Вы́дра 1 ’жывёла, Lutra vulgaris’ (БРС, Нас., Бес.). Рус. вы́дра, укр. ви́дра, ст.-рус. выдра, польск. wydra, в.-луж. wudra, н.-луж. hudra, чэш., славац. vydra, серб.-харв. ви̏дра, славен. vídra, балг., макед. ви́дра. Роднасным з’яўляецца літ. ū́dra ’выдра’, ст.-прус. wudro, лат. ûdris, ст.-інд. udráḥ ’вадзяная жывёла’, авест. udrā‑ ’выдра’, грэч. ὕδρος, ὕδρα ’гідра, вадзяная змяя’, ст.-ісл. otr ’выдра’, ст.-в.-ням. ottar ’тс’. Назва ўтворана ад назвы вады; параўн. грэч. ὕδωρ ’вада’, рус. вада (Траўтман, 334; Вальдэ, 449; Фасмер, 1, 367; Шанскі, 1, В, 222).
Вы́дра 2 ’хітры, пранырлівы чалавек’ (Нас., Мат. Гом.). Пераноснае значэнне выдра 1, але не выключана магчымасць і ўтварэння ад выдраць, выдзіраць; параўн. вырва.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)