Абазу́рыцца ’страціць сорам’ (Касп.) < *обо‑зор‑ити‑ся. Параўн. рус. пск. абазуриться ’прыстасоўвацца, сваволіць’, абазурнік ’нахабнік, гультай’, абазурить ’страціць сорам’, абазориться (‑абазуриться), абазорник (‑абазурник; параўн. рус. озорник, зазорный, позор). Магчыма, таксама кантамінацыя абазориться з опозориться. Неверагодна Тапароў (Зб. Бернштэйну, 455), які сцвярджае іранскую крыніцу для гэтага слова. Маецца на ўвазе ўзнікшае на аснове ст.-іран. zūrah ’несправядлівасць’, ст.-перс. zūrah ’тс’ гіпатэтычнае *aba‑zū̆r з наступным марфалагічным перараскладам на славянскай моўнай глебе. Супраць іранскай крыніцы таксама лінгвагеаграфія слова. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 17.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)