Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Разатну́ць (разотну́ць) ’рассекчы адным узмахам’ (Нас.), расціна́ць ’рассякаць папалам’, разотну́тый ’рассечаны напалову адным узмахам’ (Нас.). Ад раз- і тну́ць ’ударыць’, ’укусіць’, гл. цяць.

Разаўрэ́ць (разовре́ць) ’разапрэць, моцна ўспацець’, разовре́лый ’моцна ўспацелы, разапрэлы’ (Нас.). Да урэць (гл.), врець [врѣць] ’аблівацца потам’, ’вянуць’ (Нас.), врэць ’кіпець’ (КЭС), рус. дыял. вреть ’моцна пацець’, укр. врі́ти ’кіпець’, польск. wrzeć, чэш. vřiti, славац. vrieť, славен. vréti, серб.-харв. вре̏ти, балг. вря, ст.-рус. вьрѣти ’кіпець’, ст.-слав. вьрѣти. Да прасл. *vrěti, звязанага з *vīrъ (> вір 1, гл.), *variti (> бел. вары́ць). Роднасныя да літ. vérdu, vìrti ’кіпець, бурліць’, versmẽ крыніца’, лат. vir̂t, vęr̂du, virags ’вір’ (Фасмер, 1, 362). Да і.-е. *u̯er‑/*u̯or‑, *u̯ṛ‑ ’гарэць’, ’паліць’ (ЕСУМ, 1, 433; Махэк₂, 702–703; БЕР 1, 193; Скок, 3, 622–624).

Раза́чка ’боль у жываце’ (Сцяшк., Янк. 2, Янк. 3.), ’ліха, халера’ (Нар. словатв.), раза́нка ’дызентэрыя’ (Інстр. 2). Аддзеяслоўныя ўварэнні, як гара́чка ад гарэ́ць, гуля́нка ад гуля́ць, ад рэ́заць (гл.).

*Разбагну́ць, розбагну́ць ’усвядоміць, зразумець’ (ТС), параўн. укр. розбага́ть ’пажадаць, марыць’, чэш. rozbahnouti ’пажадаць, захацецца’. Гл. бажаць.

Разбазу́ліць, разбязу́ліць ’распесціць’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.; ваўк., рагач., Сл. ПЗБ), разбазу́ліцца ’раздурэцца’, ’панадзіцца, звыкнуцца’ (гродз., ваўк., Сл. ПЗБ; Нас.), разбазу́лены ’распусны, разбэшчаны’ (Сцяшк. Сл.); параўн. рус. смал. разбезу́литься ’разбалавацца, раздурэцца’, што да базу́лить ’балаваць каго-небудзь’, базу́льнік, базу́ла ’свавольнік’. Здавальняючая этымалогія зыходнага *базуліць адсутнічае, параўн. бязула ’гультай’, (< без + ул‑), гл. ЭСБМ, 1, 437. Няпэўна. Магчыма, роднасныя з рус. дыял. базли́ть ’крычаць’, базло́ ’крыкун’, ’злы чалавек, падманшчык’, ’горла’, этымалогія якіх няясная. Сюды ж і разбазы́ляць ’разпесціць, раздурыць’ (Янк. Мат.). Магчыма, гэта запазычанне з літ. bỹzulioti ’зыкаць’.

Разбазы́раць ’разбэсціцца, зазнацца’ (Шат., Скарбы), ’рабіць, што хацець; не падпарадкоўвацца нікому’ (навагр., ЖНС), ’разбэсціцца, раздурэць’ (Янк. 3), разбазы́рыцца ’распусціцца, стаць самавольным’ (Варл.), разбазырэ́ць, разбузурэ́ць ’раздурыць’ (Нас.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’разбэсціць’ (Сцяшк. Сл.), ’разбэсціць, раздурэць’ (Янк. 3.), разбазы́рыць ’разбэсціць’, разбазы́рэць ’распусціцца: пра свавольнага і непаслухмянага’ (Чач.), розбазу́рыць ’разбэсціць, распусціць’, розбазу́рыцца ’разбэсціцца, распусціцца’ (ТС). Параўн. рус. дыял. разбузы́ритъ, разбузы́нить ’растраціць, прамантачыць (грошы, маёмасць)’. Гл. абазу́рыцца, базу́рны. Іншы пункт погляду на зыходныя формы гл. ЭССЯ, 1, 171, параўн. ЭССЯ, 31, 212 (< *obъzoriti), 225 (< *obzyriti). Магчымы ўплыў палаталізаваных формаў, параўн. бязу́рны ’свавольны’ (Касп.), бязу́ры ’тс’ (Нік., Оч.), якія могуць мець іншае паходжанне.

Разбарані́ць ’суняць бойку’ (Сцяшк.; Гарэц.), розбороні́ць ’тс’ (ТС), разбарані́цца ’разысціся пасля бойкі, спрэчкі’ (Гарэц.). Да раз- і бараніць (гл.).

Разбася́чыцца ’разбэсціцца, распусціцца’ (Паўл.). Утворана ад раз- і бася́к ’нягоднік, свавольнік’ (< босы).

Разба́чываць (разба́чыватсь) ’разглядваць’ (Шпіл.), разба́ченне ’разглядванне’ (Шпіл.). Ад раз- і ба́чыць (гл.)

Разба́яць ’забаўляць’ (Федар.), разба́іваць ’займацца пустымі размовамі’, ’разносіць звесткі аб чым-небудзь’ (Нас.), ’весці размову’ (Бяльк.), разба́іцца ’разгаварыцца’, ’доўга гаварыць’ (Нас.), рус. дыял. разба́ять, разба́ивать ’балбатаць, размаўляць пра пустое’, ’адгаворваць’, ’забаўляць’, ’расхвальваць’, разба́йка ’балбатня, пустаслоўе’. Ад раз- і ба́яць (гл.).