рэчавы мяшок’ (ТСБМ). З ням. Rucksack (з альпійскіх дыялектаў), якое ад ням. Rücken ’спіна’ і Sack ’мяшок’ (Рэйзак, 550).
Руко́паш ’уручную’, руко́пашны ’ручной работы, самаробны’ (ТС). Гл. рукапашны.
Рукць, ру́каць драсён, Polygonum L.’ (Сл. ПЗБ), рука́ць ’трава цвінтарэй’ (Сцяшк. Сл.). З літ. rū́gtis ’тс’ (Сл. ПЗБ).
Руле́т ’кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы’, ’ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой-небудзь начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы’, ’пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай’ (ТСБМ). Рус., укр. руле́т, балг. руле́т, ру́ло, рулад. З заходнееўрапейскіх моў, крыніца распаўсюджання — франц. roulette ’колца; ролік; рулетка’ < rouler ’каціць; катаць; скочваць’. Чаму ў пералічаных славянскіх мовах значэнне ’рулет’ атрымала франц. roulette ’кольца’, а не roulade ’рулет’ (> ням. Roulade ’рулет’) — невядома, магчыма, таму, што скрылёк рулета нагадвае кола (Чарных, 2, 127).
Руле́тка ’вузкая стужка (пераважна стальная) з дзяленнямі, якая накручваецца на валік’, ’прыстасаванне для азартнай гульні’ (ТСБМ). З франц. roulette ’колца’ < roul ’кола’ праз рус. руле́тка, у Расію слова трапіла ў XIX ст. (Фасмер, 3, 518).
Руле́я ’ліра (музычны інструмент)’ (ТС). Магчыма, з ліра (гл.) у выніку метатэзы плаўных пад уплывам літ. rylà ’шарманка’.
Рулі́ 1 ’страва, прыгатаваная з накрышанага хлеба ў малако ці падсоленую (з алеем) або падсалоджаную ваду’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. ПЗБ; парыц., Янк. Мат.; докш., Янук.); ру́лі ’малако з пакрышаным хлебам, булкай (дзяціная ежа)’ (мядз., Нар. словатв.; петрык., Яшк. Мясц.). Паводле Краўчука (пісьм. павед.), праз польск. lura ’дрэнны напой’ шляхам метатэзы плаўных з с.-в.-ням. lura, ням. Lauer, што з лац. lōra ’віно, разрэджанае вадой’ (Брукнер, 304; Махэк₂, 342). Гл. таксама Анікін, Опыт, 269 (адводзіцца параўнанне з смал. жу́ли ’талакно, разбоўтанае ў вадзе’).
Рулі́ 2 адз. л. руль ’бульба, якая зімуе на полі’, ’цвёрдыя кавалкі бульбы ў кашы’ (Сл. ПЗБ), ’бліны, аладкі, спечаныя з рулёў’ (докш., Янк. Мат.). Няясна, магчыма, да папярэдняга слова. Параўн. таксама рульба (гл.).