Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Разбубоніць ’разбухнуць’ (Касп.), рус. дыял. разбубо́нить, разбубе́ниться ’павялічыцца ў памерах’, ’растаўсцець (пра чалавека)’. Прыставачнае ўтварэнне ад гукапераймальнай асновы буб- (гл.) (< *bǫb‑ або *bub‑), параўн. балг. набъбна ’набухнуць’ і пад. (падрабязней пра яе гл. Саднік-Айцэтмюлер, 3, 163–166).

Разбудава́ць ’раскідаць даўно пабудаванае’ (Сцяшк. Сл.). Утворана ад будава́ць (гл.) з дапамогай прыстаўкі раз- (гл.) у яе зыходным значэнні ’разлучыць, раз’яднаць’, параўн. разарыць (гл.). Сучаснае разбудава́ць ’пашырыць будоўлю’ (ТСБМ).

Разбудры́ць ’разбэсціць’ (Сцяшк. Сл.), разбу́рыць, разбудра́ць ’разбэсціць, раздурыць’ (Мат. Гом., Янк. 1), разбыдрэ́ць ’раздурэць’ (мін., Гіл.); а таксама развідрэ́ць, развядрэ́ць ’разбэсціць, разбэсціцца’ (паст., Сл. ПЗБ). Магчыма, роднаснае бударажыць, будуражыць (гл.), укр. будара́жити, рус. будоражить ’узрушваць’, ’узбуджаць’, якія, аднак, не маюць пераканаўчай этымалогіі, параўн. Саднік-Айцэтмюлер, 6, 461–462. Відаць, ідэнтычнае развыдрэць ’зрабіцца смелым, храбрым, бойкім, дзёрзкім’ (Нас.), што да вы́дрэць ’тс’ ад выдра (гл.) у пераносным значэнні ’хто глядзіць, вылупіўшы вочы; дзёрзкі’ (Нас.).

Разбузо́ліць, разбурзо́ліць ’размясіць’ (паст., брасл., Сл. ПЗБ). Ад раз- і бузава́ць (гл.) з экспрэсіўным фармантам ‑олі‑ (адносна яго гл. Борысь, Leksyka słów., 24–26).

Разбука́ць ’разбухаць, насычаючыся вільгаццю’ (Нас.), разбукаце́ць ’растаўсцець’ (Мат. Гом.), рус. дыял. разбука́ть ’разбухаць ад вільгаці’, разбу́клый ’разбухшы ад вільгаці (пра дровы)’, укр. бука́т ’кусок, скібка’. Ад раз- і буха́ць, які, магчыма, узыходзіць да і.-е. *bu‑ ’надуваць, раздуваць, пухнуць’, ’набрыняць’ (> буяць, гл.), параўн. лац. bucca ’надутая шчака, кусок (у роце)’. Такое ж развіццё семантыкі назіраецца ў слове разбрыняць ’патаўсцець’, пры брына ’вільгаць, вада’ (гл.).

*Разбу́таны, розбу́таны ’растрапаны’ (ТС), параўн. балг. розбу́тан ’расхістаны’, славен. razbutati ’растаўчы, разбіць’, што да прасл. *butati ’піхаць, біць’ (ЭССЯ, 3, 102).

Разбухіта́ць ’раскідаць, прывесці ў беспарадак’ (Сцяшк. Сл.). Ад бухаць (гл.), што ад гукпераймальнага выклічніка *bux! (ЭССЯ, 3, 79–81) па той жа словаўтваральнай мадэлі, што і хлюпата́ць, скрыгата́ць.

Разбуце́ць ’растаўсцець’ (Нас.), разбуці́ць ’распухнуць’ (Бяльк.), разбуцяне́ць ’празмерна распаўнець, разбухнуць’ (Юрч. СНЛ), разбу́ціваць ’разбухаць’ (Юрч. СНЛ), параўн. рус. дыял. разботе́ть, разбуте́ть, разбыте́ть ’разбухнуць ад вільгаці’, ’наліцца сокам (пра расліны)’, ’растаўсцець’, серб.-харв. razbotjeti ’растаўсцець’. Розныя асновы (*bаt‑, *but‑, *bъt‑) прадстаўлены ў рус. дыял. буте́ть ’таўсцець, тлусцець’, ботви́ла ’таўстун, таўстуха’, боте́ть ’таўсцець’, славен. naboteti ’таўсцець, тлусцець’. Гукапераймальны рэгістр выступае ў разбуце́цца ’разгудзецца, расшумецца’ (ТС), параўн. славен. razbọ́tati ’раскрычацца’, гл. спецыяльна Саднік-Айцэтмюлер, 2, 70–73. Гл. таксама батва́. Параўн. разбутаны (гл.).

Разбу́цца, ’разуцца’, разбува́цца ’разувацца’ (Сцяшк. Сл.), разбува́ць ’разуваць’ (Федар.), разбу́ты ’босы’ (Сцяшк. Сл.). Да *raz‑uti. Каранёвае ‑б‑ з’явілася ў выніку перараскладання частак слова з *ob‑uti, гл. абу́ць.

Разбырэ́ць ’стаць разбэшчаным, свавольным, непаслухмяным’, ’абыякава адносіцца да справы’ (бялын., Янк. 3.). Няясна. Магчыма, з разбыдрэ́ць ’распесціцца’ (глыб., ЖНС), гл. разбудрыць, у сувязі з дээтымалагізацыяй зыходнага развыдрэ́ць ’зрабіцца смелым, дзёрзкім’ (Нас.). Для значэння ’абыякава адносіцца да справы’ не выключаны ўплыў абы́раць ’прывыкнуць да дрэнных абставін’ (гл.).