Ружжо́ ’стрэльба’ (ТСБМ), ружʼё ’тс’ (Сл. ПЗБ), ружʼе́ ’тс’ (ТС), ружэ́йны ’які мае адносіны да ружжа’, ’які праводзіцца з ружжом’ (ТСБМ). З рус. ружьё, якое першапачаткова ўжывалася ў зборным значэнні ’зброя ўвогуле’, як і оружье́, ад якога паходзіць. Оружье́/оружие ’гармата; зброя’ < прасл. *orǫžьje (дзе ž < g) з тым жа коранем *rǫg‑, што і ў *rǫgati (гл. ругнуцца). Разглядаецца адначасова як вынік кантамінацыі з прасл. *orǫdьje ’гармата’ (Чарных, 2, 606) насуперак Фасмеру. Апошні, акрамя таго, лічыць, што оружье — царкоўнаславянізм пры спрадвечнай форме ружьё (Фасмер, 3, 154). Паводле Адзінцова (Этимология–1985, 123), адпадзенне пачатковага галоснага адбылося па-за межамі Расіі, што сумнеўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)