Разважа́ць ’абмяркоўваць, узважваць усе аргументы за і супраць’ (Нас.), ’рассейваць трывогу, суцяшаць’ (Нас., Сержп.). Паводле Насовіча (там жа, 546), ад вага́ (гл.).
Разва́жджываць ’адвязваць лейцы’ (Юрч. СНЛ). Утворана ад во́жджы ’лейцы’ (гл.) з дапамогай прыстаўкі раз-, якая надае слову значэнне ’дзеянне, супрацьлеглае папярэдняму’, як развяза́ць, рассупо́ніць.
Разва́лісты ’пышны’ (Нар. Гом.). Ад раз- і валіць (гл.). Утворана па той жа семантыка-словаўтваральнай мадэлі, што і разло́жысты (гл.).
Развалі́цца ’разбурыцца’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шырока рассесціся, заняць шмат месца’ (Сцяшк. Сл.), развалі́ць ’раскідаць, разбурыць’ (Сцяшк.). Ад раз- і валі́ць (гл.).
Разва́лы ’рама з трох жэрдак, якая кладзецца на сані для большай умяшчальнасці’ (ТСБМ), ’нізкія і шырокія сані з такой рамай’ (ТСБМ; глыб., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), разва́лкі ’сані з разваламі’ (ТСБМ; воран., Сл. ПЗБ), разва́ліны, разва́ліны ’развалы’ (нясвіж., лях., воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’сані’ (Др.-Падб.), разва́ліны ’выязныя сані’, ’драбіны ў выязных санях’ (ганц., шчуч., Сл. ПЗБ), ’воз для перавозкі збожжа’ (гарад., Сл. ПЗБ), ’від саней’ (Маш.), ’частка саней’ (лях., Янк. 1), рус. ро́звальни ’шырокія сані’, дыял. развала́, разва́лки ’нізкія і шырокія сані’, разва́лка ’падоўжныя брусы саней, градак’. Тлумачыцца як “развалістыя сані” ад раз- і валіць (гл.) (Фасмер, 3, 495).
Развару́ха ’трывожны час’ (Сцяшк. Сл.), ’неспакой’: пашла такая разваруха, што нікому жыця нема (Сержп. Казкі). Ад разварушы́ць па аналогіі з завару́ха, параўн. рус. прастамоўныя завару́ха ’складаная, заблытаная справа’, завари́ть ’пачаць што-небудзь рабіць, не прадбачачы наступствы’. Гл. варушы́ць.
Развары́ць ’размясіць гразь, зрабіць гразкай дарогу’ (Сцяшк. Сл.). Метафарычны перанос значэння на аснове знешняга падабенства разваранай стравы і гразкай дарогі.
Развахтава́цца ’разгайдацца, раскалыхацца для скачка’ (мядз., Нар. сл.). Ад вахта 2 (гл.).
Развашапру́дзіць, развашапру́джываць ’выклікаць задаванне, вычварэнне’, ’пачаць задавацца, вычварацца’ (Юрч. СНЛ), вашапру́дствавацъ, вашапру́дствавацца ’задавацца, вычварацца’. Ад вашапру́дзіцца (літаральна ад вошы і прудзіць, гл.) ’вычышчаць вашэй’, ’фанабэрыцца’, вашапру́д ’вашывец’, ’хвалько, фанабэрыста’ (Нас.).
Развашэ́ціцца ’зазнацца, зафанабэрыцца’ (Касп.). Ад пачцівага звароту вашэць (гл.).