Ружа́нец ’у некаторых хрысціян — шнурок з нанізанымі на ім пацеркамі для адлічэння прачытаных малітваў або паклонаў у часе малітвы’ (ТСБМ). З польск. różaniec ’ружанец’, якое, паводле Фасмера (3, 493), з’яўляецца калькай з с.-лац. rosārium ’тс’ < rosa ’ружа’. Паводле Брукнера (466), польск. różaniec утворана ад прыметніка różany (у спалучэнні różany wianek < ням. Rosenkranz ’вянок з ружаў; ружанец’). Польск. różaniec першапачаткова называлі ’малітоўнік дзевы Марыі са 150 малітвамі, які быў пераплецены пацеркамі для падліку малітваў’, а потым — і самі пацеркі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)